Адна з вуліц Чавус названа ў гонар нашага славутага земляка Андрэя Ушакова – паэта, перакладчыка, крытыка, журналіста

Адна з вуліц Чавус названа ў гонар нашага славутага земляка Андрэя Ушакова – паэта, перакладчыка, крытыка, журналіста

Чавуская зямля стала малай радзімай для вялікай колькасці выдатных людзей, сярод якіх мастакі, навукоўцы, архітэктары, ёсць і самабытныя літаратары. На жаль, час – з’ява, якая накідвае пыл забыцця на постаці мінулага. Што мы можам зрабіць з няўмольнымі дзесяцігоддзямі? Лічым, што толькі адно – захаваць памяць і павагу да нашых продкаў і гонар за іх дасягненні. Сумесна з раённым музеем мы рэалізуем праект пра нашых землякоў, у гонар якіх названы вуліцы Чавус. Адзін з іх – Андрэй Ушакоў.

У мікрараёне Цэнтральны Чавус ёсць вуліца імя Андрэя Ушакова. Калі мы запыталіся ў жыхароў аднаго з дамоў, што яны ведаюць пра гэтага чалавека, адказа не дачакаліся і вырашылі абавязкова распавесці аб нашым знакамітым земляку. Андрэй Фёдаравіч быў выдатным паэтам, крытыкам, перакладчыкам, журналістам. Свае выршы падпісваў псеўданімам Андрэй Бязмежны, не было межаў і ў яго талентаў.

У сялянскай сям’і Фёдара Васільевіча і Прасковіі Іванаўны Ушаковых з вёскі Рабяткі Чавускага ўезда Магілёўскай губерніі ў кастрычніку 1912 года нара­дзіўся сын, імя яму далі Андрэй. У сям’і было шасцёра дзяцей: чатыры дачкі і два сыны. З малых гадоў яны дапамагалі бацькам у цяжкай сялянскай працы. Андрэю даручалі пасвіць скот. На досвітку ён выганяў статак і да вечара знаходзіўся на прыродзе, якая захапляла хлапчука і натхняла сваёй прыгажосцю. Напэўна там, на прасторах роднай зямлі, і з’яўляліся першыя рыфмаваныя радкі. А яшчэ ён прагнуў ведаў, вельмі хацеў вучыцца. Пасля рэвалюцыі 1917 года ў Андрэя, як і ў тысяч сялянскіх дзяцей, з’явілася магчымасць атрымаць адукацыю, ён скончыў сямігодку і накіраваўся ў Віцебск, дзе вучыўся ў прафшколе металістаў. Там атрымаў прафесію слесара і пайшоў працаваць у чыгуначнае дэпо, затым – у майстэрню авіяпарка. За працай нараджаліся вершы, іх было не стрымаць, літаратурны талент выпраменьваў усё новыя творы аб рабочым класе, заводах і фабрыках, аб індустрыяльным пульсе вялікага горада. Сельскі хлопец нібыта адчуваў рабочы рытм і перадаваў яго словамі роднай мовы дасціпна, цікава і творча.

Сустрэча родных Андрэя Ушакова – сям’і Таццяны Ліцкевіч з пісьменнікамі Чавускага раёна і вучнямі Асінаўскай школы ў гонар юбілею паэта. Фота 2007 года з архіва рэдакцыі.

Па ўсходнях, пад напевы ­ветру,
Я іду адважным змагаром,
Каб iзнoў на два з паловай метры
Угару за дзень узняўся дом.
Мне прыемна
У працы маладому,
Поўнаму бурлівых
Творчых сіл,
Разам з гэтым
Велізарным домам
У неабсяжную ўразацца сінь.
Залатое сонца з паднябесся,
3 бронзавай шчацінаю вусоў,
Будзе ласкава ў абдымках песціць
Сцены збудаваных карпусоў.

унук Андрэя Ушакова

Андрэю прапанавалі надрукаваць вершы ў газеце «Віцебскі пралетарый». Пайшлі станоўчыя водгукі, юнак стаў членам Беларускага саюза пісьменнікаў. Першая кніга вершаў Андрэя Ушакова выйшла, калі паэту было толькі 19 гадоў, у 1931 годзе, і называлася «Рабочы пульс».
У 1932-33 гадах ён вучыцца на сцэнарным аддзяленні Віцебскага кінатэхнікума. У 1933 годзе выйшаў зборнік вершаў Андрэя Бязмежнага «Праца і маладосць», а Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла яго кнігу паэзіі «Зарава вагранак». Наш зямляк не спыняецца на дасягнутым і паступае ў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі на сцэнарны факультэт. Падчас навучання працуе слесарам на будаўніцтве Маскоўскага метро.

Калі закрылі сцэнарны факультэт, Андрэй Ушакоў паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі i літаратуры імя Чарнышэўскага на тэатразнаўчае аддзяленне. Ён моцна пасябраваў там з Алесем Жаўруком. Літаратура па-ранейшаму заставалася яго асноўнай справай, але ён з цікавасцю паглыбіўся ў тэатразнаўства. Учарашні падлетак-падпасак, зрабіўшыся заўзятым тэатралам, не прапускаў ніводнай пастаноўкі. Да свае творчасці паэт пачаў ставіцца больш патрабавальна, працаваў над пытаннямі паэтычнай мовы i формы. У 1938 годзе з’яўляецца яго новая кніга вершаў «Голас Радзімы». Творы аб сэнсе жыцця чалавека.

