Яго называлі патрыярхам журналістыкі. Да Дню Друку расказваем аб Барысе Стральцове


Дата: 05.05.2022

Каторы раз за жыццё ўпэўніваюся, што не бывае выпадковых сустрэч і людзей. Падчас навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце выкладчыкі неаднаразова ўзгадвалі выдатнага журналіста, вучонага і педагога Барыса Васільевіча Стральцова. Яго лічаць заснавальнікам айчыннай школы журналістыкі.

Гэта чалавек, які шмат гадоў працаваў у газетах, быў практыкам, а потым сістэматызаваў свой вопыт і зрабіў вялікі ўнёсак у тэорыю жанраў і метадалогіі журналісцкай дзейнасці. Барыс Стральцоў стаў аўтарам вучэбных дапаможнікаў, па якіх займалася не адно пакаленне беларускіх і замежных журналістаў. Выдатныя майстры слова сучаснасці лічаць яго настаўнікам і з удзячнасцю ўзгадваюць свайго педагога. Яго заняткі былі ўрокамі прафесійнага майстэрства і жыцця.

Барыс Васільевіч Стральцоў – гэта сапраўдны чалавек-легенда беларускай журналістыкі. Але ён быў яшчэ і вельмі таленавітым пісьменнікам. Яго пад­ручнікі і манаграфіі былі вельмі карыснымі і для маёй адукацыі, але я вырашыла пазнаёміцца і з яго літаратурнымі творамі. На жаль, у электронным варыянце іх няма, але знайшлося некалькі кніг на абанеменце Чавускай раённай бібліятэкі. Чамусці вырашыла пачаць з аповесці пад назвай «Метраном памяці». Якім жа было маё здзіўленне, калі амаль на першых старонках узгадваюцца мае родныя Чавусы. Прычым галоўныя героі твора – гэта чавускія падлеткі, якія ў першыя дні вайны вырашылі дапамагчы атраду самаабароны нашага горада і вызнаць дакладнае месцазнаходжанне нямецкіх войск. Яны накіраваліся з разведкай у суседні раён. Хлапчукі загінулі на Дрыбіншчыне, якую фашысты ўжо захапілі, застаўся толькі адзін, які здолеў дабрацца назад і стаў сведкай боя за Чавусы і акупацыі горада. Падзеі і людзі ў творы апісваюцца так яск­рава і рэалістычна, што ніякіх сумневаў быць не можа – аўтар тут быў і добра ведае мясціны і назвы ваколіц і вуліц Чавус, напрыклад, узгадваюцца Зарэчча, Забалацце.

На маё пытанне, якое дачыненне да біаграфіі пісьменніка мае Чавушчына, ніхто са знаёмых і вучняў Барыса Васільевіча не мог даць адказ, бо яны ведалі толькі, што нарадзіўся Стральцоў у Быхаўскім раёне, працаваў у Бабруйску, а затым пераехаў у Мінск. Афіцыйная інфармацыя таксама не ўтрымлівала патрэбных мне звестак. Я ўжо вырашыла звярнуцца да родных Барыса Васільевіча, калі ў адным з атрыкулаў аб ім мне трапіліся цікавыя радкі: «нарадзіўся ў вёсцы Хутар Быхаўскага раёна, цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласці. З сялянскай сям’і. У 1941 годзе скончыў 8 класаў Чавускай сярэдняй школы».

У Быхаве Барыса Стральцова ўшанавалі ў 20-ы Дзень беларускага пісьменства, што ладзіўся ў 2013 годзе, на будынку Раённага цэнтра культуры адкрылі памятную дошку ў яго гонар. Але атрымліваецца, што мы таксама можам яго лічыць земляком, і не толькі таму, што мясцо­васць, дзе ён нарадзіўся ў 1926 годзе, зараз па адміністрацыйным дзяленні з’яўляецца часткай нашага раёна. У 1930 годзе, калі хлопчыку было ўсяго чатыры гады, сям’я Стральцовых пера­ехала ў Чавусы. Тут маці Марыя Паўлаўна была сак­ратаркай райздрава, а бацька Васіль Азаравіч працаваў галоўным бухгалтарам чавускага саўгаса. Яго арыштавалі, але праз некалькі гадоў ужо вельмі хворага вызвалілі. Хутка ён памёр, а Барыс стаў старэйшым мужчынам у сям’і. Да вайны ён скончыў васьмігодку. Цяжка было падчас акупацыі. Калі ўжо пачалося вызваленне тэрыторыі Беларусі, многіх чавускіх падлеткаў вывезлі ў Германію, у тым ліку Барыса. Ён трапіў у лагер горада Гаўсгам. Голад, цяжкая праца не зламілі волю хлопца, бо была надзея на вызваленне, і яно прыйшло. Яго ўзялі ў Чыр­воную Армію, удзельнічаў у баях у Аўстрыі і Германіі. Пасля заканчэння вайны ў 1948-1949 гадах вучыўся ў дывізійнай партыйнай школе на вячэрнім аддзяленні, скончыў дзявяты клас.

Пасля дэмабілізацыі ў Чавусы не вярнуўся, паехаў да маці, якая тады ўжо жыла ў Бабруйску. Там працягваў адукацыю і працаваў у абласной газеце «Савецкая Радзіма», рэдактар якой здолеў разгледзець літаратурны талент хлопца. Там, у шматлікіх камандзіроўках і рэпартажах з іх фарміраваўся аўтарскі стыль журналіста. У 1951-1956 гадах Барыс Стральцоў вучыўся на філалагічным факультэце БДУ і працаваў у мінскіх газетах «Чыр­воная змена» і «Звязда» (1953-1969). Кандыдат гістарычных навук (1968), доктар філалагічных навук (1978), прафесар (1979).

З 1969 года Барыс Стральцоў – загадчык кафедры тэорыі і практыкі савецкай журналіс­тыкі, сорак год ён прысвяціў педагагічнай і навуковай дзейнасці, але і заставаўся творцам, выйшлі зборнікі апавяданняў «Наследнік» (1963), «Сыходзяцца бальшакі і прасёлкі» (1969), аповесці «Вячэрняя планета» (1975), «Метраном памяці» (1985); раман «Між крутых берагоў» (1980), зборнік абразкоў і апавяданняў «Чарадзейны туман» (2000).

Барыс Васільевіч атрымаў прэмію «За адметны ўклад у развіццё журналістыкі» Канфедэрацыі журналісцкіх саюзаў. Акрамя таго, ён адзначаны званнямі заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва (у намінацыі «Журналістыка»).
Унікальны позірк на людзей і падзеі, непаўторны стыль, павага і майстэрскае валоданне роднай мовай робяць Барыса Стральцова значнай постаццю беларускай літаратуры і журналістыкі.

Наталля Шкрэдава