Жыхары Чавус пабылі ў палацы Пацёмкіна


Дата: 26.09.2014

27 верасня – Сусветны дзень турызму

31 жніўня. Апошні дзень лета павінен запомніцца, не даць восеньскаму суму ахапіць вас, падарыць сапраўды сонечны настрой. На, жаль, раніца гэтага дня была не вельмі светлая.
Да самай апошняй хвіліны я думаў: як жа правесці гэты дзень? Але тут усей сям’ёй мы ўспомнілі, што даўно ўжо збіраліся з’ездзіць у Крычаў, паглядзець на палац князя Пацёмкіна, і вырашылі : зараз самы час. Пасля некалькіх гадзін роздумаў (едзем – не едзем), мы сабраліся і ўсё ж такі адправіліся ў шлях.
Дарога была нядоўгай і даволі цікавай. Незнаёмыя краявіды, забаўныя назвы вёсак…
І вось ён –Крычаў. Адразу заўважаеш халмістасць гэтых месцаў. Пасля нашых Чавус гэта вельмі ўражвае. Ужо пакінутыя буслянкі на слупах..
А вось і палац. Велічны, са слядамі рова, жаўтлявасцю сцен пасярод квітнеючага парка, ён, здаецца, асвятляе ўсе пахмурнае наваколле.
Крыху з яго гісторыі. Пасля падзела Рэчы Паспалітай Крычаў увайшоў у склад Расійскай імперыі і быў падораны фаварыту Кацярыны II – Рыгору Аляксандравічу Пацёмкіну, аднаму з самых таленавітых палкаводцаў таго часу. У 1778 годзе пачынаецца будаўніцтва шыкоўнага палаца ў стылі рускага класіцызму. Аўтар праекта – знакаміты архітэктар І.Я.Староў, самы вядомы твор якога – Таўрычаскі палац у Пецярбургу. Выпадкова ці не, але зверху палац нагадвае літару “Е” – першую літару імя  імператрыцы. Пагаворвалі, што Пацёмкін і Кацярына II былі тайком абвенчаны. У 1780-х гадах у Крычаве будуецца верф, што станоўча уплывала на развіццё горада.
Крычаўшчынай здаўна валодалі князі Галынскія – выхадцы з Польшчы. Род быў вельмі багаты, але з-за Пацёмкіна справы яго значна пагоршыліся. Як і ў астатніх мясцовых памешчыкаў, у Яна Галынскага – тагачаснага галавы беларускай галіны рода – было шмат падстаў для нянавісці да ганарыстага фаварыта.
19 жніўня 1787 года, калі будаўніцтва палаца было скончана, Кацярына II, накіроўваючыся ў Магілёў, завітала ў Крычаў. У палац Пацёмкіна з’ехаліся ўсе мясцовыя землеўладальнікі, каб прадставіцца імператрыцы. Яны згаварыліся ачарніць князя і такім чынам “звергнуць” яго (цікава, што галава загаворшчыкаў пасля таксама стаў фаварытам самадзержыцы). Не хуліў Пацёмкіна толькі Ян Галынскі. Усе здзівіліся, а фаварыт заўважыў гэта і ацаніў. У 1787 годзе Пацёмкін прадае палац і Крычаўшчыну Яну Галынскаму (партрэт яго, дарэчы, вы можаце ўбачыць, калі будзеце падымацца па лесвіцы на другі паверх). У 1849 годзе Стэфан Галынскі (унук Яна) вырашыў перабудаваць рэзідэнцыю ў неагатычным стылі, элементы якога можна заўважыць і цяпер. Кіраваў гэтымі мерапрыемствамі вядомы французскі архітэктар, майстар неаготыкі Бернар Сі-мон. У сярэдзіне XIX  была пабудавана цудоўная брама, стылізаваная пад 4 каменныя егіпецкія піраміды. Унутры іх былі памяшканні для вартаўнікоў з ачагамі. Яшчэ цікава, што два пакоі ў правым крыле называліся “біскупскімі”, бо там сапраўды жыў святар. Калі ў 1855 годзе згарэў драўляны касцёл, Стэфан Галынскі адвёў у палацы месца для набажэнстваў. Там жа адбываліся хрышчэнні і вянчанні. А яшчэ цікава, што зараз там знаходзіцца аддзел гарадскога загса.
З усіх каштоўнасцей палаца Галынскімі  асабліва шанавалася старажытнае, выразанае з дрэва і прыгожа расфарбаванае распяцце. Існавала павер’е, што пакуль яно знаходзіцца ў палацы, будуць у ім і князі Галынскія. Але яны, на жаль, пакінулі радавое гняздо першымі, а іх галоўная каштоўнасць была перададзена ў градскі касцёл Крычава Ў 1918 годзе.
Пасля рэвалюцыі ў палацы была гімназія, а потым працоўная школа, школа-інтэрнат.У 1980-х гадах палац аказаўся ў плачэўным стане, але ў 1988 годзе пачалася рэстаўрацыя. У студзені 2002 года з-за недахопу сродкаў    аб’ект быў закансерваваны. Ужо ў 2003 годзе Пацёмкінскі палац быў унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а пасля – у Інвестыцыйную праграму, што дала другі шанец праекту рэстаўрацыі.
Праз некаторы час пасля адкрыцця палаца сюды пераехаў раённы краязнаўчы музей. Дырэктарам музейнай часткі палацава-паркавага комплексу стаў Вадзім Рыськоў – сапраўдны аматар сваёй справы (дарэчы, ён і праводзіў для нас экскурсію). Для стварэння экспазіцыі з раённага бюджэту выдзяляюцца сродкі, якія  не растрачваюцца дарма. За колькі гадоў у палацы “абжыліся” шыкоўны антыкварны посуд, мэбля, карціны, дакументы і многае іншае. “Парадная зала” ўразіць вас сваёй раскошай (часам тут праводзяцца сапраўдныя балі і канцэрты), “рыцарская зала” раскажа пра гісторыю Крычаўшчыны. Не здзіўляйцеся таблічкам “не садиться”, бо некаторыя нявесты ледзь не з разбегу плюхаліся на антыкварныя канапы ХІХ ст., некаторыя з якіх нават не пераабівалі.
У планах музейшчыкаў – пабудаваць вакол палаца гаспадарчыя пабудовы, дзе размесціцца музей рамяства, перанесці піяніна ў “курыльную залу”, праводзіць “ночы ў музеі”. А галоўная мара – адраджэнне верфі, якая стала б адной з самых славутых мясцін Крычава.
Калі вам захочацца паглядзець – палюбавацца на жыццё багатых і знакамітых дваран мінулых стагоддзяў, не трэба ехаць у Гомель або Нясвіж. Зусім побач з намі ёсць такі шыкоўны палац з найбагацейшай гісторыяй. Я ўпэўнены, што вы не пашкадуеце, калі з’ездзіце у Крычаў. Апошні дзень гэтага лета я не забуду ніколі…
Максім ШКРЭДАЎ.