[Малавядомая Магілёўшчына] У Палыкавічах дзверы храма заўсёды адчыненыя для наведвальнікаў


Дата: 27.11.2020

Усім вядома, што тэрыторыя нашай краіны вельмі багатая не толькі гістарычнымі, але і прыроднымі славутасцямі. На жаль, не кожны з нас ведае пра гэтыя мясціны і каб пазнаёміць вас з імі, амаль паўгода таму мы распачалі праект «Малавядомая Магілёўшчына». За гэты невялічкі час мы здолелі пабываць у розных мясцінах, і сёння мы накіроўваемся ў вёску Палыкавічы, што пад Магілёвам. Гэтае месца прывабіла нас сваёй славутай гісторыяй, а таксама тым, што тут на тэрыторыі храмавага комплексу знаходзіцца гаючая крыніца рэспубліканскага значэння і амаль тры царквы.

Каля гадзіны заняла дарога, і мы на месцы. Пачаць знаёмства з цудоўным месцам можна з абодвух бакоў – з бакавых варот і з галоўных ля царквы. Мы пакрочылі па першаму шляху. Ідзем па абсталяванай дарожцы, гэтае месца прываблівае сваей прыроднай прыгажосцю і цішынёй.

Праходзім прыхожы мосцік, які карыстаецца папулярнасцю ў моладзі – ён абвешаны замкамі, якімі замацоўваюць свае пачуцці закаханыя. Але на тэрыторыі комплексу ёсць яшчэ адзін такі ж мосцік. На жаль, у гэты час нам не ўдалося адчуць увесь водар кветак і раслін, бо прырода рыхтуецца да зімовага адпачынку.

І вось мы каля крыніцы, здалёк чуваць, як хуценька струменіць вада. Сваю вядомасць яна набыла ў далёкім 1552 годзе. Яе першым уладальнікам быў стараста Станіслаў Кезгайла-Магілёўскі. Але найбольшы росквіт крыніцы настаў падчас, калі яна перайшла графу Рымскаму-Корсакаву, які зрабіў усе магчымае, каб добраўладкаваць гэтае цудоўнае месца. Ён загадаў пабудаваць каменны грот, па­крыць яго ацынкаваным жалезам і апусціць туды зруб. Граф таксама пабудаваў на гэтым месцы капліцу ў гонар святой Параскевы Пятніцы. Менавіта яна з’яўляецца заступніцай крынічкі, таму ў 1836 годзе сюды былі прывезены яе святыя мошчы з Афона. Гісторыя распавядае пра тое, як дачку багатых бацькоў за сваю веру ў Хрыста прывялі на суд да кіраўніка, які хацеў уступіць з ёй у шлюб пры ўмове, што Параскева адмовіцца ад веры ў Бога. Яна гэтага не зрабіла і прыняла смерць.

Святая Параскева лічыцца заступніцай шлюбу, захавальніцай сямейнага ачага. Існаваў звычай, што кожная дзяўчына, якая жадала заступніцтва Параскевы ў сямейных справах, павінна была здзейсніць пешае паломніц­тва да крыніцы. Яе царкоўнае свята адзначаюць 14 лістапада. Яшчэ з даўніх часоў лічылася, што палыкавіцкая крыніца дапамагала вылечыць жанчын ад бясплоддзя.

Вада багатая мінераламі, асаб­ліва кальцыем, змяшчае таксама марганец, медзь, цынк. Яна асабліва карысная пры хварабах страўніка. У старажытны час наведваць крыніцу ў восьмую і дзясятую пятніцу пасля святкавання Вялікадня. Лічылася, што менавіта ў гэтыя дні вада з крыніцы валодае максімальнай гаючай сілай.

Пабыць у такім цудоўным месцы і не напіцца вады – недаравальная памылка. Вада, дарэчы, студзёная. Знаходзіцца крыніца пад ажурным дахам, а побач з ей стаіць прыгожая, з чырвонага цэгла капліца Святой Вялікапакутніцы Параскевы. Год яе пабудавання каля 1770 года. З наві яна была драўляная і ў хуткім часе пацярпела ад пажару. У 1830 годзе капліца была перабудавана. Дарэчы, падчас візіту на беларускія землі, у капліцы маліўся апошні рускі цар Мікалай II.
На жаль, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі храм разбурылі. Практычна цалкам знішчылі могілкі, дзе былі пахаваны святары.

