Прыгажосць, чысціня, традыцыі. Расказваем пра самыя знакамітыя крыніцы Чавускага раёна

Наша спадчына – гэта і беларуская прырода, найвялікшая каштоўнасць, якая засталася нам ад продкаў, а мы павінны захаваць яе для нашчадкаў. Родны край: палі, лясы, рэкі і крыніцы, у якіх адлюстроўваецца бясконцае неба.
Самыя знакамітыя крыніцы Чавускага раёна – Байкаўскія. Гэта цэлы каскад амаль з дваццаці крыніц. Яны збіраюцца ў ручаі, якія, злучаючыся, падсілкоўваюць Проню. Крыніцы Байкава – асаблівае таямнічае месца, якое прыцягвае людзей з спрадвечных часоў, цяпер – месца правядзення праваслаўных абрадаў. А на свята Святой Тройцы сюды з’язджаюцца людзі не толькі па ваду. Тут праходзіць міжрэгіянальны фестываль «Зялёныя святкі», які вяртае нас да сваіх каранёў, да традыцый продкаў. Падчас свята праходзіць кірмаш, дзе можна набыць вырабы майстроў з розных раёнаў: выявы з дрэва, з саломкі, кераміку, плеценыя кошыкі, вязаныя рэчы, разнастайныя цацкі ды ўпрыгожванні.

На галоўным ручаі пабудаваны драўляны зруб, устаноўлены крыж і абразы з выявамі Святой Тройцы, Збаўцы і Маці Божай, бо так было спрадвеку заведзена ў нашых продкаў. Для зручнасці жадаючых набраць у ёмкасці гаючай вады выведзены жолаб, а побач бяжыць ручай, па якім басанож ходзяць аматары халоднай вады, каб набрацца моцы. Кажуць, пасля такой працэдуры па ўсім целе разыходзяцца незвычайная моц і лёгкасць.
Зроблена і купель для акунання ў сцюдзёную ваду. Прыгожы пейзаж паўстае перад вачыма, калі прайсці крыху далей, на ўзбярэжжа Проні. Неба нібы акунаецца ў ваду ракі, узнікае ўражанне зліцця трох стыхій: вады, зямлі і паветра. Менавіта тут дзяўчаты з самымі патаемнымі пажаданнямі апускаюць на ваду траецкія вянкі.
Байкаўскія крыніцы з’яўляюцца гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.
Жыхары вакольных вёскак кажуць, што іх продкі збіраліся тут яшчэ ў старадаўнія часы і менавіта на Тройцу, або Сёмуху, як яшчэ называюць свята па-народнаму.

Пра крыніцы расказваюць розныя легенды. Паводле адной з іх, некалі жыў у гэтых мясцінах багаты чалавек – Архіп. Недалёка ад крыніц стаяў яго хутар, нават навакольны лес здаўна завецца Архіпавым. Крыніцай карыстаўся ўвесь люд, які жыў у блізкіх вёсках і сёлах. Каля крыніц стаяла капліца. І старыя, і малыя ішлі сюды па гаючую ваду. Расказваюць, што Архіп вырашыў забараніць людзям карыстацца «сваёй» крыніцай. Ён знішчыў капліцу і паставіў там вадзяны млын. Адразу пасля гэтага Архіп моцна захварэў і злёг. Добрыя людзі параілі яму прыбраць млын з крыніцы, інакш неўзабаве памрэ. Неахвотна паслухаўся Архіп: прыбраў млын і аднавіў капліцу. І здароўе да яго вярнулася.
Байкаўскія крыніцы – месца сакральнае, якое трэба паважаць і шанаваць, як рабілі нашы продкі, навучыць сваіх дзяцей і ўнукаў, каб захаваць гэты цудоўны скарб нашай Сінявокай.

У аграгарадку Каменка Каменскага сельсавета шмат дзесяцігоддзяў б’е крыніца, каля якой штогод 12 ліпеня, у дзень святых Пятра і Паўла, збіраецца шмат вернікаў. З пакалення ў пакаленне захоўваецца традыцыя, а яшчэ перадаецца аповед аб гэтай мясцовай святыні.
У старадаўнія часы адзін год вясна выдалася, як ніколі, цёплая, ранняя. Сяляне адсеяліся ў тэрмін і ў чаканні добрага ўраджаю займаліся паўсядзённымі гаспадарчымі справамі. Але ўлетку спачатку стаяла невыносная спякота, а затым выпаў на зямлю град памерам з курынае яйка, пабіў на сялянскіх надзелах усё, што не паспела выпаліць сонца. А падзея гэта адбывалася напярэдадні свята Пятра і Паўла. Хтосьці прапанаваў зрабіць каля крынічкі капліцу і асвяціць яе ў гонар Святых Пятра і Паўла.
Працавалі старанна з верай і надзеяй, што Гасподзь не кіне іх у бядзе. А калі ўсё было гатова, далі абяцанне ўшаноўваць крынічку кожны год у гэтае свята.

