У школьнай праграме на вывучэнне беларускай мовы адведзена адна гадзіна. Моладзь лепш ведае замежныя мовы, чым сваю…


Дата: 22.02.2021

Родная, матчына, спадчынная, гістарычная, народная… Яшчэ шмат эпітэтаў можна падабраць да назоўніка «мова». Але я лічу адным з найбольш трапных – «свая». Гэта значыць, яна была з табой заўсёды ад самага нараджэння, бо ты беларус.

Кожны народ адрозніваецца ад іншых сваімі адметнымі рысамі: тэрыторыяй пражывання, культурай, традыцыямі, менталітэтам. Беларусы таксама. Але адна з галоўных прыкмет нацыянальнай аўтэнтычнасці ў большасці прадстаўнікоў нашай нацыі адсутнічае – мы не размаўляем у паўсядзённым жыцці на беларускай мове. Так, у Рэспубліцы Беларусь дзве дзяржаўныя мовы. Многія выкарыстоўваюць русскую і не адчуваюць ніякага дыс­камфорта. Але ў мяне заўсёды ўзнікала пытанне: чаму так? Чаму не па-беларуску? Можна ўзгадаць, што руская мова была агульнадзяржаўнай у розных народаў, якія раней уваходзілі ў склад Савецкага Саюза. Але ж пасля яго распаду туркмены размаўляюць на турк­менскай, узбекі – на ўзбекскай, пры тым што ў гэтых краінах не забыліся на рускую мову і выкарыстоўва­юць яе ў зносінах з рускамоўным насельніцтвам. Чаму ж мы не здолелі захаваць сваёй беларускасці?

Можна шмат казаць пра любоў да роднай мовы, праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя нашай багатай літаратурнай спадчыне, размяшчаць банэры з беларускімі словамі ўздоўж аўтадарог, але калі ў школьнай праграме на вывучэнне англійскай або нямецкай мовы адведзена тры гадзіны на тыдзень у старэйшых класах, а беларускай – адна, то мы атрымліваем тое, што маем ужо зараз: моладзь лепш ведае замежныя мовы, чым сваю.

Многія прадстаўнікі іншых народаў адзначаюць надзвычайную прыгажосць і мілагучнасць беларускага слова, захапляюцца выдатнымі творамі Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Якуба Коласа. Лінгвісты вельмі часта параўноўваюць нашу родную мову з італьянскай. Выкарыстанне напеўнай, змястоўнай і цікавай беларускай мовы ў хуткім часе можа быць абмежавана вузкім колам спецыялістаў-мовазнаўцаў. Нельга дапусціць, каб гэта адбылося.

Перад вачыма паўстае малюнак з дзяцінства. У вясковай хаце бабуля кладзе спаць майго маленькага пляменніка і ціха спявае беларускую старадаўнюю калыханку, кранальную гісторыю пра катка, які заблукаў у лесе і не можа знайсці дарогу дадому. З маленства роднае слова заставалася ў падсвядомасці беларусаў. Яно было, як цела, як душа, арганічнай часткай асобы. Кім мы станем, калі страцім сваю мову? Хіба можа чалавек існаваць без душы?

Узгадалася постаць жанчыны, якая сімвалізуе беларускую мову, з Полацкага музея кнігадруку. Скульп­тура адразу прыцягвае позірк наведвальніка. Адна частка жаночага твару светлая, прыгожая, а другая – пакідае жудаснае ўражанне, бо пакрыта апёкамі і шнарамі. Гэта напамін пра часы забыцця і выгнання з людской памяці роднай мовы, перыяды апалячвання ды русіфікацыі. Зараз іншыя часы, мы вольныя карыстацца роднай мовай, ганарыцца ею. Аказалася, што не знешняе навязванне, а ўласнае бяспамяц­тва страшнейшае за ўсё.

Забыліся, здрадзілі гістарычнай памяці нашых продкаў. Яны нам пакінулі багаты скарб, а што з яго мы данясём да нашчадкаў?
21 лютага міжнароднай супольнасцю адзначаецца Дзень роднай мовы. Беларусы яго святкуюць таксама. Адна з настаўніц, якая больш за трыдцаць год выкладала беларускую мову і літаратуру, сказала, што адраджэнне слова пачнецца, калі кожны з нас прыме ўласнае рашэнне гаварыць па-беларуску.
Пачнем з сябе?
Наталля ШКРЭДАВА