Людміла Каханоўская з Галавенчыц Чавускага раёна распавядае пра песенную спадчыну гурта «Незабудкі»

Людміла Каханоўская з Галавенчыц Чавускага раёна распавядае пра песенную спадчыну гурта «Незабудкі»

Чавуская зямля багатая на таленты і выдатных людзей. Пачынаючы новы аўтарскі праект «Твая і мая спадчына», журналісты раённай газеты «Іскра» ставяць мэту – пазнаёміць сваіх чытачоў з сапраўднымі скарбамі нашай мясцовай гісторыі культуры, каштоўнейшымі з якіх з’яўляюцца людзі, нашы з вамі землякі, таленавітыя, цікавыя. Вельмі каштоўна, што некаторыя з іх жывуць побач, з’яўляюцца носьбітамі традыцый і могуць распавесці нам з першых вуснаў аб нашай спадчыне. Як, напрыклад, удзельніца ўнікальнага фальклорнага калектыва «Незабудкі» Людміла Сцяпанаўна Каханоўская.

Мы наведаліся да яе ў вёску Галавенчыцы, зайшлі ў хату – і адразу адчулі подых беларускай вёскі, не сучаснай, а з мінулага: у хаце печка, іконы з набожнікамі, каляровыя «палавікі», партрэты родных. Узгадаўся маленькі домік бабулі, дзе мне ў дзяцінстве было так утульна, як нідзе больш. Атмасфера свайго, роднага, беларускага.

Сімвалічна, што незабудка – гэта не толькі прыгожая і сціплая кветка нашых мясцін, але і імкненне захаваць, «не забыць» тое каштоўнае, што стваралі нашы продкі, і данесці свае веды і мастацтва да сучасных пакаленняў беларусаў. Менавіта пагэтаму ўдзельніцы фальклорнага ансамбля з вёскі Галавенчыцы абралі яму назву «Незабудкі». У 2009 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «мясцоваму стылю песеннай, танцавальнай і народна-апавядальнай лакальнай традыцыі міжрэчча Сожа і Проні вёскі Галавенчыцы нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці», бо мясцовы фальклор займаў галоўнае месца ў рэпертуары «Незабудак». Песні «Ой, у лесе на дубочку», «А ты, гаю, мой гаю», «А сонца заходзіць», «Падуй, падуй, халодны вецер, і зашумі, зялёны гай», «Пасеялі дзеўкі лён», «Харашо на свеце жыць» і многія іншыя запісаны ад мясцовых жыхароў старэйшага ўзросту.

«Калі вечарамі старэйшыя жыхары нашай вёскі Галавенчыцы збіраліся на «пасядзелкі», можна было пачуць шмат цікавага пра мінулае, паслухаць песні, пагля­дзець, як яны танчаць. Мы, дзеці, заўсёды круціліся побач з дарослымі і шмат чаго запомнілі», – расказвае нам Людміла Сцяпанаўна Каханоўская, перабіраючы старыя фотаздымкі.

Яна адзіная засталася з таго легендарнага ансамбля, які ўзнік у далёкім 1957-м годзе.
А справа была так. Загадчыца мясцовага клуба Еўдакія Арцёмаўна Мазалёва сабрала дванаццаць маладых дзяўчат, якіх вабіла народная творчасць. Большасць з іх працавалі ў калгасе даяркамі, цялятніцамі, жывёлаводамі. Простыя беларускія жанчыны, на долю якіх прыйшлося цяжкае пасляваеннае дзяцінства, у многіх загінулі ў Вялікую Айчынную таты, браты. Жыццё сіраты не назавеш салодкім, але яно было мірным.Людзі паступова адраджалі тое, што было парушана вайной, працавалі, кахалі, нараджалі і расцілі дзяцей. А яшчэ яны захоўвалі тое, што засталося ад продкаў, сваю народную песенную спадчыну. Большасць удзельніц «Незабудак» мелі не толькі выдатныя вакальныя здольнасці, але і багаж ведаў па традыцыйных мясцовых звычаях ды абрадах, вуснай, песеннай і танцавальнай спадчыне.

Ад маці Людмілы Сцяпанаўны песню пачуць можна было толькі зрэдку: гора страты мужа ды сына не давала ёй весяліцца. А вось дачка спявала добра ды звонка. Яшчэ маленькай, калі бегала ў грыбы ў бярэзнік, выводзіла так, што чулі ў вёсцы і пыталіся, чыё дзіця так выдатна пяе.
Пасля заканчэння сямі класаў Людміла даглядала малых у гарадскіх сем’ях, працавала ў калгасе, ездзіла ў Карэла-Фінскую АССР на лесараспрацоўкі. Пасля ўтварэння саўгаса працавала на ферме. Калі ўтварыўся ансамбль, яна адразу ўлілася ў калектыў.

