Лексікограф, фалькларыст, этнограф, археограф, педагог. Што мы ведаем пра нашага выбітнага зямляка Івана Іванавіча Насовіча?

Мовазнаўца-лексікограф, фалькларыст, этнограф, археограф, педагог – гэта наш знакаміты зямляк Іван Іванавіч Насовіч. Яго ўнёсак у беларускую навуку цяжка ацаніць, яго працы дапамаглі захаваць найвялікшае багацце – разнастайнасць беларускай мовы, яе народную аснову. Цікава, што цалкам прысвяціць сябе навуцы Іван Насовіч змог толькі пасля выхаду на пенсію ва ўзросце 55 гадоў. «Я толькі пачаў, – пісаў ён у той час, – і я буду ісці па гэтай дарозе, наколькі хопіць сілы. У мяне, нарэшце, развязаныя рукі, мяне чакае мой народ, і я павінен зрабіць для яго ўсё, і я не маю права ўпасці, пакуль ён чакае маёй дапамогі і пакуль у мяне ёсць сілы служыць яму».
Іван Насовіч здолеў у XIX стагоддзі правесці даследаванні ў галіне мовазнаўства і этнаграфіі, якія прынеслі яму вядомасць сярод вучоных Расійскай імперыі, за працу ён атрымаў высокія ўзнагароды, а яго высновы не страчваюць актуальнасці ў нашы дні. Тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускага прыслоўя», над якім ён самааддана працаваў 16 гадоў, ахоплівае звыш 30 тысяч слоў, што існавалі ў мове беларусаў у XVIII – сярэдзіне XIX стагоддзяў. Эксперты адзначаюць, што гэта быў першы поўны слоўнік беларускай мовы. Над працамі такога маштабу зараз працуюць цэлыя інстытуты, а Насовіч адолеў гэтую цяжкую аб’ёмную працу адзін. Гэта годны прыклад, які паказвае, што можа зрабіць чалавек, калі ён захоплены сваёй ідэяй і мэтай, калі ён аддае працы ўсе свае сілы без астатку. Пры гэтым Іван Іванавіч быў вельмі сціплым чалавекам, падзвіжнікам. Дзякуючы прысвечанаму яму нарысу Паўла Шэйна, вядомага рускага і беларускага этнографа, лінгвіста і фалькларыста, удалося даведацца цікавыя факты з біяграфіі вучонага.
Нарадзіўся Іван Насовіч у вёсцы Гразівец (тады Быхаўскага павета) Магілёўскай губерні (цяпер – Чавускі раён) у сям’і мясцовага псаломшчыка. Дзед Івана Іванавіча, Рыгор, яшчэ ў дзяцінстве, у перыяд Рэчы Паспалітай, са святарскіх дзяцей быў пераведзены ў прыгонныя кадзінскага памешчыка Пацэя, жыў сярод беларускіх сялян па іх звычаях, але імкнуўся да вывучэння царкоўнай граматы, чым, нягледзячы на разнастайныя перашкоды і займаўся, дасягнуў поспеху і быў прызначаны псаломшчыкам царквы вёскі Доўгі Мох, затым пераведзены ў Гразівец. Яго сын Іван быў не менш здольны да граматы, да навук, да беларускай гаворкі, на якой ён вырас. Іван Рыгоравіч Насовіч не змог з-за смерці бацькі скончыць поўны курс Магілёўскай духоўнай семінарыі, паступіў на яго месца ў Гразівец і ажаніўся з Аглаей Андрэеўнай Хадкевіч, дачкой святара мястэчка Расны (Чэрыкаўскага павета). Яна была «жанчына дабрадзейная і разумная». Бацька будучага вучонага быў «вельмі працавіты, трымаў у добрым парадку сваю сельскую гаспадарку, апрацоўваючы сваю дзячкоўскую частку зямлі». Ён быў добры рыбалоў і дасведчаны садоўнік. Маючы выдатны почырк, атрымліваў прыстойны даход ад справаводства па маёнтку ў нейкай блізкай да Гразіўца канторы. Іван Рыгоравіч Насовіч свяціцелем Георгіем Каніскім быў пасвечаны ў святары Вальмірскай царквы Чэрыкаўскага павета. Іван Іванавіч Насовіч успамінаў:
«Бацька наш, які атрымаў грунтоўны пачатак у навуках, сам прыняўся вучыць нас грамаце, калі мне было пяць гадоў, а брату – шэсць з паловай. Я заўсёды з вялікай увагай слухаў апавяданні са Свяшчэннай гісторыі. Калі мне мінула шэсць гадоў, я ўжо чытаў славянскі і рускі друк. Бацька наш быў строгі і патрабавальны педагог. Кожнае наша свавольства не заставалася без справядлівага пакарання». Узровень падрыхтоўкі братоў Насовічаў уразіў педагогаў і старшакласнікаў Магілёўскай семінарыі пры паступленні іх у гэтую навучальную ўстанову. «На нас глядзелі, як на цуд», – успамінае навуковец.
