ArabicBelarusianChinese (Simplified)DutchEnglishFrenchGermanItalianPortugueseRussianSpanish

[Малавядомая Магілёўшчына] У пасёлку Жылічы Кіраўскага раёна ёсць палацава-паркавы комплекс Булгакаў


Дата: 16.07.2021 470

Аб палацава-паркавым комплексе Булгакаў, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XIX стагоддзя, я ведала даўно, але атрымалася наведаць яго толькі на гэтым тыдні. У пасёлку Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці знаходзіцца гэтая сапраўдная гістарычная каштоўнасць. Уразіў памер комплекса, бо выгляд цэнтральнай часткі архітэктурнага ансамбля не дазваляе скласці сапраўднае ўяўленне аб яго маштабах.

Прайшоўшы праз арку вонкавай сцяны ва ўнутраную частку комплексу, міжволі спыняешся ад захаплення. Такой прыгажосці няма нават у знакамітым Нясвіжы. Рэстаўрацыйныя работы яшчэ не завершаны, шмат чаго трэба зрабіць, каб палац выглядаў як у часы Булгакаў, але тое, што зроблена зараз, паказвае, што гэта сапраўдная перліна нашай гістарычнай спадчыны.

Экскурсавод распавяла нам пра мінулае комплексу і яго ўладальнікаў. Дарэчы, гэтая мясцовасць раней належала знакамітым магнатам Вялікага княства Літоўскага, сярод іх Валовічы і Сапегі, а вось Булгакі, таксама шляхецкі род, набылі ў апошніх вялікі кавалак зямлі на беразе ракі Добасна (хутчэй за ўсё з разлікам зрабіць тут сваю рэзідэнцыю). Ігнат Булгак, які стаў уладальнікам гэтых маляўнічых мясцін на пачатку XIX стагоддзя, удзельнічаў у замежных паходах расійскай арміі падчас вайны з Напалеонам. Пабачыўшы шмат замкаў і палацаў у Еўропе, ён вырашыў зрабіць свой палац у стылі класіцызма з некаторымі рысамі французскай архітэктуры. Трэба адзначыць, што ён быў не толькі багатым, але і адукаваным і актыўным чалавекам, апекаваў навучальныя ўстановы, узначальваў бабруйскае дваранства, быў прыхільнікам тэхнічнага прагрэсу. Таму і разлічваў не толькі на знешнюю прыгажосць, але і на функцыянал рэзідэнцыі.

Яна была пабудавана па праекце Караля Падчашынскага на плошчы каля сотні гектараў і ўяўляла сабой добра спланаваны ансамбль з палаца з паркам, вялікіх пладовых садоў, агародаў, вадаёмаў, дзе вялася рыбная гаспадарка. Быў яшчэ вялікі гаспадарчы двор, вадзяны млын, вінакурня, крухмальны і цукровы заводы. Будаўніцтва ішло ў два этапы: з 1823 года быў узведзены галоўны П-падобны корпус, а пазней, у 1860-я гады, да яго прыбудавалі доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой, дадатковымі жылымі памяшканнямі і аранжарэяй. Прычым кожны з сотні пакояў быў дэкараваны індывідуальна. На другім паверсе паўднёвага крыла была парадная зала, падзеленая калонамі на 3 часткі і дэкараваная шырокім шматфігурным барэ­льефным фрызам.

Гэта ўжо было пасля смерці Ігната Булгака. Маёнтак перайшоў да яго малодшага сына Эдгара, які таксама шмат зрабіў для развіцця мясцовай гаспадаркі. Крыху далей, за рэзідэнцыяй, захаваліся рэшткі гаспадарчых пабудоў: воданапорнай вежы, якая забяспечвала патрэбы спіртзавода, а таксама цукровай вытворчасці; тут жа побач размяшчаліся канюшні і валоўні. А яшчэ былі створаны штучныя вадаёмы з астравамі і рознаўзроўневымі купальнямі, экзатычныя расліны выгадоўваліся ў аранжарэі.

Апошні ўладальнік маёнтку, пляменнік Эдгара – Эмануэль Булгак, памёр у Польшчы ў міжваенны час, яго нашчадкі зараз жывуць у Польшчы і Італіі. Цікава, што ансамбль не пацярпеў у сусветных войнах, не было пажараў і разбурэнняў. Пасля рэвалюцыі тут размяшчаўся дзіцячы дом, у 1930-я гады – заатэхнічны тэхнікум. Падчас Вялікай Айчыннай вайны немцы зрабілі ў палацы шпіталь, была разабрана аранжарэя, а ў парку хавалі памерлых. Я знайшла ў сеціве заўвагу, што мясцовыя жыхары пасля вызвалення тэрыторыі ад акупацыі перааралі месца пахаванняў фашыстаў.

Пасля вайны ў палацы знаходзілася Бабруйская трохгадовая агранамічная школа, Жыліцкі саўхоз-тэхнікум, дзеля якога былі пабудаваны спецыяльныя памяшканні. Мы праходзілі па пакоях палаца, дзе зараз знаходзіцца мясцовы музей і дзіцячая школа мастацтваў, і заўважылі, што сапраўдных рэчаў, якімі валодалі Булгакі, амаль няма. Экскурсавод распавяла пра каштоўную калекцыю карцін і скульптур, багатую, з 7 тысяч экзэмпляраў, бібліятэку, антыкварную мэблю. Усё гэта знікла пасля рэвалюцыі. У экспазіцыю зараз збіраюцца рэчы, падобныя да тых, што страчаны.

Захаваліся фотаздымкі знешняга выгляду палаца і ўбранства пакояў, што дапамагае працы краязнаўцаў і рэстаўратараў. Маштабныя работы тут пачаліся ў 2009 годзе і працягваюцца зараз. Будзем чакаць, калі чарговая гістарычна-культурная каштоўнасць нашай краіны набудзе свой першапачатковы выгляд і мы зможам зрабіць падарожжа ў славутае мінулае Прыдняпроўскага краю.
Наталля ШКРЭДАВА