Прыйшоў час жніва. І такі ўраджай вырас – нарадавацца не маглі. У дзень Святых Пятра і Паўла напяклі сяляне хлеба з новага ўраджаю і накіраваліся ў Благавіцкую царкву. А калі служба скончылася, пайшлі хрэсным ходам у сваю вёску. Хрэсны ход прайшоў па ўсіх участках, святар благаславіў іх на добры ўраджай. Больш такога граду ў вёсцы не было. На працягу многіх гадоў гэты рытуал павагі да Святой Пятровай крынічкі застаўся нязменным. Крыніца – святое месца для сельскіх жыхароў, куды людзі прыходзяць за выключна чыстай, празрыстай, з выдатным густам вадой, якая змяшчае шмат карысных рэчываў. З 2021 года 12 ліпеня ў аграгарадку Каменка Чавускага раёна на пляцоўцы каля Пятроўскай крыніцы адбываецца раённае свята «Пятроўскія радасці». А ў 2023 годзе былі праведзены вялікія работы па акультурванні крыніцы і прылеглай тэрыторыі. Дзякуючы актыўным жыхарам Каменкі, высілкамі працоўных калектываў лясгаса, ПМК-98, Жылкамгаса, аддзела адукацыі, сектара культуры Чавускага райвыканкама крыніца здабыла другое жыццё. Тут створана купель, пабудавана лесвіца, адноўлены навес над крыніцай.
Яшчэ здаўна месца, дзе размешчана Каменская крыніца, асвячалася, тут збіраліся мясцовыя жыхары, якія спявалі песні, частавалі людзей, але гэта было сціпла, паміж сабой. Цяпер тут адбываецца хрэсны ход з іконай Пятра і Паўла і асвячэнне крыніцы. У рамках раённага свята «Пятроўскія радасці» праходзяць конкурсы традыцыйных рэцэптаў ухі з мясцовых відаў рыбы «Пятроўская юшка», конкурс на лепшы Пятроўскі вянок, а таксама, у мэтах папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, конкурс «Пятроўскія дранікі».Удзельнічаюць калектывы арганізацый і прадпрыемстваў Чавускага раёна, тым самым далучаючыся да народных культурных і духоўных традыцый.

Ёсць ля вёскі Шапярэва крынічка. Мясцовыя жыхары называюць яе Данілкавай, так, па паданнях, звалі гаспадара, які некалі за крыніцай даглядаў. Распавядаюць такую гісторыю. Падчас Вялікай Айчыннай вайны вёска Шапярэва моцна пацярпела. Большая частка дамоў была спалена, жыхары ператварыліся ў бежанцаў. Толькі ў пачатку лета 1944 года гэтая тэрыторыя была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля вызвалення жыхарам чырвонаармейцы не дазволілі вяртацца ў родную вёску: мясцовасць была замініравана. А вось адна з мясцовых жанчын, дом якой ацалеў, набралася мужнасці і вырашыла наведаць родную хату, але спачатку накіравалася да вясковай крыніцы папіць вадзіцы. Ведала, што вакол шмат мін, малілася, каб застацца жывой, так і адбылося. А хутка і астатнія жыхары вярнуліся і аднавілі вёску. Крынічка наталяе смагу падарожнікаў і зараз.

Ля вёскі Селішча ёсць крыніца. Гэта не проста ключ, а месца з асаблівай гісторыяй і традыцыяй для мясцовых жыхароў. Вяскоўцы даўно бяруць тут ваду. Па ўспамінах старажылаў, раней каля крыніцы збіраліся жыхары не толькі Селішча, але і навакольных вёсак: маліліся, адзначалі царкоўныя святы. Некалькі гадоў таму ўраджэнка вёскі Таццяна Іванаўна Манкевіч выступіла з ініцыятывай добраўпарадкаваць тэрыторыю. Людзі прывялі месца ў парадак, і цяпер тут рэгулярна праходзяць сустрэчы аднавяскоўцаў. Часцей за ўсё зборы ладзяць 2 жніўня, у Іллін дзень.
Яшчэ землякі тут збіраюцца для святкавання Дня вёскі, каб падзяліцца ўспамінамі і навінамі, каб не забывацца на малую радзіму. У такія дні да крыніцы прыходзяць не толькі землякі, але і госці з розных мясцін. Настаяцель Свята-Мікольскай Благавіцкай царквы іерэй Міхаіл праводзіць водаасвятны малебен: асвячае ваду, а таксама плады ці стравы, якія прыносяць людзі на царкоўныя святы, напрыклад, на Спаса. Вада ў крыніцы лічыцца вельмі карыснай, смачнай. Яна аб’ядноўвае людзей.

Аматарам падарожжаў і прыроды ёсць што паглядзець у Чавускім раёне, бо гэта край жыватворных крыніц, у якіх моц беларускай зямлі і нашага народа.