Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагароджаны Мікола Салаўцоў з Чавус


Дата: 15.01.2023

Ганаровай граматай Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за вялікі асабісты ўнёсак у культуру Прыдняпроўскага края ўзнагароджаны член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы грамадзянін Чавускага раёна, паэт Мікалай Іванавіч Салаўцоў. Ён аднагодак Магілёўскай вобласці, зусім нядаўна адзначыў 85-гадовы юбілей. На мінулым тыдні паэта наведалі начальнік упраўлення па рабоце са сродкамі масавай інфармацыі і маладзёжнай палітыкі Алена Дзівакова і старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Казека. З цёплымі пажаданнямі здароўя і дабрабыту яны ўручалі паэту высокую ўзнагароду.

       Нарадзіўся Мікалай Іванавіч  у вёсцы Красавічы Клімавіцкага раёна. Скончыў   Савініцкую школу, Клімавіцкі ветзаатэхнікум, завочна – БДУ імя У.І. Леніна, факультэт журналістыкі. Пяць гадоў выбіраўся першым сакратаром Клімавіцкага райкама камсамола, быў членам бюро Магілёўскага абкама камсамола, узначальваў рэвізійную камісію. Васямнаццаць  гадоў займаў пасаду старшыні Чавускага раённага камітэта народнага кантролю. Працаваў журналістам у раённай газеце “Іскра”,15 гадоў быў галоўным рэдактарам рэдакцыі раённага радыё ў Чавускім раёне, з’яўляўся яго стваральнікам, больш за 40 годоў узначальваў  раённае літаратурнае аб’яднанне  “Маладзік над Проняй”.

Яго вершы  друкаваліся  ў розных выданнях: “Чырвоная змена”, «Літаратура і мастацтва”;  “Настаўніцкая газета”, у часопісах “Бярозка”; “Вясёлка”, “Вожык” і ў іншых.

У верасні 2006 года Мікола Салаўцоў быў прыняты ў члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.

 “ Мікалай Іванавіч Салаўцоў – гэта прамое люстра мінулага адрэзка часу і явы сённяшняга дня. Аналізуючы яго жыццёвы і творчы шлях, складваецца ўражанне, што ён ідзе прамой дарогай, пакідаючы нашчадкам свой мужны след, ”- гэтыя радкі  належаць члену Саюза пісьменнікаў  Беларусі Івану Архіпавічу Аношкіну.       

    Аб творчасці Міколы Салаўцова ў свой час  вельмі станоўча адклікнуўся народны пісьменнік Беларусі Максім Танк,  а таксама даў выдатную рэцэнзію на першую кнігу Міколы Салаўцова “Вавёрчын веласіпед” Аляксей Пысін.

Мікалай Іванавіч – аўтар больш дзесяці зборнікаў паэзіі для дарослых і дзяцей.

“Для паэтычнай мовы Міколы Салаўцова ўласцівы прастата і разам з
тым імкненне знайсці нейкія “незацяганыя” словы, каб перадаць галоўную ідэю верша.  Аўтара хвалюе лёс нашай Бацькаўшчыны, яе гісторыя, ён захапляецца прыгажосцю навакольнага асяроддзя, мясцінамі роднай прыроды,” – такую характарыстыку даў творчасці Мікалая Іванавіча член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцін Іванавіч Крыжэвіч, які  быў першым рэдактарам яго твораў. 

Больш за 60 гадоў Мікалай Іванавіч жыве на чавускай зямлі, якая ганарыцца гэтым.    У кастрычніку 2022 года ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Чавусы быў адкрыты куток-выстава «І  розумам, i справай заваёвана слава!», прысвечаны творчасці Міколы Салаўцова.

За актыўную літаратурную дзейнасць паэт узнагароджаны знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.