Носьбітам мясцовых традыцый Сутокаў з’яўляецца Наталля Шмагілёва


Дата: 09.04.2021

Рушніку, які нам першым паказала Наталля Мікалаеўна Шмагілёва з Сутокаў, амаль 65 гадоў. Гэта яе першая работа. Яна аздабляла рушнік незвычайным арнаментам, узор якога пераняла ў адной з вясковых майстрых. Прыгожыя кветкі, хутчэй за ўсё гэта ружы, выявы птушак і адмысловыя перапляценне галінак на белым фоне палатна выглядае вельмі прывабна. Хоць і выкарыс­тоўваліся толькі ніткі чырвонага і шэрага колераў.

Ва ўтульным пакоі мы пачалі размову, паралельна разглядаючы рэчы, зробленыя рукамі гаспадыні.

– Мне вельмі падабаліся яркія колеры, але ў мінулым часе цяжка было набыць такія ніткі. А майстрых у нашай вёсцы было шмат. – распавядае суразмоўца. – Пралі, ткалі, вышывалі – ўсё самі. Лён апрацоўвалі і з яго на кроснах выраблялі тканіну. У мяне яшчэ засталіся дзве скацеркі. Яны зроблены “перачэпам”.

Гэта спалучэнне розных нітак, напрыклад, шаўковых і ільняных. Аснова рабілася з адных, а ўзор перацягвалі іншымі, або высвятлялі тканіну толькі ў пэўных мясцінах спецыяльным рэчывам, у выніку чаго атрымліваўся адмысловы малюнак. Ды яшчэ і ўпрыгожвалі свае вырабы карункамі. Дзяўчаты іх таксама вучыліся плесці з маладосці. З тканіны выраблялі рушнікі, скацеркі, прасціны, сурвэткі, а затым восеньскімі і зімовымі вечарамі вышывалі, хто як умеў.

Наталля Мікалаеўна ўмела выдатна. Калі яна пачала даставаць з шафы свае вырабы, мы, нават, не паспявалі іх фатаграфаваць. Кожны заслугоўваў нашай увагі, бо кветкі, птушкі, экзатычныя расліны, вышытыя па-майстэрску, выклікалі сапраўднае захапленне. А чырвоны кут у хаце нашай гаспадыні выглядаў як сапраўдны твор мастацтва.

Сярод “набожнікаў” былі і два рушнікі, з якімі Наталля, у дзявоцтве Буланава, пераязджала ў хату свайго мужа Рыгора Шмагілёва пасля вяселля. Захаваўся і рушнік, у якім неслі ікону падчас іх вянчання. Усе гэтыя каштоўнасці Наталля Мікалаеўна перадасць нашчадкам, каб захавалі памяць аб сваіх продках. Унучка вельмі прасіла аб гэтым бабулю і ўжо некалькі вырабаў тая аддала зараз.

Распавяла нам Наталля Мікалаеўна і аб сваім жыцці. Яна сама родам з хутара Беліца, нара- дзілася ў 1936 годзе. У бацькоў, якія ўсё жыццё працавалі ў калгасе, было тры дачкі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, і хутар трапіў пад фашысцкую акупацыю, адну з дзяўчынак – Ганну, забіў нямецкі салдат, толькі за тое, што вельмі хутка бегла па карову. З двумя дачкамі маці выгналі ў бежанцы. Працоўная калона дайшла да вёскі Кудзін, што побач са Свяцілавічамі Бялыніцкага раёна.

Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі вярнуліся ў родныя мясціны, але хата была зруйнаваная, сталі жыць ў бабулі ў Сутоках. Дзяўчынкі пайшлі ў школу, дапамагалі маці, потым Наталля працавала ў калгасе “Іскра” паляводам. Калі дзяўчына пазнаёмілася з Рыгорам, камбайнёрам гэтага ж калгаса, адчула родную душу і не памылілася, пражылі ­разам­ 55 год. Працавалі ў сельгасарганізацыі, вялі хатнюю гаспадарку, трымалі дзвух кароў, каня, свіней, апрацоўвалі амаль гектар зямлі. Расцілі сына і дачку. Клопатаў зашмат было. Але і ў тую пару Наталля Мікалаеўна знаходзіла час і зай­малася вышываннем. Кожны выраб – нібыта старонка жыцця і настроя майстрыхі.

Нажаль, супруг 8 гадоў назад памёр, прычым у дзень іх вяселля, але Наталля Мікалаеўна не зас­таецца на доўгі час адна. Наведваюць дзеці, унукі, падрастае і праўнук Марат. Пераязджаць з хаты, якую калісьці пабудаваў уласнымі рукамі муж, Наталля Мікалаеўна не хоча, гарадскога жыцця сабе не ўяўляе.

– Тут у вёсцы ўсё роднае, а горад для мяне чужы, таму і трываю у Сутоках. Хутка пацяплее, зазелянеюць дрэвы, кветкі з’явяцца і настрой будзе лепшы, бадзёры.
Дзякуй Богу за ўсё.
Наталля ШКРЭДАВА