ArabicBelarusianChinese (Simplified)DutchEnglishFrenchGermanItalianPortugueseRussianSpanish

Алег Дзячэнка выказаў свае думкі аб VI Усебеларускім народным сходзе


Дата: 10.02.2021 5

Прыкладна на працягу паўгода ў нашай краіне працавалі дыя­логавыя пляцоўкі і грамадскія прыёмныя, праз якія ад грама­дзян і арганізацый паступілі тысячы прапаноў аб удасканаленні грамадска-палітычнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь. Усе яны былі старанна прааналізаваны, абагульнены і ляглі ў аснову праектных дакументаў, запланаваных да абмеркавання на VI Усебеларускім народным сходзе. Праз сродкі масавай інфармацыі дэлегатамі агучаны многія з іх – і гэта важна, паколькі народ павінен ведаць, з якімі прапановамі іх прадстаўнікі накіроўваюцца ў Мінск для ўдзелу ў нацыянальным форуме.

Па-першае, VI УНС закліканы забяспечыць падтрымку беларускім народам палітычнага курса Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на ўмацаванне незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны ва ўмовах шматпалярнага свету. Выбары ў Рэспубліцы Беларусь адбыліся. Прэзідэнт абраны. Спроба «каляровай рэвалюцыі» захлынулася. Але нам патрэбна Перамога на ўсіх франтах: эканамічным, палітычным, інфармацыйна-ідэалагічным. Таму надышоў час татальнай кансалідацыі ўсіх дзяржаўнікаў вакол Прэзідэнта Беларусі і яго палітычнай праграмы.

Па-другое, беларускім урадам акрэслены асноўныя кірункі і прыярытэты грамадска-палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на бягучую пяцігодку. Мэты і задачы ўсім зразумелыя. Справа засталася за малым – якасна і ў тэрмін вырашыць пастаўленыя задачы. У сувязі з гэтым VI УНС выступае ў якасці вядучай грамадска-палітычнай сілы, здольнай мабілізаваць для гэтага ўсе рэсурсы грамадства.

Па-трэцяе, Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 2021 год аб’яўлены «Годам народнага адзінства», што з’яўляецца правільным рашэннем з пункту гледжання тактыкі і стратэгіі сучаснай нацыянальнай палітыкі. Нацыя павінна праявіць адзінства перад знешнімі і ўнутранымі пагрозамі і выклікамі. Фактычна нам у чарговы раз неабходна здаць цывілізацыйны экзамен на сталасць. І мы яго здадзім любой цаной, нягледзячы на замежнае ўмяшанне, правакацыі і здраду былых сяброў.

Што ж тычыцца агучаных з-за мяжы ідэй аб неабходнасці ўнясення нейкіх там кардынальных змен у нашу Канстытуцыю, то іх варта адкінуць. Не час зараз разбураць асноўны закон краіны, які за чвэрць стагоддзя ў цэлым даказаў сваю эфектыўнасць.

Гэта меркаванне тычыцца і «партыйнага будаўніц­тва». Лічу, што ў нашай краіне зарэгістравана досыць палітычных партый, праз якія актыўныя грамадзяне могуць маніфеста­ваць свае інтарэсы. Было б з іхняга боку жаданне канструктыўна працаваць на карысць Беларусі. Штучна памнажаць колькасць партый – гэта азначае, паглыбляць раскол у грамадстве ва ўгоду знешніх агрэсіўных палітычных колаў, якія абавязкова скарыстаюцца гэтай магчымасцю для перахопу «палітычнага парадку дня».

Размовы аб перадачы паўнамоцтваў з цэнтра ў рэгіёны таксама лічу заўчаснымі. На месцах і так дастаткова паўнамоцтваў для вырашэння пастаўленых задач. Беларусь – невялікая еўрапейская дзяржава і стымуляваць дэцэнтралізацыю было б, на мой погляд, стратэгічнай памылкай, тым больш, што па перыметры нашай краіны адразу ж актывізуюцца аматары пагуляць ваенна-палітычнымі мускуламі з мэтай паставіць пад сумненне суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць беларускай дзяржавы.

У знешняй палітыцы мэтазгодна ўзмацніць абарону нашых нацыянальных інтарэсаў. І не толькі эканамічных. Сёння актуалізавалася пытанне захавання нашай гістарычнай памяці, у тым ліку і ваеннай. У суседніх дзяржавах ўжо які год мы назіраем ўздым неанацызму. У некаторых з гэтых краін заканадаўча забароненая савецкая сімволіка, а ветэраны вайны падвяргаюцца знявазе і абразам. Вандалы руйнуюць помнікі воінам-вызваліцелям, замахваюцца на магілы загінуўшых герояў, сярод якіх шмат беларусаў, у тым ліку, і ўраджэнцаў Магілёўскай вобласці. Наш абавязак сёння – абараніць памяць пра іх. Таму на афіцыйным узроўні неабходна надаць асаблівую ўвагу пытанням захавання ваенных пахаванняў на тэрыторыі шэрагу еўрапейскіх дзяржаў, у першую чаргу, размешчаных у краінах Балтыі, у Польшчы, ды і ў суседняй Украіне, асабліва ў заходніх яе абласцях. Трэба аднавіць імёны байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія гераічна змагаліся з фашызмам і не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вялікая праца, і мы павінны ўключыцца ў яе.

У цэлым VI УНС ужо зараз з’яўляцца вялікім гістарычным знакам, сімвалам Перамогі беларускага народа і яго лідэра над сіламі зла, якія хочуць аслабіць Рэспубліку Беларусь, знішчыць яе эканамічны і ваенны патэнцыял, пазбавіць суверэнітэту і незалежнасці, аддаць краіну на водкуп кампрадорскаму капіталу і алігархічным групам.

Алег Дзячэнка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Магілёўскай вобласці