[Малавядомая Магілёўшчына] Накіроўваемся ў Бабруйск, дзе пазнаёмімся з гісторыяй мясцовай крэпасці


Дата: 11.09.2020

Напярэдадні лета ўсе марылі аб тым, што паедуць на адпычанак у цёплыя краіны, але ж складаная эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце не дазволіла ім гэтага зрабіць. Вядома, шкада. А з другога боку, усе мелі магчымасць пазнаёміцца з прыгажосцю краявідаў нашай «сінявокай». Мы працягваем рубрыку «Малавядомая Магілёўшчына». Збіраем рэчы і накіроўваемся ў Бабруйск, дзе пазнаёмімся з гісторыяй мясцовай крэпасці і паглядзім на яе сучаснае аблічча.

Але спачатку, паважаныя чытачы, давайце звернемся да гісторыі Бабруйскай крэпасці, якая пачынаецца пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Яе будаўніцтва закладзена па ўказе Аляксандра I ад 16 чэрвеня 1810 года. План будаўніцтва крэпасці прадугледжваў разбурэнне жылых кварталаў горада з адсяленнем жыхароў, і чалавечыя лёсы нікога не хвалявалі.

Будавалі ваенную цытыдэль у асноўным вайскоўцы, прыкладна 35 тысяч чалавек. Працавалі і сяляне, і рабочыя. Ужо да канца 1811 года франты крэпасці ў асноўных напрамках – поўнач, захад і поўдзень, – былі гатовыя да абароны. Вялікую ролю адыграла рака Бярэзіна. Да чэрвеня 1812 года ў Бабруйскай крэпасці размясціўся васьмітысячны гарнізон, асноўную агнявую моц якога складалі больш за 300 гармат. Усё было падрыхтавана да супрацьстаяння з арміяй Напалеона.
Адразу пасля заканчэння вайны будаўніцтва крэпасці было працягнута, узводзіліся новыя ўмацаванні і мадэрнізаваліся старыя. Праца канчаткова завяршылася толькі ў 1836 годзе.

З цягам часу крэпасць паступова губляла сваё ваеннае значэнне. Канчаткова ваенны статус быў страчаны ў 1897 годзе.
Пачаць знаёмства з крэпасцю можна з розных бакоў, але мы накіравіліся да галоўнага корпуса казармы, дзе пасярэдзіне ўзвышаецца труба кацельні, на якой відаць год яе будаўніцтва – 1825. Першае, што кідаецца ў вочы – памяшканні вельмі старыя, яшчэ з высокай столлю. Таўшчыня сцен не менш за метр, зразумела, што гэта ваенны аб’ект, які павінен вытрымаць абстрэл непрыяцеля. У казарме шмат памяшканняў і капцёрак. Вокны забітыя дошкамі.

Таксама відаць, што некаторыя будынкі выкарыстоўваліся і ў сучасны час – тут размяшчаліся вайскоўцы. Цікава, але трэба крочыць далей.
Бабруйская крэпасць размешчана на плошчы 120 гектараў, дзе захавалася каля 50 умацаванняў, казармаў, іншых ваенных пабудоў.
Вельмі ўразіла тое, што абарончыя ўмацаванні не дамінуюць над мясцовасцю, а пабудаваны ніжэй за ландшафт, быццам зліваюцца з ім. Гэта давала вялікую перавагу абаронцам крэпасці над ворагам.
Для абароны ад суперніка на тэрыторыі шмат пабудоў-«рэдутаў». Вось мы і вырашылі зайсці ў адзін з іх. Насупраць цэнтральнага ўваходу размешчана лесвіца на другі паверх. На першым паверсе заўсёды знаходзіліся стралковыя пазіцыі для вядзення флангавага і тылавога агню, што дазваляла весці бой пры акружэнні. Па вінтавой лесвіцы аказваемся ў назіральнай вежы, дах якой у выглядзе купала. Здзіўляе, што пад абстрэламі ў час вайны яна захавалася.

Мясцовыя старажылы расказ­валі, што для трываласці ў вапны раствор дадавалі яечныя жаўткі і рачныя ракавінкі.
Акрамя рэдутаў на тэрыторыі крэпасці ёсць і парахавы склад, які таксама быў прыстасаваны да абароны. Уражвае таўшчыня даха гэтай пабудовы. Вядома, акрамя рэдутаў, тут яшчэ размяшчаюцца і равеліны, форты, бастыёны, люнеты, якія злучаны падземнымі хадамі, што дазваляла рабіць вылазкі ў тыл ворага.

Умацаванні цытадэлі маюць добрую кладку, цагліны ідэальна падагнаны адна да адной. А вось звонку ўмацаванні выглядаюць незвычайна: верхняя і ніжэйшая часткі адрозніваюцца. Справа ў тым, што яшчэ 10 гадоў таму ўсе пабудовы былі ў зямлі прыкладна напалову. Дзесьці ў 2007-2008 гадах іх адкопвалі экскаватарамі. Дзіва, як за столькі год будынкі глыбока сышлі ў зямлю.

Цікава таксама і тое, што калі крэпасць страціла статус ваеннай, яна была турмой для удзельнікаў паўстання 1830-1831 годоў. І камеры турмы былі авальнымі, як яйка, дзе немагчыма было ні сесці, ні легчы, ні ўстаць. Так, публіцыст Аляксандр Герцэн пісаў, што лепш адбываць пакаранне ў Сібіры, чым у «страшэннай турме на рацэ Бярэзіна». У тых пабудовах, дзе мы пабылі, сцены былі ў сажы. Магчыма, яна засталася з часоў Вялікай Айчыннай вайны, калі немцы стварылі тут канцлагер. І ў ноч на 7 лістапада 1941 года яны падпалілі казармы крэпасці і растралялі каля 7 тысяч ваеннапалонных салдат і афіцэраў.

Каб агледзець усю Бабруйскую крэпасць, трэба прыязджаць сюды на некалькі дзён. У 2002 годзе цытадэль была аб’яўлена помнікам гісторыі і культуры, але работы па рэстаўрацыі зараз не вядуцца. Мы лічым, што такія маштабныя а’бекты заслугоўваюць большай увагі.
Дзяніс Яўсеенка