Засталося некалькі магіл, з сотні толькі 8 знаходзяцца ў добрым стане. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што тыя, хто разбурыў царкву, памерлі пакутлівай смерцю. У 1990 годзе пачалося будаўніцтва новай капліцы Святой Параскевы. І будавалася яна на сродкі вернікаў Дытэра і Алы Арнольд, шлюбнай пары з Германіі. Дарэчы, Ала родам з Палыкавіч. У чэрвені 2000 года архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Максім асвяціў адноўленую капліцу. Вельмі цудоўна тое, што сучасная капліца падобная на тую, якая стаяла больш за сто гадоў таму.

Гэта атрымалася дзякуючы таму, што будавалася капліца па малюнках невядомых мастакоў. Тыя ж пяць купалоў, сцены з чырвонай цэглы. Таксама і абразы – вобраз Хрыста на троне, на іканастасе – Збавіцеля і Багародзіцы, вялікапакутнікаў Параскевы і Георгія, у гонар свяціцеля Георгія Каніскага, лекара Панцеляймона, – распавядае настаяцель храма Святой Параскевы протаіерэй Аляксандр Ралюк.

На тэрыторыі комплексу знаходзіцца таксама і Свята-Троіцкая царква. Быў тут раней і Свята-Нікольскі храм. Але вялізарны адбітак на гэтым месцы пакінулі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны ў будынку Свята-Троіцкай царквы была размешчана сталовая і кантора дома інвалідаў. З-за памылкі апальшчыка царква была спалена. А што адбылося са Свята-Нікольскім храмам, ніхто і не ведае, магчыма, быў падарваны. Яго фундамент захаваўся, але рэканструкцыя немагчыма, бо частка фундаменту знаходзіцца ўжо пад асфальтам.
Толькі у 1992 годзе была закладзена першая цэгла новай Свята-Троіцкай царквы. Цікава тое, что царква стаіць на фундаменце, якому больш за 100 год. Працэс рэканструкцыі доўжыўся амаль 10 год.

Мясцовыя жыхары паведамляюць, што падчас усталявання крыжа на купал храма, ў небе з’явіўся такі ж крыж, які некалькі гадзін павісеў над царквой і знік. Нездарма Свята-Троіцкую царкву празвалі «Перлінай Магілёўшчыны». Храм крыжападобны, асноўны яго аб’ём вянчае барабан з купалам. Па баках пабудаваны невялічкія чатыры вежы з купаламі-цыбулінамі. Побач з ім стаіць вялізарная званіца.
Як распавёў айцец Аляксандр, сюды заўсёды прыязджае шмат людзей.

Кожны год з розных краін свету вянчаюцца каханыя і хрэсцяць сваіх дзетак. Прыязджаюць з Францыі, Германіі, Амерыкі, Італіі і іншых краін. Заўсёды бывае так, што з адной сям’і, ці муж, ці жонка – ураджэнцы Магілёўшчыны. Напрыклад, сям’і з Амерыкі, якая адправілася хрысціць сваё дзіця ў іншую краіну, зрабілі скідку 50% на дарогу. – Свой прыезд да нас людзі тлумачаць тым, што тут вельмі ціха і спакойна, адпачываеш не только фізічна, але і душой. Заўсёды прыемна атрымліваць пісьмы з падзякай з розных краін свету на замежнай мове.

На вялікі жаль, пры царкве не дзейнічае Нядзельная школа, бо большая частка мясцовых жыхароў – пажылыя людзі і гэта нягледзячы на тое, што Палыкавічы знаходзяцца ў межах Магілёва. – Памяшканне ў нас ёсць, знайсці настаўнікаў – справа нескладаная, былі б дзеткі, – с горыччу гаворыць святар

Тэрыторыя храмавага парку вялізарная, але кожны дзень яна добраўпарадкаваная. – Добрымі памочнікамі з’яўляюцца не толькі дворнікі і прыхаджане, але і студэнты і навучэнцы школ, якія часта аказваюць дапамогу.

Нягледзячы на тое, што святое месца знаходзіцца ў лясным масіве, у тым годзе пасаджаны туі, а таксама жанчыны вырошчваюць кветкі. У наступным годзе плануецца раскінуць прыгожы кветнік. – Асноўная будоўля завершана, таму зараз наступіла паўсядзённае, мернае жыццё, – заверыў айцец Аляксандр.

Прыехаць і напіцца студзёнай вады с крыніцы, а таксама наведаць царкву можна ў любы час тыдня. Дзверы храма заўсёды адчыненыя для наведвальнікаў.
Дзяніс ЯЎСЕЕНКА