Педагагічную дзейнасць Іван Іванавіч пачаў пасля заканчэння семінарыі ў 1812 годзе настаўнікам рускай мовы і славеснасці вышэйшага аддзялення Аршанскага духоўнага вучылішча, потым перавёўся ў Мсціслаўскае духоўнае вучылішча, а ў 1818 годзе ўзначаліў Магілёўскае духоўнае вучылішча ў якасці рэктара.
У 1822 годзе Іван Іванавіч Насовіч перайшоў з Духоўнага ведамства на службу ў Міністэрства Народнай Асветы. У яго тады было ўжо чацвёра дзяцей: дачка і тры сыны, якім ён хацеў даць лепшую адукацыю, ды і служба была больш прыбытковай, для сям’і гэта было важна. Яму даручана было наладзіць Дынабургскую (Даўгаўпілс) гімназію, затым быў наглядчыкам Маладзечанскага 5-класнага дваранскага вучылішча, скончыў службу наглядчыкам Свянцянскага вучылішча, дзе атрымаў ордэн святога Станіслава 3-й ступені.
У 1843 годзе ён нечакана атрымаў адстаўку, як пісаў сам Насовіч, з-за непаразумення з дырэктарам Скрабелі, якое адбылося ў Вільні. Але заслугі нашага земляка былі высока ацэнены. Папячыцель пры асабістай сустрэчы павіншаваў яго «з выслугаю генеральскага пенсіёна» ў 600 рублёў, якія ён атрымліваў да самай смерці.
Іван Іванавіч вярнуўся ў Мсціслаў, дзе купіў дом. Неўзабаве, як абывацель гэтага горада, як домаўладальнік, ён, па прапанове мясцовага маршалка дваранства, быў прызначаны дэпутатам у кватэрную камісію. Гэтая служба дала яму права на атрыманне ордэна святога Уладзіміра за 35-гадовую службу.
Першую думку заняцца навуковымі пошукамі Івану Іванавічу падалі беларускія свяшчэннікі. Ён піша ў аўтабіяграфіі: «У святы Раства Хрыстова, будучы ў гасцях у Івана Максімавіча (свайго пляменніка), я сустрэў там даволі шмат святароў яго благачыння, людзей адукаваных, якія, кажучы аб сучаснай філалогіі, усё раілі мне заняцца беларускай гаворкай. З гэтага часу я пачаў збіраць матэрыялы для складання слоўніка беларускай гаворкі». Яго сын Васіль Іванавіч пісаў: «Бацька мой не шкадаваў ніякіх выдаткаў, ездзіў у розныя беларускія мясцовасці. Жывучы з малых гадоў сярод вясковага люду, добра ведаў як прыслоўе беларусаў, так і мноства песень, прыказак, прымавак. Ён ведаў і шанаваў іх звычаі. Памятаю, што калі я прыязджаў на вакацыі ў Мсціслаў да бацькоў падчас дажынак, то жніцы прыходзілі да нас у хату з вянкамі з жытніх каласоў і з жніўнымі песнямі, прычым раз на мяне, маладога паніча, быў ускладзены такі вянок. Бацька мой ведаў вельмі добра не толькі тэксты песень, але і іх матывы і любіў іх спяваць. Памятаю яшчэ, што ён, як толькі пачаў збіраць матэрыялы для слоўніка, заўсёды насіў пры сабе сшытак, куды неадкладна ўносіў кожнае новае для яго слова, якое траплялася яму ў размове з прасталюдзінам, кожную цікавую песню, прыказку.
Людзі, больш-менш адукаваныя, родам беларусы, заўсёды ставіліся цалкам спачувальна да этнаграфічных прац майго бацькі, усяляк спрыялі яму ў гэтым. Што датычыцца сялян, то яны прастадушна паведамлялі яму патрабаваныя звесткі ці за чаркай гарэлкі, ці за шклянкай гарбаты, ці проста з-за добрых адносін да яго».
