Лексікограф, фалькларыст, этнограф, археограф, педагог. Што мы ведаем пра нашага выбітнага зямляка Івана Іванавіча Насовіча?

Лексікограф, фалькларыст, этнограф, археограф, педагог. Што мы ведаем пра нашага выбітнага зямляка Івана Іванавіча Насовіча?

Мовазнаўца-лексікограф, фалькларыст, этнограф, археограф, педагог – гэта наш знакаміты зямляк Іван Іванавіч Насовіч. Яго ўнёсак у беларускую навуку цяжка ацаніць, яго працы дапамаглі захаваць найвялікшае багацце – разнастайнасць беларускай мовы, яе народную аснову. Цікава, што цалкам прысвяціць сябе навуцы Іван Насовіч змог толькі пасля выхаду на пенсію ва ўзросце 55 гадоў. «Я толькі пачаў, – пісаў ён у той час, – і я буду ісці па гэтай дарозе, наколькі хопіць сілы. У мяне, нарэшце, развязаныя рукі, мяне чакае мой народ, і я павінен зрабіць для яго ўсё, і я не маю права ўпасці, пакуль ён чакае маёй дапамогі і пакуль у мяне ёсць сілы служыць яму».

Іван Насовіч здолеў у XIX стагоддзі правесці даследаванні ў галіне мовазнаўства і этнаграфіі, якія прынеслі яму вядомасць сярод вучоных Расійскай імперыі, за працу ён атрымаў высокія ўзнагароды, а яго высновы не страчваюць актуальнасці ў нашы дні. Тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускага прыслоўя», над якім ён самааддана працаваў 16 гадоў, ахоплівае звыш 30 тысяч слоў, што існавалі ў мове беларусаў у XVIII – сярэдзіне XIX стагоддзяў. Эксперты адзначаюць, што гэта быў першы поўны слоўнік беларускай мовы. Над працамі такога маштабу зараз працуюць цэлыя інстытуты, а Насовіч адолеў гэтую цяжкую аб’ёмную працу адзін. Гэта годны прыклад, які паказвае, што можа зрабіць чалавек, калі ён захоплены сваёй ідэяй і мэтай, калі ён аддае працы ўсе свае сілы без астатку. Пры гэтым Іван Іванавіч быў вельмі сціплым чалавекам, падзвіжнікам. Дзякуючы прысвечанаму яму нарысу Паўла Шэйна, вядомага рускага і беларускага этнографа, лінгвіста і фалькларыста, удалося даведацца цікавыя факты з біяграфіі вучонага.

Нарадзіўся Іван Насовіч у вёсцы Гразівец (тады Быхаўскага павета) Магілёўскай губерні (цяпер – Чавускі раён) у сям’і мясцовага псаломшчыка. Дзед Івана Іванавіча, Рыгор, яшчэ ў дзяцінстве, у перыяд Рэчы Паспалітай, са святарскіх дзяцей быў пераведзены ў прыгонныя кадзінскага памешчыка Пацэя, жыў сярод беларускіх сялян па іх звычаях, але імкнуўся да вывучэння царкоўнай граматы, чым, нягледзячы на разнастайныя перашкоды і займаўся, дасягнуў поспеху і быў прызначаны псаломшчыкам царквы вёскі Доўгі Мох, затым пераведзены ў Гразівец. Яго сын Іван быў не менш здольны да граматы, да навук, да беларускай гаворкі, на якой ён вырас. Іван Рыгоравіч Насовіч не змог з-за смерці бацькі скончыць поўны курс Магілёўскай духоўнай семінарыі, паступіў на яго месца ў Гразівец і ажаніўся з Аглаей Андрэеўнай Хадкевіч, дачкой святара мястэчка Расны (Чэрыкаўскага павета). Яна была «жанчына дабрадзейная і разумная». Бацька будучага вучонага быў «вельмі працавіты, трымаў у добрым парадку сваю сельскую гаспадарку, апрацоўваючы сваю дзячкоўскую частку зямлі». Ён быў добры рыбалоў і дасведчаны садоўнік. Маючы выдатны почырк, атрымліваў прыстойны даход ад справаводства па маёнтку ў нейкай блізкай да Гразіўца канторы. Іван Рыгоравіч Насовіч свяціцелем Георгіем Каніскім быў пасвечаны ў святары Вальмірскай царквы Чэрыкаўскага павета. Іван Іванавіч Насовіч успамінаў:
«Бацька наш, які атрымаў грунтоўны пачатак у навуках, сам прыняўся вучыць нас грамаце, калі мне было пяць гадоў, а брату – шэ­­сць з паловай. Я заўсёды з вялікай увагай слухаў апавяданні са Свяшчэннай гісторыі. Калі мне мінула шэсць гадоў, я ўжо чытаў славянскі і рускі друк. Бацька наш быў строгі і патрабавальны педагог. Кожнае наша свавольства не заставалася без справядлівага пакарання». Узровень падрыхтоўкі братоў Насовічаў уразіў педагогаў і старшакласнікаў Магілёўскай семінарыі пры паступленні іх у гэтую навучальную ўстанову. «На нас глядзелі, як на цуд», – успамінае навуковец.


