Чавускія католікі сустрэліся з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім


Дата: 02.11.2021

Святую імшу ў старадаўнім магілёўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава 30 кастрычніка ўзначаліў новы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пры ўваходзе ў касцёл свайго арцыпастыра прывіталі вернікі Магілёўшчыны на чале з адказным за гэты ўсходні рэгіён архідыяцэзіі біскупскім вікарыем Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупам Аляксандрам Яшэўскім.

Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары і госці, якія прыбылі ў гістарычную катэдру Магілёва, каб супольна памаліцца падчас святой Імшы.

Сярод удзельнікаў цэлебрацыі былі вернікі з Чавус, яны таксама павіншавалі мітрапаліта з пачаткам біскупскага служэння ў магілёўскай частцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі , пажадалі яму моцнага здароўя.

Выконваючы абавязкі пробашча Чавускай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі – Маці Касцёла ксёндз Віталь Слука расказаў, што біскуп Яшэўскі запэўніў мітрапаліта, што на Магілёўшчыне ён знойдзе руплівых і адданых супрацоўнікаў у сваіх святарах, кансэкраваных асобах і ў супольнасцях свецкіх вернікаў, шчыра адданых справе духоўнага і рэлігійнага аднаўлення ўсходняй часткі архідыяцэзіі. Прадстаўнікі Чавускай парафіі падрыхтавалі падарункі для арцыбіскупа. Пасля Эўхарыстыі арцыбіскуп накіраваўся да вернікаў у Бялынічы.