Як шмат i лёгкіх, i суровых
Дарог пралегла ў белы свет.
Ты сам па ix свой значыш след,
Сам гаспадар шляхоў жыццёвых.
Ды важна зразу чалавеку
Знайсці сябе ў сваім жыцці,
Сваёю сцежкаю icці…

Паэтычныя творы Андрэя Ушакова прыцягнулі ўвагу кампазітараў. Мікалай Чуркін напісаў рамансы «Чараўніца», «Вёска залатая», «Адна з тайнаю трывогаю». Асаблівую папулярнасць набыла песня «Дзе ты, чарнавокая?»

Дзе ты, чарнавокая,
Блізкая, далёкая,
Светлая, падобная вясне?
Можа, у гэты вечар
Ты чакаеш стрэчы
I таксама марыш пра мяне?
Пра асабістае жыццё Андрэя Ушакова вядома зусім няшмат. У Беларускім дзяржаўным архіве- музеі літаратуры і мастацтва захавалася яго біяграфія, напісаная рукой Таццяны Сяргееўны Падабедавай, якая адзначана як удава паэта.

Аляксей Зарыцкі, які добра ведаў нашага земляка, успамінаў: «Андрэй Ушакоў быў вельмі сціплым, працавітым i адукаваным чалавекам». Ён паспяхова выступаў i як крытык, змясціў некалькі кваліфікаваных артыкулаў аб паэзіі i тэатры. 3 поспехам перакладаў на беларускую мову творы Лермантава i Джамбула. Спрабаваў Ушакоў свае сілы i ў драматургіі. Разам з Аляксеем Жаўруком ён напісаў лiбрэта першай беларускай аперэты «Зарэчны бор», музыку да якога стварыў вядомы беларускі кампазітар Мікалай Чуркін. Разам два сяб­ры-паэты выдалі i зборнік дзіцячых вершаў «Мой таварыш», куды ўвайшлі паэмы для дзяцей «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада», «Пра майго таварыша». Ушакоў пісаў таксама апавяданні. Адно з іх «Вярнуўся», якое з’явілася ў 1936 годзе.

А ў 1939 годзе Андрэй Ушакоў, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, вярнуўся ў Мінск, працаваў ва ўпраўленні культуры інспектарам. У тым жа годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, дзе працаваў у армейскім друку, быў сакратаром рэдакцыі газеты «За савецкую Радзіму». Вядомы вершы Андрэя Бязмежнага пра вoiнскую службу – «Ранта», «Развітанне з лагерам», «Муж­насць». Іх гepoi – армейцы любяць жыццё, прыроду, умеюць заўважаць прыгожае.

Востра адчуваў паэт набліжэнне вайны. Прарочымі сталі радкі з яго верша «Начлег»:
… I трэба жыць, як на вайне,
Быць да ўсяго гатовым.
Бо, можа стацца, заўтра мне
Icцi скрозь дождж свінцовы.

Дзень 22 чэрвеня 1941 года назаўжды перамяніў жыццё савецкіх людзей, пачалася страшэнная вайна з фашысцкай Германіяй. Андрэй Ушакоў вая­ваў у складзе 149-й стралковай дывізіі. Апошні ліст ад яго жонка атрымала 9 ліпеня з Гомеля. У кароткім даведніку «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» сказана: «загінуў у 1941 годзе пад Гомелем». Андрэю Ушакову лёсам было адведзена толькі 30 гадоў, але як многа ён паспеў зрабіць за гэты кароткі час. Паэт застаўся назаўсёды маладым.

Іна Казакова, дырэктар Чавускага раённага музея:
– У будынку Саюза пісьменнікаў Беларусі ўвекавечаны імёны больш як 20 паэтаў і празаікаў, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх – наш зямляк Андрэй Ушакоў (Андрэй Бязмежны), які меў багатыя літаратурныя магчымасці. Жыццё Андрэя Фёдаравіча абарвалася вельмі рана, але я лічу, што яго творчая спадчына хвалюе чытача і сёння, бо тэмы твораў блізкія і зразумелыя кожнаму чалавеку….


Наталля ШКРЭДАВА,
з выкарыстаннем матэрыялаў Асінаўскай сельскай бібліятэкі

Последние новости

Актуальные новости

Как работать профсоюзам в современных условиях, обсудили в Чаусах

13 мая 2025
Читать новость
Актуальные новости

В Чаусах активно ведётся ремонт дорог

13 мая 2025
Читать новость
Актуальные новости

В Чаусском ЦДО школьники ознакомились с работой объединений по интересам

13 мая 2025
Читать новость
Актуальные новости

У минчанина под угрозой убийства требовали отдать криптовалюту на 1 млрд рублей

13 мая 2025
Читать новость
Актуальные новости

Гомельчанина в стиле 90-х пытали утюгом

13 мая 2025
Читать новость
Актуальные новости

В Министерство труда и социальной защиты поступали предложения о введении налога на бездетность

13 мая 2025
Читать новость