Педагагічную дзейнасць Іван Іванавіч пачаў пасля заканчэння семінарыі ў 1812 годзе настаўнікам рускай мовы і славеснасці вышэйшага аддзялення Аршанскага духоўнага вучылішча, потым перавёўся ў Мсціслаўскае духоўнае вучылішча, а ў 1818 го­дзе ўзначаліў Магілёўскае духоўнае вучылішча ў якасці рэктара.


У 1822 годзе Іван Іванавіч Насовіч перайшоў з Духоўнага ведамства на службу ў Міністэрства Народнай Асветы. У яго тады было ўжо чацвёра дзяцей: дачка і тры сыны, якім ён хацеў даць лепшую адукацыю, ды і служба была больш прыбытковай, для сям’і гэта было важна. Яму даручана было нала­дзіць Дынабургскую (Даўгаўпілс) гімназію, затым быў наглядчыкам Маладзечанскага 5-класнага дваранскага вучылішча, скончыў службу наглядчыкам Свянцянскага вучылішча, дзе атрымаў ордэн святога Станіслава 3-й ступені.


У 1843 годзе ён нечакана атрымаў адстаўку, як пісаў сам Насовіч, з-за непаразумення з дырэктарам Скрабелі, якое адбылося ў Вільні. Але заслугі нашага земляка былі высока ацэнены. Папячыцель пры асабістай сустрэчы павіншаваў яго «з выслугаю генеральскага пенсіёна» ў 600 рублёў, якія ён атрымліваў да самай смерці.


Іван Іванавіч вярнуўся ў Мсціслаў, дзе купіў дом. Неўзабаве, як абывацель гэтага горада, як домаўладальнік, ён, па прапанове мясцовага маршалка дваранства, быў прызначаны дэпутатам у кватэрную камісію. Гэтая служба дала яму права на атрыманне ордэна святога Уладзіміра за 35-гадовую службу.