– Рэпетыцыі былі на рабочым месцы, на ферме. Дуся Мазалёва ці Надзя Казлова нам прапаноўвалі песню, а мы яе вучылі і адразу разам спявалі. Бывала, увечары падоім кароў, а потым едзем выступаць, напрыклад, у клуб у Капані. Так нам хацелася. Саўгас нас забяспечыў касцюмамі прыгожымі. Дома выступалі і па вёсках ез­дзілі. Было цікава і весела. Мы разам праводзілі шмат часу, сябравалі. Усе былі з адной вёскі, ведалі адзін аднаго з маленства. Таму і гурт наш трымаўся моцна і доўгія гады. Эх, няма маіх сябровак: на небе ўсе. Мне самой у жніўні споўніцца 89 гадоў. А ведаеце што? Хачу дажыць да 90, – кажа нам Людміла Сцяпанаўна.

Мы сядзім на лавачцы пад вялікім дрэвам каля яе хаты і размаўляем. Твар нашай суразмоўцы нават маладзее, калі яна ўзгадвае мінулае.

Кіраўнікамі гурта таксама былі Тамара Міхайлаўна Шабека і Надзея Данілаўна Казлова, якая адпрацавала на гэтай пасадзе 36 гадоў. Яны працягвалі творчую дзейнасць менавіта ў накірунку захавання і папулярызацыі мясцовай культурнай традыцыі. За час свайго існавання фальклорны гурт «Незабудкі» прымаў удзел у шматлікіх культурных мерапрыемствах, якія праводзіліся ў роднай вёсцы, раённым цэнтры. Дастойна прадстаўляў гэты калектыў чавускую зямлю на шматлікіх фестывалях і конкурсах абласнога, між­рэгіянальнага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Дыпломы, падзякі, ганаровыя граматы, атрыманыя калектывам і яго ўдзельніцамі за творчую дзейнасць, нават цяжка пералічыць.

Людміла Сцяпанаўна ў скла­дзе «Незабудак» прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах і святах. Асаб­ліва запомнілася ёй падарожжа ў Літву на пяць дзён. У Вільнюсе ў 2009 годзе на фестывалі «Пакроўскія званы» выступленні спявачак з Галавенчыц былі сустрэты вельмі цёпла.

Яна ўзгадвае як цікавую і паспяховую паездку ў расійскі Падольск, неаднаразовыя выступленні на абласных «Дажынках». А яшчэ запомніліся ёй наведванні вучоных.

Непаўторная па змесце і дасканалая па мастацкіх характарыстыках лакальная культура Галавенчыц, увасобленая ў творчасці «Незабудак», неаднаразова прыцягвала да сябе ўвагу навукоўцаў-мастацтвазнаўцаў і этнографаў. Так, у выніку шматлікіх фальклорна-этнаграфічных экспедыцый у гэтую вёску былі назапашаны матэрыялы, якія ўвайшлі ў многія выданні, у тым ліку ў працы Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры.

У сваіх уражаннях удзельнікі чарговай міжведамаснай фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі 2006 года адзначылі, што «аўтэнтычны гурт вёскі Галавенчыцы Чавускага раёна з’яўляецца адным з лепшых гуртоў у краіне па парамет­рах захавання мясцовага стылю, манеры выканання, унікальнасці рэпертуару каляндарна-абрадавых, сямейна-абрадавых і паза­абрадавых песень». На думку спецыялістаў, у харавых спевах гурта добры строй, у выканаўцаў прыгожыя галасы, а ў выступленнях калектыву адчуваецца непаўторная энергетыка. У танцах і карагодах, што выконваліся ўдзельніцамі «Незабудак», спалучаліся дынаміка і пластычнасць рухаў з ўнутранай стрыманасцю.

У 2014 годзе ў Галавенчыцы прыязджалі прадстаўнікі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства з Мінска. Маладыя людзі правялі ў вёсцы цэлы тыдзень, запісваючы песні, танцавальныя найгрышы, замовы, расповяды пра абрады. Вельмі добра, што традыцыі аўтэнтычнай творчасці цікавяць моладзь.

– Нас усе называлі «беларусачкі». На фотаздымках прасілі сесці ці стаць толькі наперад. Вельмі паважалі. Балюча бачыць, як зараз Літва ставіцца да Беларусі. Я памятаю шчырае сяброўства, а зараз што там з імі зрабілася, бог іх ведае, – уздыхае Людміла Сцяпанаўна.

Унікальнасць жывога народнага мастацтва, якую ўвасабляюць «Незабудкі», знайшла адлюстраванне ў кінафільме «У святыя вечары на Каляды», які быў зняты ў 1996 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» па сцэнарыі старшага навуковага супрацоўніка Беларускага Дзяржаўнага інстытута праб­лем культуры Міхаіла Козенка. Пазаабрадавым спевам з рэпертуару калектыву прысвечана кінастужка «Жорсткі раманс», знятая Белвідэацэнтрам у 2008 годзе (аўтар сцэнарыя Таццяна Кухаронак). Захаваліся відэакасеты з запісам гэтых стужак, падараных аўтарамі, а яшчэ ў Людмілы Сцяпанаўны ёсць шмат фотаздымкаў з самых розных конкурсаў, фестываляў ды святаў, у якіх ёй даво­дзілася ўдзельнічаць. І пра кожнае мерапрыемства яна расказвае шмат цікавага: ад таго моманту, як адбіраліся спевы для выканання і канцэртныя касцюмы (дарэчы, да свайго знешняга выгляду ў час выступленняў артысткі падыхо­дзілі вельмі сур’ёзна) і да рэакцыі гледачоў, удзельнікаў, арганізатараў на іх праграму.

