У дзіцячым садзе Чавус дзеці далучаюцца да народных традыцый

Родная, лепшая, мілагучная, матчына… Колькі яшчэ эпітэтаў можна дадаць, каб выказаць свае адносіны да беларускай мовы! Ва ўстановах адукацыі Чавускага раёна вялікая ўвага надаецца фарміраванню патрыятызму ў малодшага пакалення. А любоў да роднай мовы – адна са складаючых гэтага паняцця. З малых гадоў дзеці павінны чуць роднае слова.

Таму ў дзіцячым садзе №2 Чавус штотыднёва праводзіцца дзень роднага маўлення, калі і педагогі, і іх выхаванцы размаўляюць менавіта па-беларуску. А яшчэ, дзякуючы намаганням калектыва, бацькоў дзетак, тут створаны музейны куток «Беларуская хатка». Хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з побытам продкаў, назвамі прылад працы, якімі яны карысталіся, і іх прызначэнем.

Выхавацелі праводзяць у «Беларускай хатцы» гульнёвыя праграмы, пазнавальныя экскурсіі, каб беларускія карані ў нашых малых былі трывалымі. На музычных занятках у дзень роднага маўлення дзеці і дарослыя пад баян разам спяваюць «Купалінку», «Перапёлачку» і іншыя беларускія народныя песні.


Калі мы завіталі ў гэтую ўстанову дашкольнай адукацыі, Юля Барысава і Насця Анікеева распавялі нам пра заняткі, расказалі пацешку пра бусла, паспрабавалі карыстацца посудам і прыладамі працы сваіх прапрабабуль – і ўсё з добрым настроем. Але і гэта не ўсё! Ёсць яшчэ і традыцыя частаваць дзетах беларускімі нацыянальнымі стравамі.


Мы ўсе ведаем смак нашых дранікаў, бабкі, заціркі. Трэба, каб і новае пакаленне не страціла традыцыі беларускай кухні. Словам, вяртанне да беларускаці не можа не радаваць, як і рэспубліканскі праект «Кожная пятніца – роднае, сваё». Давайце цаніць і берагчы нашу спадчыну, нашу мову і культуру!
Наталля ШКРЭДАВА