Першую думку заняцца навуковымі пошукамі Івану Іванавічу падалі беларускія свяшчэннікі. Ён піша ў аўтабіяграфіі: «У святы Раства Хрыстова, будучы ў гасцях у Івана Максімавіча (свайго пляменніка), я сустрэў там даволі шмат святароў яго благачыння, людзей адукаваных, якія, кажучы аб сучаснай філалогіі, усё раілі мне заняцца беларускай гаворкай. З гэтага часу я пачаў збіраць матэрыялы для складання слоўніка беларускай гаворкі». Яго сын Васіль Іванавіч пісаў: «Бацька мой не шкадаваў ніякіх выдаткаў, ездзіў у розныя беларускія мясцовасці. Жывучы з малых гадоў сярод вясковага люду, добра ведаў як прыслоўе беларусаў, так і мноства песень, прыказак, прымавак. Ён ведаў і шанаваў іх звычаі. Памятаю, што калі я прыязджаў на вакацыі ў Мсціслаў да бацькоў падчас дажынак, то жніцы прыходзілі да нас у хату з вянкамі з жытніх каласоў і з жніўнымі песнямі, прычым раз на мяне, маладога паніча, быў ускладзены такі вянок. Бацька мой ведаў вельмі добра не толькі тэксты песень, але і іх матывы і любіў іх спяваць. Памятаю яшчэ, што ён, як толькі пачаў збіраць матэрыялы для слоўніка, заўсёды насіў пры сабе сшытак, куды неадкладна ўносіў кожнае новае для яго слова, якое траплялася яму ў размове з прасталюдзінам, кожную цікавую песню, прыказку.
Людзі, больш-менш адукаваныя, родам беларусы, заўсёды ставіліся цалкам спачувальна да этнаграфічных прац майго бацькі, усяляк спрыялі яму ў гэтым. Што датычыцца сялян, то яны прастадушна паведамлялі яму патрабаваныя звесткі ці за чаркай гарэлкі, ці за шклянкай гарбаты, ці проста з-за добрых адносін да яго».


Вопыт педагагічнай дзейнасці, падарожжа па Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губернях далі Івану Іванавічу Насовічу магчымасць глыбока пазнаёміцца з народнай творчасцю, сабраць багаты лексічны, фразеалагічны і фальклорны матэрыял з розных рэгіёнаў Беларусі. На яго аснове даследчыкам былі напісаны «Кароткія філалагічныя назіранні над беларускім прыслоўем», «Невялікі беларускі слоўнік», «Зборнік беларускіх прыказак», рукапісы якіх ён даслаў у аддзяленне рускай мовы і славеснасці Пецярбургскай акадэміі навук у 1850 годзе. Асобным выданнем у 1867 годзе выйшаў яго «Зборнік беларускіх прыказак», у які ўключана каля 3 500 прыказак, прымавак, скорагаворак, пажаданняў, прывітанняў. У зборніку раскрываецца сэнс прыказак, праяўляецца іх паходжанне, даюцца эквіваленты з рускай мовы, а ў многіх выпадках – з іншых моў. Па некаторых звестках, Насовіч валодаў рускай, беларускай, польскай, французскай мовамі, грэчаскай і лацінскай, іўрытам. Рускае геаграфічнае таварыства адзначыла гэтае выданне залатым медалём. Такая высокая ацэнка натхніла вучонага на далейшую працу.


У 1868 годзе выйшаў з друку яго зборнік «Беларускія прыказкі і загадкі», а ў 1873 годзе – зборнік «Беларускія песні», у які ўвайшло больш за 350 тэкстаў песень, прысвечаных сямейным, каляндарным абрадам, розным звычаям і святам.


Па даручэнні археалагічнай камісіі і аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства Насовіч склаў «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе было растлумачана каля 13 тысяч слоў і паняццяў. Па невядомай прычыне слоўнік застаўся ненадрукаваным, але яго аўтару была прысуджана Увараўская прэмія.
Галоўнай працай жыцця нашага земляка стаў «Слоўнік беларускага прыслоўя», выдадзены ў 1870 годзе, калі вучонаму было ўжо 82 гады. За яго мовазнаўца атрымаў Дзямідаўскую прэмію. У гэтым жа годзе ён узнагароджаны ордэнам святога Станіслава 2-й ступені. Насовіч працягваў збіраць лексічныя матэрыялы, якія склалі «Дадатак да беларускага слоўніка», апублікаваны ўжо пасля смерці аўтара ў 1881 годзе.


Значную ўвагу надаваў Іван Насовіч і пытанням гісторыі, асабліва старажытнай гісторыі Беларусі. У сваім гісторыка-лінгвістычным даследаванні «Пра плямёны да часоў Рурыка, якія засялялі беларускую тэрыторыю» аўтар тлумачыў паходжанне старажытных народных назваў плямёнаў ад карэнных беларускіх слоў. У працы «Успаміны майго жыцця», якая належыць да гісторыка-мемуарнага жанру, шырока і глыбока характарызаваўся побыт, норавы і ўзаемаадносіны розных колаў тагачаснага грамадства. Праца, у якой 1000 рукапісных старонак, захоўваецца ў Акадэміі Навук Беларусі.


Іван Іванавіч, чалавек дзейны, працаваў, пакуль дазваляла здароўе. У 1877 годзе яго дзеці сталі атрымліваць лісты, напісаныя рукой малодшага сына, сям’я якога жыла ў доме вучонага. Зрок Івана Іванавіча моцна пагоршыўся, як і яго агульнае самаадчуванне. Памёр ён на 89-м годзе свайго жыцця, пахаваны на могілках Пустынскага манастыра. У пахаванні ўдзельнічала ўсё Мсціслаўскае духавенства на чале з архімандрытам Пустынскага манастыра айцом Антоніем.
Павел Шэйн у сваім нарысе шкадуе аб тым, што ні родныя, ні дваранства Мсціслаўля не паведамілі аб гэтай журботнай падзеі навуковаму свету Расіі. Страту ён лічыць незаменнай, а значэнне прац Івана Насовіча – вялізным. У завяршэнні нарысу ён прыводзіць словы яго любімай беларускай песні:


Пара, жонкі, дамоў ісці!
Пацеряла зара ключы,
Каля постаці ідучы
Да з сонейкам гуляючы,
А месіка гукаючы.
А взайдзіце, ясны зоркі,
І знайдзіце ключы звонкі:
Пара зямлю адмыкаці,
Пара расу выпушчаці.

– Я нагадаю, што казаў Вальтэр, вялікі французскі асветнік, аб слоўніку: «Слоўнік – гэта сусвет у алфавітным парадку». Беларускі сусвет, беларускі космас, біблію жывога беларускага слова на ўсе часы стварыў Іван Насовіч. Менавіта з гэтага слоўніка, што называецца, прыгар­шчамі чэрпаў натхненне наш вялікі беларускі паэт Максім Багдановіч, слоўнік Івана Насовіча быў яго настольнай кнігай. А Максім Горкі, калі пісаў у Вільні беларускім літаратарам і пісьменнікам, прасіў, каб яму пераслалі экзэмпляр слоўніка Насовіча для таго, каб азнаёміцца з жывой беларускай мовай і жывым беларускім словам, – расказаў депутат Палаты прадстаўнікоў Нацыя­нальнага сходу Рэспублікі Беларусь, беларускі гісторык, археолаг, краязнаўца, педагог, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.

Последние новости

Актуальные новости

Лексікограф, фалькларыст, этнограф, археограф, педагог. Што мы ведаем пра нашага выбітнага зямляка Івана Іванавіча Насовіча?

21 августа 2026
Читать новость
Актуальные новости

Житель Бобруйска утонул в луже. Как так получилось?

21 августа 2026
Читать новость
Актуальные новости

Александр Лукашенко и Мин Аун Хлайн встретились для переговоров во Дворце Независимости

21 августа 2026
Читать новость
Слайдер

Стали известны имена передовиков на уборке зерновых в Чаусском районе. Есть новые имена?

21 августа 2026
Читать новость
Актуальные новости

За что будут штрафовать водителей с 25 августа? Попасться очень легко

21 августа 2026
Читать новость
Слайдер

Начальник отдела идеологической работы и по делам молодежи Чаусского райисполкома Ирина Аникеенко проведет прямую телефонную линию по вопросам условий проживания молодых специалистов

21 августа 2026
Читать новость

Рекомендуем