27 верасня 2007 года рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь фальклорнаму гурту Галавенчыцкага клуба народнай творчасці «Незабудкі» прысвоена найменне «Народны аматарскі калектыў», якое было пацверджана ў 2013 годзе.

У склад гурта ўваходзілі На­дзея Данілаўна Казлова, яе сястра Зоя Данілаўна Царанкова, Надзея Аляксандраўна Лазуціна, Валянціна Іосіфаўна Копелева, Валянціна Лявонцьеўна Філіпчэнка, Людміла Канстанцінаўна Мацюліна.

У кожнай удзельніцы гурта была свая роля, гучанне іх галасоў разам утварала непаўторную гармонію. Любімай песняй жанчын была «А сонейка за лясок…». Апошнія 13 гадоў кіраўніком з’яўлялася Людміла Кавалёва, загадчык культурна-спартыўнага цэнтра аграгарадка Вусце. Каб захаваць мясцовую традыцыю і пераняць манеру выканання гурта, прадстаўнікі Раённага цэнт­ра культуры і вольнага часу ўдзельнічалі ў рэпетыцыях, канцэртных праграмах «Незабудак», яны асвойваюць песенны рэпертуар і традыцыйныя абрады ад Людмілы Сцяпанаўны. А гэта азначае, што жыццё народнай песні будзе працягвацца ў творчасці новых пакаленняў.

Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў раённага Цэнтра культуры і вольнага часу ДУК «Цэнт­ралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна»:

– Мясцовы стыль песеннай, танцавальнай і народна-апавядальнай лакальнай традыцыі міжрэчча Сожа і Проні вёскі Галавенчыцы – унікальная культурная спадчына Чавускага раёна. Удзельніцы аўтэнтычнага гурта «Незабудкі» былі захавальнікамі і носьбітамі не толькі мясцовых звычаяў, абрадаў, але і светаразумення, светапогляда нашых продкаў.

Рэпертуар калектыву меў яўны і глыбінны ўзроўні. Яўны – гэта разнастайныя абрадавыя і пазаабрадавыя песні, традыцыйныя танцы, гульні і іншыя формы традыцыйнай культуры, што можна прадставіць на сцэне. Глыбінны – гэта традыцыйныя веды абрадаў, звычаяў, казак, легенд, паданняў, былічак, прыкмет і павер’яў. Словам, тых каштоўных відаў народнай культуры, якія звычайна застаюцца па-за рамкамі канцэртнай дзейнасці.

Удзельнікам калектыву ўдалося захаваць мясцовы стыль, своеасаблівую манеру выканання, традыцыйны ўнікальны рэпертуар каляндарна-абрадавых і сямейна-абрадавых песень.
У раённым Цэнтры культуры г.Чавусы і ў Магілёўскім абласным цэнтры народнай творчасці створаны аб’ёмны фонд фальклорнага матэрыялу на аснове творчасці ансамбля «Незабудкі», запісанага на аўдыё-відэаносьбітах: больш за 60 песень, танцаў, гульняў.

У мэтах захавання элемента нематэрыяльный культурнай спадчыны вёскі Галавенчыцы ўдзельнікі народнага ансамбля народнай музыкі і песні «Землякі» раённага Цэнтра культуры і вольнага часу правялі некалькі творчых сустрэч з мэтай пераймання ўнікальнага рэпертуару. Штогод яны сустракаюцца з носьбітамі традыцыйнай культуры вёскі Галавенчыцы на абрадавай праграме «Гуканне вясны». У 2025 годзе «Землякі» прымалі ўдзел у Міжнародным фестывалі «Смаленскі ражок», у расійска-беларускім фестывалі «Две Руси – две сестры» ў Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі з песнямі «Незабудак».

Последние новости

Актуальные новости

ЕРИП временно не будет работать в Беларуси — когда?

4 июня 2026
Читать новость
Актуальные новости

Районный этап «Властелина села» собрал 6 семей из агрогородков региона — кто стал победителем

4 июня 2026
Читать новость
Актуальные новости

В Беларуси отменили утильсбор при ввозе некоторых автомобилей — каких?

4 июня 2026
Читать новость
Актуальные новости

На Солнце произошёл чёрный взрыв. Что это такое и чего ждать людям?

4 июня 2026
Читать новость
Актуальные новости

Совсем скоро в Чаусах появится новая многофункциональная детская площадка

4 июня 2026
Читать новость
Актуальные новости

Узнали, что изменилось в земельном законодательстве

4 июня 2026
Читать новость

Рекомендуем