Аб традыцыйных сямейных каштоўнасцях разважае Валерый Гаўрыш с Чавус


Дата: 15.05.2021

Міжнародны Дзень сям’і адзначаецца з 1994 года 15 мая. У гэтым годзе яго тэма «Сям’я  і новыя тэхналогіі», што падкрэслівае важ­насць  лічбавых тэхналогій ў сферах занятасці,  адукацыі і камунікацый.

Да Дня сям’і праходзяць фестывалі, канферэнцыі, форумы, дабрачынныя акцыі для шматдзетных сямей або  сямей з прыёмнымі дзецьмі.  Не хацеў бы агучыць штамп пра крызіс інстытута сям’і, але гэта так. У пасланні Генеральнага сакратара ААН прыводзяцца такія лічбы: 65% сямей у свеце – няпоўныя.

Але я б хацеў  з нагоды Дня сям’і закрануць праваслаўны падыход да шлюбу, які закладзены ў Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы. Сям’я – гэта саюз мужчыны і жанчыны. І калі яны вырашылі аб’яднаць сваё  жыццё, яны павінны аб гэтым аб’явіць. Шлюбы ў нашай краіне рэгіструюцца загсам. Царква іх прызнае. Без рэгістрацыі такі саюз называецца сужыццём, а па-царкоўнаму – распустай, што грэх перад Богам.

У шлюбе акрамя юрыдычных  абавязкаў адзін перад другім, якія без рэгістрацыі не заўсёды маюць сілу,  ёсць і маральная адказнасць. Пры  жыцці без рэгістрацыі жанчына лічыць:  «Усё роўна я замужам». У мужчыны падыход крыху іншы: «Няма штампа, то і нічога не звяз­вае».

Часам атрымліваецца, што праз гады сумеснага жыцця з грамадзянскай жонкай у мужчыны з’явілася маладая сяброўка. Ён сходзіцца з маладзейшай і таксама жыве з ёй без штампа. А тут пад­растаюць  іншыя, прыгожыя і юныя. І мужчыны могуць сыходзіць да  іх гадоў да 50-60, а то і болей.

Я не прыдумляю, шаноўныя чытачы. Такіх прыкладаў можна пабачыць  на любым тэлеканале. А жанчыне  з часам знайсці  спадарожніка становіцца праблематычна. Таму і вывады яны няхай робяць самі: знаходзіцца ў сужыцці або зарэгістраваць адносіны?  

А што ж з’яўляецца сэнсам і мэтай законна створанай праваслаўнай сям’і? Прыходзіцца чуць: «Нараджэнне і выхаванне дзяцей». Але ж такая мэта і мусульманскай, і буддзійскай, і любой іншай сям’і. А што рабіць, калі сям’я бяздзетная? Людзі аб’ядноўваюцца не на адну ноч.

Сям’я – месца, дзе чалавек прысутнічае па-сапраўднаму  і да канца. Ён рэалізуе сябе як хрысціянін у ахвярных адносінах да іншых у самых розных абставінах. Сям’я пачынаецца з любові, не з той, што зводзіцца да сэкса, а любові ахвярнай. Гэта значыць, што трэба вучыцца пераносіць слабасці, нядугі, злосць аднаго да іншага, стаць па словах Бібліі адной плоццю.

Тэма сям’і,  сямейных адносінаў невычэрпная. Буду рады, калі словы мае знойдуць водгук, асабліва сярод маладых чытачоў газеты «Іскра».
Валерый ГАЎРЫШ