Цікавасць да народнай спадчыны абуджае праект Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея “Казкі на падушках”

Інтэрактыўны праект Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея “Казкі на падушках” далучае дзяцей нашага рэгіёна да народнай літаратурнай спадчыны. Бо казкі, якія распавядаюць ім, складзены нашымі продкамі і маюць павучальны і выхавальны сэнс. А яшчэ праект дапамагае зацікавіць малодшае пакаленне гісторыяй малой радзімы. І дзеці нярэдка звяртаюцца да бацькоў з прапановай пабыць у музеі сям’ёй.


Калі рабяты прыходзяць менавіта за казкамі, яны ўтульна размяшчаюцца на падушках, раскіданых па падлозе ў этнаграфічнай зале музея, дзе ўсё дыхае “беларускасцю”. Прадметы побыту і адзення нашых продкаў ствараюць непаўторную атмасферу куточка Беларусі з мінулага. Мясцовая жанчына Марфа Сямёнаўна, апранутая ў чавускі строй, распавядае дзецям беларускую народную казку “Піліпка”, у якой расказваецца пра вялікую ролю працы, пра сумленне і адказнасць.



Маўленне з дзецьмі па-беларуску ў такой займальнай, гульнёвай форме садзейнічае ўзбагачэнню слоўнікавага запасу. Як паведаміла дырэктар музея Іна Казакова, да іх прыходзяць не толькі выхаванцы дзіцячых садкоў, але і ўдзельнікі летніх аздараўляльных лагераў. На мінулым тыдні раённы музей наведалі вучні Радамльскай сярэдняй школы.