Аб старадаўняй гісторыі манастыра ў Ануфрыеве Мсціслаўскага раёна

Аб старадаўняй гісторыі манастыра ў Ануфрыеве Мсціслаўскага раёна

Падарожнічаючы па Магілёўшчыне, яшчэ раз пераконваюся, што наша зямля поўная прыгожымі старажытнымі архітэктурнымі будынкамі – храмамі, касцёламі, манастырамі, дзе хочацца абавязкова пабываць, адпачыць душой, атрымаць асаблівыя ўражанні. У час Савецкай улады, а таксама ў гады Вялікай Айчыннай вайны многія з іх моцна пацярпелі, зараз знаходзяцца ў паўразбураным стане і з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны.

На Мсціслаўшчыне каля ракі Чорная Натопа ёсць невялікі аграгарадок Сялец. Яшчэ ў 1976 годзе гэта мясцовасць мела больш прыгожую назву – Ануфрыева, таму што менавіта тут у 15 стагоддзі быў пабудаваны манастыр. Гістарычны будынак мае адмысловую даўнюю легенду, якая стагоддзямі пераходзіла з вуснаў бацькоў да сыноў і захавалася да нашых часоў.

Гісторыя з’яўлення манастыра ў Ануфрыеве звязана з адным з сыноў Ягайлы, князем Лугвеніем Сямёнам, які на той момант валодаў Мсціслаўскімі землямі. Праваслаўны манастыр у Ануфрыеве быў заснаваны ў 1407 годзе.

Як абвяшчае легенда, любімы сын Лугвенія заблудзіўся ў лясных угоддзях падчас палявання. Звалі сына Юрыем. Юны князь блукаў па дрымучых лясах некалькі дзён і ўжо страціў надзею выбрацца з гушчару. Аслаблы юнак страціў не толькі сілы, але і надзею на выратаванне. Ён пачаў старанна маліцца і быў пачуты. Да яго з’явіўся святы Ануфрый і паказаў запаветную дарогу. Лугвеній Сямён так адчуў і ўзрадаваўся выратаванню сына, што ў знак асаб­лівай падзякі вырашыў пабудаваць на гэтым месцы манастыр у гонар святога Ануфрыя.

Князь Юрый з асаблівай павагай ставіўся да гэтай мясцовасці і часцяком бываў у манастыры. А будучы пажылым чалавекам, ён падарыў манастыру тры вёскі.

Час не стаіць на месцы, людзі сыходзяць, а тое, што было імі створана, застаецца на нашай зямлі, захапляючы новыя пакаленні.
Пацешная гісторыя адбылася з Ануфрыеўскім манастыром у канцы XVI стагоддзя. Кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III Ваза падарыў яго князю Багдану Азярэцкаму-Друцкаму. Апошні меў намер пастрыгчыся ў манахі. Але як толькі неабходныя дакументы былі падпісаны, князь заявіў, што перадумаў прымаць духоўны сан. Кароль з такімі свавольствам і хітрасцю мірыцца не стаў і тут жа разарваў паперы. Пазней манастыр перадалі ўніятам.

Лічыцца, што менавіта з Ануфрыеўскага манастыра Іраклій Лісоўскі, царкоўны функцыянер, кіраваў уніятамі ўкраінскіх, беларускіх і літоўскіх земляў пасля далучэння іх да Расійскай імперыі.
На фатаграфіі мы бачым не манастыр (ад яго, акрамя гістарычных звестак, нічога не засталося), а руіны ад храма. На старажытнай пабудове ёсць таблічка, дзе пазначана, што царква пабудавана ў 18 стагоддзі.

Але некаторыя крыніцы кажуць аб іншай даце – 1825 годзе. Прыкладна да гэтага перыяду адносяцца і руіны келейнага корпуса, размешчаныя побач з царквой. Царква ўяўляе сабой помнік пераходнага перыяду: ад позняга барока да класіцызму. Калі глядзіш на будынак, у першую чаргу ў вочы кідаецца і прыцягвае адмысловую ўвагу высокі руставаны цокаль на верхавіне царквы, драўляныя рамы вокнаў і буйныя калоны. Разглядаючы гэты будынак, можна бачыць, што ўяўлялі сабой такія помнікі пераходнага перыяду.

У 1839 годзе касцёл быў перададзены праваслаўным. А ў савецкі час манастырскія пабудовы аддалі пад школу, а ў самой царкве размясцілася спартзала. Тады ж храм пазбавіўся металічнага даху. Яго разабралі мясцовыя жыхары для выкарыстання ў гаспадарцы. Як толькі храм застаўся без даху, ён стаў разбурацца на вачах.

Мясцовыя жыхары да архітэктурнай спадчыны настолькі прывыклі, што нават не звяртаюць на яе асаблівай увагі. А вось прыезджыя людзі не могуць адарваць вачэй ад былой прыгажосці і асаблівай гістарычнай магутнасці. Бо кожная цаглінка гэтага цудоўнага храма напоўнена шматгадовай гісторыяй. Аднавіць гэты помнік архітэктуры даволі складана і затратна, і ўсё ж, пакуль ёсць магчымасць палюбавацца гістарычным творам будаўніцтва, можна прыехаць у вёску Сялец Мсціслаўскага раёна. Гэта будзе незвычайная экскурсія, якая застанецца ў памяці надоўга. Тым больш, што на гэтым святым месцы, хоць і не адноўлены старажытны храм, была ўзведзена новая невялікая драўляная цэркаўка. Рэлігійнае жыццё ў вяскоўцаў вярнулася ў гэтыя краі ў лютым 2018 года. Будавалі яе, што называецца, усім светам: Горацкі лясгас вылучыў матэрыялы, водаканал зрабіў зруб, дапамагалі ва ўзвядзенні манахі размешчанага непадалёк Пустынскага манастыра. Сёння службы ў храме праходзяць кожную нядзелю і па важных рэлігійных святах.
Людміла САЎЧАНКА

Последние новости

Актуальные новости

Чаусским выпускникам рассказали как поступить в сельскохозяйственную академию

27 июня 2025
Читать новость
Актуальные новости

Блогер из Чаус проехал 1500 километров по Беларуси. Где был и что увидел?

27 июня 2025
Читать новость
Актуальные новости

Используют каждую погожую минуту. Рассказываем, как аграрии ОАО “Сосновый бор г.Чаусы” заготавливают корма

27 июня 2025
Читать новость
Официально

Вопросы благоустройства территорий рассмотрели на заседании сессии Чаусского районного Совета депутатов

27 июня 2025
Читать новость
Актуальные новости

Рассказываем, кто в передовиках на заготовке кормов в Чаусском районе

27 июня 2025
Читать новость
Актуальные новости

В Чаусском РЦСОН рассказали, как получить единовременную материальную помощь для подготовки детей к школе

27 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем