ArabicBelarusianChinese (Simplified)DutchEnglishFrenchGermanItalianPortugueseRussianSpanish

[Асабісты позірк] Без шэрай фарбы


Дата: 24.07.2019 7

Без шэрай фарбы Прачытаў у СМІ наступнае: «21 ліпеня больш за 20 спартыўных комплексаў у Мінску будуць працаваць бесплатна».  І я ўспомніў, як надрываліся некаторыя друкаваныя і інтэрнэт-выданні наконт стратнасці  || Еўрапейскіх гульняў у Мінску, маўляў, лепш бы тыя грошы патрацілі на павышэнне заробкаў бюджэтнікам, пенсій, сацыяльных дапамог і іншае. Узнікае пытанне: «Выходзіць, наогул не трэба было арганізоўваць і праводзіць спаборніцтвы, калі яны не прыносяць прыбытку?» Вось аб гэтым я хачу паразважаць, шаноўныя чытачы.

Адразу раставім кропкі над «і». Любыя спартыўныя спаборніцтвы міжнароднага маштабу, за рэдкім выключэннем, фінансавых прыбыткаў іх арганізатарам не прыносяць. Як прыклад, на Алімпіяду ў канадскім Манрэалі, якая праходзіла ў 1976 годзе, было выдаткаваны амаль 1 мільярд долараў, і арганізатары 30 гадоў пасля гульняў выплачвалі даўгі. А што ж тады спартыўныя гульні прыносяць краіне, у якой яны адбываюцца? Калі конкурсны адбор  праходзіць у адказных арганізацыях з тайным галасаваннем?  Будзем казаць пра нашу Беларусь.

Па-першае, станоўчы імідж нашай краіны, давер з боку нацыянальных спартыўных камітэтаў, калі яны даслалі свае каманды на гульні. А было іх ажно з 49 краін. Па-другое, самім спартсменам патрэбны такія спаборніцтвы, бо на іх прыязджаюць мацнейшыя. Ёсць з кім паспытаць сябе. Дарэчы, беларуская зборная па медальнаму  заліку на || Еўрапейскіх гульнях заняла другое месца пасля Расіі, пры гэтым нашы атрымалі дзве ліцэнзіі на Алімпіяду ў Токіа, што асабіста ў мяне выклікае гонар. Не пагаджусь я і з довадам непрымальнікаў гульняў, маўляў, трыбуны былі пустыя.  Не трэба хітрыць, панове, бо добра вядома, што ёсць віды спорту відовішчныя, цікавыя, захапляльныя, як, напрыклад, гімнастыка, бокс, акрабатыка і іншыя падобныя, на такія білетаў было не дастаць, не кажучы пра цырымоніі адкрыцця і закрыцця спаборніцтваў. А ёсць такія, якія цікавыя толькі вузкім спецыялістам і іх аматарам.

У  спартыўнай вёсцы засталіся сучасныя інтэрнаты, аб’екты харчавання, паліклініка, на будоўлю і рамонт якіх таксама пайшлі сродкі і якімі будуць карыстацца нашы студэнты з 1 верасня. Набылі каштоўны вопыт валанцёры, арганізатары, персанал спартыўных аб’ектаў, міліцыя. Па Мінску перавозяць пасажыраў аўтобусы, якія былі закуплены, дарэчы, ў беларускіх вытворцаў, а сучасныя спарткомплексы будуць доўга служыць сусветнаму і беларускаму спорту і грамадзянам.

Калі прытрымлівацца логікі апанентаў, то не трэба праводзіць не толькі спартыўныя мерапрыемствы, але і культурныя. Але ж наша жыццё згубіць прывабнасць, цікавасць. Зразумела, кожны мае права на свой погляд на любую праблему. Толькі чаму ў вас, панове, за што ні вазьміся, усё дрэнна? Фарбы нейкія шэрыя.  Сумна.

Валерый Гаўрыш