Валерый Гаўрыш: -Як разумна весці дыялог у сацыяльных сетках?


Дата: 13.08.2021

Група ВК «Іскры», лічу, створана своечасова і згодна з патрабаваннямі часу. Навіны Чавускага рэгіёну зараз могуць чытаць мясцовыя жыхары і тыя, хто жыве за межамі раёна і не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Злучаных Штатах Амерыкі.  

  Але, паважаныя чытачы, я хачу сёння пагаварыць аб іншым: пра змест каментарыяў асобных удзельнікаў спрэчак. З чаго пачалося? Як вядома, кавідная навала патрабавала адпаведных мер. Рашэннем Прэзідэнта ў нас не было лакдаўна, як гэта зрабілі іншыя краіны. Час паказаў правільнасць беларускага курса барацьбы з каронавірусам, эканоміка не абвалілася, медыкі працуюць вынікова. А вось некаторыя ўдзельнікі дыскусій у групе кпілі з дзянняў урада, а потым і з агульнай вакцынацыі насельніцтва. Што б яны пісалі, калі б іх лакдаўн запёр у двушцы з бацькамі і дзецьмі?  

Тыя ж самыя асобы дружна сталі каментаваць падзеі выбараў і пасля іх, паўтараючы мантру аб «мірных» пратэстуючых, пра пыткі, рэпрэсіі, выкладаючы фэйкавыя відэаролікі. Я выказаў свае меркаванні: «На мірныя пратэсты з кактэйлямі Молатава, з заточкамі, з арматурай не ходзяць, тым больш сярод ночы».  Вось тут на мяне пасыпаліся папрокі, знявагі, навешванне ярлыкоў. Дарэчы, пра брахню аб «мірных» пратэстах падрабязна, з фактамі распавёў канал СТВ у дакументальным фільме «2020».  Але нашы чавускія змагары дзяржаўнае тэлебачанне не глядзяць. А дзейнічаюць, з іх кропкі гледжання, «шчыра, мірна і прыстойна». Нехта з іх, я думаю, хтосьці з праграмістаў, стварыў фэйкавую старонку пад маім нікам і выдае бязглуздыя каментарыі, каб скампраментаваць Валерыя Гаўрыша.

Вось ён – сапраўдны твар нашых апанентаў. Хаваюцца пад чужымі старонкамі, а калі чалавек выказвае іншую думку, то замазваюць яго любымі сродкамі. А калі б такія «асобы» дарваліся да ўлады? Ну што ж, маску з сябе сарвалі самі. Але я лічу, нельга бачыць вакол толькі благое, давайце шукаць тое, што аб’ядноўвае. А гэта, у першую чаргу, зямля нашых продкаў. Зараз Год народнай еднасці. Таму ўношу прапанову: я адкрыты для дыялогу, не хаваюся, давайце правядзём сустрэчу неабыякавах жыхароў Чавус, як кажуць, офлайн, напрыклад, у рэдакцыі нашай любімай газеты. 
Валерый ГАЎРЫШ