Жанна Усцінава з Чавускага раёна расказала аб сустрэчы ў Быстрыцы
Па-еўрапейску ўтульны і прыгожы горад Быстрыца, што знаходзіцца ў Румынскай Трансільваніі, у лістападзе мінулага года зноў сардэчна сустрэў сяброў, аматараў тэатра і літаратуры. Чаму зноў? Таму што міжнародны фестываль “Лівіу Рэбрану” праводзіцца тут ужо ў дзевяты раз і, увогуле, зусім нядаўна, а дакладней летам, тут адбыўся міжнародны фестываль фальклору, у якім удзельнічалі 32 краіны свету, у тым ліку і Беларусь. Фэст, прысвечаны памяці знакамітага румынскага паэта Лівіу Рэбрану (гэта накшталт нашага Янкі Купалы), праводзіцца штогод, і лаўрэатамі яго становяцца папераменна тэатральныя і літаратурныя дзеячы. Праграма фестывалю доўжылася з 27 лістапада па 1 снежня, а 2 снежня ва ўсёй краіне святкавалі Дзень Румыніі.
З першага імгнення горад Быстрыца і яго гасцінныя гаспадары зачаваравалі прадстаўнікоў нашай дэлегацыі. А прадстаўляць сучасную беларускую паэзію на міжнародным узроўні прыехалі: вядучы метадыст Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Палханава Жанна Ільінічна, мастацкі кіраўнік УК “Магілёўскі гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу”, паэтка, драматург Алена Беланожка, і аўтар допісу, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Гарбавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс: дзіцячы сад-сярэдняя школа” Чавускага раёна, паэтка Жанна Усцінава.
Тое, што нас тут сапраўды рады былі бачыць, мы адчулі з першага дня. У дзень адкрыцця фестывалю, 27 лістапада, усіх прадстаўнікоў дэлегацый з пяці краін свету: Францыі, Ізраіля, Балгарыі, Малдовы і Беларусі, запрасілі на прэс-канферэнцыю мэр горада Быстрыца Авідзій Тэадор Крэту і арганізатар фестывалю, дырэктар муні-цыпальнага цэнтра культуры, прэзідэнт міжнароднага саюза фальклорных фестываляў, пісьменнік, прафесар Дорэл Косма.
Наогул, у рамках фестывалю прайшло шмат запамінальных культурных мерапрыемстваў. Выступалі тэатральныя і музычныя румынскія калектывы з Бухарэста, Канстанцы, Бакэу. Мы захапляліся віртуозным выкананнем класічных музыкальных шэдэўраў Баха, Моцарта, Вэрдзі, Чайкоўскага Еўрапейскім дзяржаўным аркестрам з Бухарэста. Затаіўшы дыханне, сачылі за арыгінальнай пастаноўкай п’есы “Дзядзя Ваня” А.Чэхава. Падпявалі спевакам падчас прагляду аперэты “Лятучая мыш”. І няхай мы не разумелі румынскай мовы, на якой ішлі пастаноўкі, але, я лічу, мова сапраўднага мастацтва зразумелая ўсім.
У гарадскім музеі, які носіць арыгінальную назву “Галерэя “Дом з ільвамі”, праходзілі прэзентацыі кніг знакамітага румынскага пісьменніка-сатырыка Карнэла Удры, прафесара Дорэла Космы і іншых румынскіх аўтараў. Тут жа адбыліся выставы карцін румынскіх мастакоў-карыкатурыстаў Актавіана Быку і Габрыэля Русу. Пісьменнікі, паэты, мастакі з г.Быстрыца прэзентавалі нам свае творы.
Безумоўна, найбольш увагі ўдзялялася на фэсце запрошаным паэтам. Французскае, арабскае, балгарскае, малдаўскае і беларускае паэтычнае слова гучала неаднойчы. Першы раз падчас правядзення літаратурна-музычнай гасцінай у “Галерэі “Дом з ільвамі”, затым у час прамога эфіру на тэлебачанні г.Быстрыца. Але, бадай, самае запамінальнае было падняцце на самую высокую вежу Трансільваніі, гатычнага евангелісцкага касцёлу 15 стагоддзя. Тут адкрылася шыкоўная панарама горада Быстрыца і адбыўся прамы радыёмост з Парыжам. Упершыню ў гісторыі фестывалю прайшоў запіс выступлення ўдзельнікаў для новага міжнароднага радыё “Radio International BC”, якое асвятляе ўсе значныя культурныя падзеі сучаснасці. Трансляцыя перадачы вялася ў Францыі, Іспаніі, Грэцыі, Ізраілі. Мы, беларусы, на маю думку, пакінулі аб сабе яркае ўражанне. Наша эмацыянальна-узнёслая, экспрэсіўная, філасофска-разважлівая паэтыка “зачапіла” ўсіх: і ўдзельнікаў фэста, і простых румынскіх слухачоў. Незнаёмыя людзі падыходзілі, дзякавалі, выказвалі захапленне.
Акрамя афіцыйнай праграмы фестывалю ўсе чатыры дні ішлі нефармальныя зносіны з іншамоўнымі паэтамі. Без перавелічэння можна запэўніць, што французы Жуэль Контэ і Марыева Сол, балгары Дзімітрый Пятроў і Мануэла Сімяонава, малдаванкі Вера-ніка Владэй і Лаура Тугарэў, ізраільцянін Хафіф сталі нашымі сябрамі. Мы абмяняліся кнігамі паэзіі, сувенірамі, візітоўкамі. Алена Беланожка нават вяла гаворку пра сумесныя праекты з Жуэлем Контэ і музычным джаз-бэндам з г.Канстанцы.
Падчас закрыцця фестывалю і ўручэння літаратурнай прэміі ўсе лаўрэаты дзякавалі арганізатарам за магчымасць мець зносіны са сваімі іншамоўнымі калегамі. А мы, беларусы, ганарыліся тым, што маладой беларускай паэзіі дазволілі быць пачутай на міжнародным узроўні.
Ж.УСЦІНАВА.