ArabicBelarusianChinese (Simplified)DutchEnglishFrenchGermanItalianPortugueseRussianSpanish

Працягваюць наш род


Дата: 05.08.2019 52

Неяк адна чытачка маіх разважанняў прапанавала: «А напішыце свае меркаванні аб жанчынах. Цікава пачытаць». Першая рэакцыя была: «Пра жанчын пісалі такія карыфеі, што, здаецца, і дадаць няма чаго».  А з другога боку…  У кожнага мужчыны ёсць свае блізкія яму жанчыны і ў яго павінны быць словы, каб сказаць пра іх. Я ж менавіта хачу падзяліцца думкамі пра Беларускую Жанчыну.  Чаму? Нарадзіла мяне беларуска. Бабуля, прабабуля і іншыя продкі па жаночай лініі жылі тут, на чавускай зямлі.  І яны для мяне найпрыгажэйшыя,  даражэйшыя, як, мяркую, для вас, шаноўныя  чытачы, вашы матулі, бабулі.

Я ўдзячны ім за сваё з’яўленне на свет.  Патлумачу сваю думку. Бабуля мая, Пелагея Усцінаўна, расказвала. Калі яна з пяццю дзецьмі, пасля вызвалення ў 1943 годзе вярнулася ў сваю Вілейку (немцы ўсіх жыхароў выгналі), то ў вёсцы ўбачылі толькі дзьве ацалелыя хаты. І яны два гады жылі ў зямлянцы. Галадалі.  Вось я пішу «бабуля», а той бабулі не было і сарака гадоў у той час.  І такі лёс спасціг усіх яе равесніц. Жанчыны адны, без мужыкоў, якія яшчэ  ці ваявалі, ці даўно склалі свае галовы на фронце, ставілі на ногі сваіх дзяцей, сыноў і дачок, нашых будучых бацькоў. Яны, маўляў сказаць, захавалі нацыю.

Пазней нашы матулі нарадзілі дзяцей, як кажуць, колькі Бог паслаў. У той час не ведалі такога паняцця, як дэмаграфічная небяспека. У невялічкай Вілейцы некалі была пачатковая школа, чатыры класы якой запаўнялі дзеці вайны і мае аднагодкі, якія нарадзіліся ў першыя пасляваенныя гады.
Нехта скажа: « А пра сучасніц што можаш мовіць?»

Зразумела, што тых праблем, якія вырашалі нашы бабулі і матулі, у наш час  няма. Будуецца жыллё, ёсць з чаго гатаваць ежу, што апрануць. Але і роля жанчын у грамадстве ўзрастае. Паглядзіце на прыкладзе нашага горада і раёна:  колькі прадстаўніц прыгожай паловы займаюць кіруючыя пасады.  Пры гэтым яны застаюцца прыгажунямі (і  сталыя, і маладыя землячкі, з густам апранаюцца, добра выглядаюць), а нясуць груз адказнасці не толькі за даверанныя пасады и калектывы, але і за свае сем’і, за сваіх дзяцей, блізкіх.

«Мала дзяцей нараджаюць», – скажуць іншыя. – Аднаго, двух».
Тут я звяртаюся да мужыкоў і скажу так: «Калі нашы каханыя будуць адчуваць сябе з намі, як за каменнай сцяной, і ў матэрыяльным плане, і ва ўзаемаадносінах, то  народзяць і  трох, і пяць, і болей дзяцей.  Калі мы, мужчыны, дамо ім такую ўпэўненасць, то і дэмаграфічная сітуацыя зрушыцца ў лепшы бок. Дарэчы, на 1 ліпеня 2019 года ў раёне налічвалася 227 шматдзетных сямей. Скончу словамі твора, што спяваюць «Песняры»: «Очень ранимые наши любимые…» Таму будзем берагчы жанчын. Яны працягваюць наш род.

Валерый ГАЎРЫШ