Чавускім дзеткам расказалі чарговую казку на падушках


Дата: 28.02.2023

На працягу трох гадоў супрацоўнікі чавускага музея даволі паспяхова рэалізуюць інтэрактыўны праект для маленькіх наведвальнікаў на беларускай мове “КАЗКІ на ПАДУШКАХ”.

У рамках тыдня роднай мовы  23 лютага  2023 года пяцігадовыя выхаванцы чавускага дзіцячага садка №4 завіталі на інтэрактыўны занятак у раённы гісторыка-краязнаўчы музей, каб, седзячы на падушках, пазнаёміцца з элементамі беларускага (чавускага) жаночага касцюма, паслухаць беларускую народную казку “Заяц ды вожык”, узгадаць беларускі алфавіт, адгадаць загадкі пра казачных герояў, а яшчэ паразважаць аб сэнсе праслуханай казкі.

Дзеткі з захапленнем слухалі апавядальніцу Марфу Сямёнаўну, хутка адказвалі на яе пытанні, даведаліся пра беларускае адзенне, пазнаёміліся з новымі словамі на роднай мове і паабяцалі, што яшчэ завітаюць у музейную залу, каб паслухаць чарговую казку на падушках.