“Зялёныя святкі” сабралі сяброў на Байкава [дададзена]


Дата: 12.06.2022

На Святую Троіцу ля Байкаўскіх крыніц збіраюцца аматары беларускіх народных песень і традыцый, каб пабачыць выступленні творчых калектываў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.

На чавускай зямлі штогод праводзіцца міжрэгіянальны фестываль “Зялёныя святкі”, сёлета ў дзявяты раз. Сюды прыязджаюць этнаграфічныя калектывы і майстры-рамеснікі, каб прадставіць сваю творчасць.

Тут на Сёмуху  асвячаецца вада на крыніцах. У гэтым годзе ў гэтым святым месцы пастаўлены і паклонны крыж.

Урачыста з хлебам ды соллю, з песнямі ды прыказкамі сустракалі на свяце кіраўніцтва раёна. С пажаданнямі добрага ураджаю было прапанавана зрабіць бярозавы і дубовы венікі старшыні райвыканкама Эдуарду Герасіменка і старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатолю Мацюліну, іх таксама пачаставалі сёлетнім мёдам.

На пляцоўцы каля крыніц адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Анатоль Мацюлін адзначыў, што ў нашым раёне вельмі добразычлівыя жыхары, якія заўсёды чакаюць гасцей, а тым больш, з нагоды такога вялікага хрысціянскага свята.

  • У год гістарычнай памяці, мы павінны звярнуцца да сваіх каранёў, народных традыцый, ганарыцца сваімі продкамі і захоўваць культуру, якую яны нам пакінулі, – сказаў Анатоль Алегавіч.

Начальнік аддзела традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай працы Аляксандр Глуздоў, старшыня журы,  звярнуўся да прысутных са словамі віншавання з Тройцай і пазычыў усім здароўя і дабрабыту.

  • Гэтае святое месца нам даў Бог, а беларускі народ стварыў сваю культуру. Мы павінны ведаць і шанаваць свае вытокі, перадаваць традыцыі сваім нашчадкам. Гэта магчыма ў тым ліку, дзякуючы такім фестывалям як “Зялёныя святкі”, – падкрэсліў Аляксандр Мікалаевіч.

Пачалося свята з тэматычнай праграмы, падрыхтаванай  гуртом “Спадарыня” Чавускага РДК.

Пасля песень і тэатралізацыі гасцям прапанавялі павязаць стужкі на траецкі вянок, які дзяўчыны аднеслі да ракі.

Затым пачаліся выступленні калектываў, з якіх кожны выкарыстоўваў традыцыі сваёй мясцовасці, абрадавыя спевы.

Госці свята слухалі выступоўцаў, наведвалі падворкі майстроў-рамеснікаў, частаваліся смачнымі стравамі, сярод якіх безумоўны поспех належаў нашым любімым дранікам. Па старадаўнім сямейным рэцэпце іх прыгатавала Святлана Шчарбянкова з вёскі Петухоўка Антонаўскага сельсавета.

Вырабы з гліны, лазы, тканыя паясы і вышываныя рэчы, а таксама сувеніры на памяць аб чавускай зямлі маглі набыць на свяце ўсі жадаючыя.

Многія наведвалі купель, дзе акуналіся у студзёную, але вельмі гаючую ваду Байкаўскіх крыніц, якую шматлікія наведвальнікі свята набіралі з сабой.

Дзеці бавілі час у гульнях.

Нарэшце дзевяць калектываў выступілі,  і журы падвяло вынікі . У намінацыі “Траецкія варожбы” першае месца прысуджана прадстаўнікам Свяцілавіцкага СДК з Бялыніцкага раёна, на другім – народны ансамль народнай песні “Вяскоўцы” Дужаўскага СДНТ, на трэцім – народны ансамль народнай песні “Раніца” Каменскага СДНТ.

Сярод удзельнікаў у намінацыі  “Траецкія спевы” лепшым стаў народны клуб аматараў народнай песні “Родныя напевы” Сакалоўскага сельскага клуба Чэрыкаўскага раёна.

Дыплом ІІ ступені атрымаў фальклорны гурт “Карагод” Мяжысецкага СДК Магілёўскага раёна, трэцяе месца падзялілі  “Вяскоўцы” і “Расцяначка” Гарбавіцкага СДНТ.

У намінацыі “Лепшы завівальны карагод” пераможцамі сталі ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Астранка” і дзіцячага ўзорнага фальклорнага ансамбля “Астраначка”  Старадзедзенскага сельскага дома культуры Клімавіцкага раёна. Дыплом ІІ ступені атрымала “Раніца”, дыплом ІІІ ступені ўручаны “Вяскоўцам”.

Журы прысудзіла некалькі спецыяльных дыпломаў. Так, “За захаванне народных трыдыцый” адзначана Людміла Кавалёва (Усцянскі КСЦ). За тое, што з’яўляюцца “Пераемнікамі традыцый” атрымалі дыпломы гурт “Карагод”,  ансамблі “Астранка” і “Астраначка”.

“Лепшымі пачастункамі” сталі традыцыйныя стравы, прыгатаваныя  калектывамі “Родныя напевы”, “Расцяначка” і “Раніца”.

Пасля ўзнагароджвання благачынны Чавускай царкоўнай акругі пратаіерэй Мікалай правёў асвячэнне паклоннага крыжа і вады Байкаўскіх крыніц.