Як званяць званы з авіябомбаў у храме свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага ў вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна


Дата: 10.12.2021

Нягледзячы на кавідныя абмежаванні, людзі ўсё ж выязджаюць на адпачынак у розныя краіны свету. Больш чым упэўнены: мала хто з нас ведае мясцовыя славутасці не толькі Беларусі, але нават і Прыдняпроўскага краю. Але, як паказвае практыка, і тут, на месцы, можна добра і з карысцю бавіць час. Так, мы працягваем свой праект «Падарожжа па Магілёўшчыне». На гэты раз мы вырашылі даведацца, як званяць званы з авіябомбаў у храме свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага ў вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна і навошта сюды прыязджаюць паломнікі з усяго свету.

Помнік драўлянага дойлідства вабіць не толькі абразамі з гаючай сілай, дзіўнымі падзеямі ў лёсе храма, шляхетнымі гісторыямі, але і неапісальнай прыгажосцю: васільковы колер будынка, беласнежная акантоўка і залатыя купалы-цыбуліны.

Дарэчы, храму Дзмітрыя Растоўскага архітэктара Растрэлі, які ў свой час праектаваў Зімовы палац у Пецярбургу, ў кастрычніку мінулага года споўнілася 115 гадоў і пабудаваны ён без адзінага цвіка.
З гісторыі з’яўлення храма ў Выдранцы даведаліся аб тым, што царкву пабудавала мясцовая памешчыца Марыя Бараноўская-Дорн. Яна пакутавала ад моц­ных боляў у нагах. І аднойчы ёй прысніўся прарочы сон: маўляў, яна вылечыцца, калі пабудуе храм. Царква была ўзведзена ў 1897 годзе, а асвятлілі яе толькі ў 1905 годзе, адсюль і яе дата нараджэння. Але так дакладна ніхто і не ведае, ці вылечылася памешчыца, але мясцовыя ўпэўнены, што цуд адбыўся. Заўважым, што Марыя Ягораўна займалася дабрачыннасцю. Яна – маці чацвярых дзяцей, збірала па акрузе сірот, лячыла іх, навучала. Лёс яе трагічны. Марыю забілі ў красавіку 1918 года, яе цела скінулі ў раку непадалёк ад Выдранкі. Было ёй усяго 63 гады.

На працягу больш за 10 гадоў службу ў храме вёў іерэй Віктар. Ён перабраўся на сваю малую радзіму з Мінска на пачатку 2000-х гадоў. І, як кажуць, аднаўлялі храм усім светам, таму што там было запусценне. З цягам часу ўсё наладзілася, тэрыторыю ля храма акультурылі і сюды сталі прыязджаць людзі з розных краін свету. На жаль, айцец Віктар сёлета пайшоў з жыцця, але за свой час ён з мясцовымі жыхарамі зрабіў вельмі шмат для родных мясцін. Цяпер жа ў храме служыць Мікалай Ляшкевіч.

Так, айцец Віктар непадалёк ад храма ўладкаваў вакол крыніцы купель, куды з’язджаюцца ўсе ахвочыя. Побач добраўпарадкавана маленькая капліца, лаўкі для адпачынку. Адметна, што жыхары іншых вёсак ад­радзілі крыніцы ў суседніх населеных пунктах. Жыхары вёскі Выдранка змайстравалі з дрэва некалькі падставак для ікон, скульптуру Хрыста, ажурны аналой для царквы і шэсць новых крыжоў. Адзін з прыхаджан за ўласныя сродкі пабудаваў на тэрыторыі храма маленькую царкву, у якой зімой праходзіць служба.

У храм прыязджаюць паломнікі з розных куткоў Беларусі, Украіны, Расіі. Імкнуцца пабываць і людзі з далёкага замежжа – Амерыкі, Італіі, Францыі і іншых краін. Кожны з іх вяртаецца сюды са словамі падзяк. Не злічыць старонак з добрымі словамі ў кнізе, якая ляжыць на сваім месцы пры ўваходзе ў храм.

У царквы Дзмітрыя Растоўскага вялізная гісторыя. Храм у Выдранцы – адзіны з 12 храмаў на Краснапольшчыне, які ацалеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У той час адзін з фашыстаў са званіцы царквы страляў па савецкіх салдатах. Яго забілі, але і нашых салдат палегла нямала. У дворыку царквы размешчана брацкая магіла, дзе пахаваны 72 байцы.

Прастрэленая навылёт немцамі Ікона Божай Маці, якая захоўваецца ў храме, прыцягвае да сябе людзей, якія едуць па вылячэнне і да старажытнага вобразу Мікалая Цудатворца. Мае цудатворную сілу і ікона Серафіма Сароўскага, якая ў 1986 годзе прадказала чарнобыльскую трагедыю. Па расказах мясцовых, калі тыя прыйшлі ў храм, абраз быў ахутаны воблакам і з яго капала вада. Старажылы адразу адзначылі, што гэта нядобры знак. Тады і здарылася страшэнная трагедыя. Дзіўна тое, што Выдранка, якая трапіла ў эпіцэнтр радыяцыйнага воблака, выжыла. А каля 80 сёлаў раёна пацярпелі, з’ехала каля 9 тысяч жыхароў.

Характэрна, што ў храме замест звыклых званоў вісяць абрэзаныя карпусы авіябомбаў, знойдзеных пасля вайны. Адна такая частка важыць 60 кілаграмаў, другая – 80. І іх асаблівы звон чутны за некалькі кіламетраў ад Выдранкі.
Дзяніс ЯЎСЕЕНКА