Вопыт педагагічнай дзейнасці, падарожжа па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях далі Івану Іванавічу Насовічу магчымасць глыбока пазнаёміцца з народнай творчасцю, сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі. На яго аснове даследчыкам былі напісаны «Кароткія філалагічныя назіранні над беларускім прыслоўем», «Невялікі беларускі слоўнік», «Зборнік беларускіх прыказак», рукапісы якіх ён даслаў у аддзяленне рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай акадэміі навук у 1850 годзе. Асобным выданнем у 1867 годзе выйшаў яго «Зборнік беларускіх прыказак», у які ўключана каля 3 500 прыказак, прымавак, скорагаворак, пажаданняў, прывітанняў. У зборніку раскрываецца сэнс прыказак, праяўляецца іх паходжанне, даюцца эквіваленты з рускай мовы, а ў многіх выпадках – з іншых моў. Па некаторых звестках, Насовіч валодаў рускай, беларускай, польскай, французскай мовамі, грэчаскай і лацінскай, іўрытам. Рускае геаграфічнае таварыства адзначыла гэтае выданне залатым медалём. Такая высокая ацэнка натхніла вучонага на далейшую працу.
У 1868 годзе выйшаў з друку яго зборнік «Беларускія прыказкі і загадкі», а ў 1873 годзе – зборнік «Беларускія песні», у які ўвайшло больш за 350 тэкстаў песень, прысвечаных сямейным, каляндарным абрадам, розным звычаям і святам.
Па даручэнні археалагічнай камісіі і аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства Насовіч склаў «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе было растлумачана каля 13 тысяч слоў і паняццяў. Па невядомай прычыне слоўнік застаўся ненадрукаваным, але яго аўтару была прысуджана Увараўская прэмія.
Галоўнай працай жыцця нашага земляка стаў «Слоўнік беларускага прыслоўя», выдадзены ў 1870 годзе, калі вучонаму было ўжо 82 гады. За яго мовазнаўца атрымаў Дзямідаўскую прэмію. У гэтым жа годзе ён узнагароджаны ордэнам святога Станіслава 2-й ступені. Насовіч працягваў збіраць лексічныя матэрыялы, якія склалі «Дадатак да беларускага слоўніка», апублікаваны ўжо пасля смерці аўтара ў 1881 годзе.
Значную ўвагу надаваў Іван Насовіч і пытанням гісторыі, асабліва старажытнай гісторыі Беларусі. У сваім гісторыка-лінгвістычным даследаванні «Пра плямёны да часоў Рурыка, якія засялялі беларускую тэрыторыю» аўтар тлумачыў паходжанне старажытных народных назваў плямёнаў ад карэнных беларускіх слоў. У працы «Успаміны майго жыцця», якая належыць да гісторыка-мемуарнага жанру, шырока і глыбока характарызаваўся побыт, норавы і ўзаемаадносіны розных колаў тагачаснага грамадства. Праца, у якой 1000 рукапісных старонак, захоўваецца ў Акадэміі Навук Беларусі.
Іван Іванавіч, чалавек дзейны, працаваў, пакуль дазваляла здароўе. У 1877 годзе яго дзеці сталі атрымліваць лісты, напісаныя рукой малодшага сына, сям’я якога жыла ў доме вучонага. Зрок Івана Іванавіча моцна пагоршыўся, як і яго агульнае самаадчуванне. Памёр ён на 89-м годзе свайго жыцця, пахаваны на могілках Пустынскага манастыра. У пахаванні ўдзельнічала ўсё Мсціслаўскае духавенства на чале з архімандрытам Пустынскага манастыра айцом Антоніем.
Павел Шэйн у сваім нарысе шкадуе аб тым, што ні родныя, ні дваранства Мсціслаўля не паведамілі аб гэтай журботнай падзеі навуковаму свету Расіі. Страту ён лічыць незаменнай, а значэнне прац Івана Насовіча – вялізным. У завяршэнні нарысу ён прыводзіць словы яго любімай беларускай песні:
Пара, жонкі, дамоў ісці!
Пацеряла зара ключы,
Каля постаці ідучы
Да з сонейкам гуляючы,
А месіка гукаючы.
А взайдзіце, ясны зоркі,
І знайдзіце ключы звонкі:
Пара зямлю адмыкаці,
Пара расу выпушчаці.
– Я нагадаю, што казаў Вальтэр, вялікі французскі асветнік, аб слоўніку: «Слоўнік – гэта сусвет у алфавітным парадку». Беларускі сусвет, беларускі космас, біблію жывога беларускага слова на ўсе часы стварыў Іван Насовіч. Менавіта з гэтага слоўніка, што называецца, прыгаршчамі чэрпаў натхненне наш вялікі беларускі паэт Максім Багдановіч, слоўнік Івана Насовіча быў яго настольнай кнігай. А Максім Горкі, калі пісаў у Вільні беларускім літаратарам і пісьменнікам, прасіў, каб яму пераслалі экзэмпляр слоўніка Насовіча для таго, каб азнаёміцца з жывой беларускай мовай і жывым беларускім словам, – расказаў депутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, беларускі гісторык, археолаг, краязнаўца, педагог, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.