ArabicBelarusianChinese (Simplified)DutchEnglishFrenchGermanItalianPortugueseRussianSpanish

[Лёсы маіх землякоў] Сустрэча, якой не было


Дата: 21.12.2020 26

Ганна старанна даіла карову. Малако цурчэла ў даёнку, гук атрымліваўся вясёлы, узнімаў настрой, бо дзецям будзе што паесці, а іх у жанчыны чацвёра. Цяжкі час пасля вайны, галодны, калі б не карова, якую старшыня калгаса аддаў на адкорм, пашкадаваўшы ўдаву з малымі, як выжылі б – невядома. Дзверы ў пуню былі расчынены, каля іх і стаяла жывёла, бо даіць было відней.

Справа ўжо была амаль завершана, калі за спіной Ганны пачуўся мужчынскі голас: «Не пачастуеце сырадойчыкам, гаспадынька?». Не ўзнімаючы галавы, жанчына адказала: «Зараз, пачакайце крыху, працажу толькі». Яна пачала пераліваць малако праз марлю у гарлачык, але раптам скаланулася. Голас. Ён падаўся такім знаёмым, толькі агрубелы. Азірнуўшыся, яна ўбачыла постаць, якая шпарка аддалялася. Ад хвалявання ў грудзях сціснула, і Ганна не адразу здолела крыкнуць: «Іван! Пачакай! Спыніся!». Але мужчына не замарудзіў хады, толькі неяк згорбіўся. Тады яна пабегла, вялікія не па размеру боты перашкаджалі, але што ёсць моцы жанчына бегла, пакуль чалавек не знік з вачэй у хмызняку. Ад роспачы і стомленасці Ганна асела на халодную вясновую зямлю, а перад вачыма паўставалі карціны з мінулага.

Вось яна, зусім маладая і вельмі прыгожая дзяўчына ў вясельным уборы, сядзіць побач з Іванам. Ён – адказны работнік, член партыі, старшыня калгаса, браў за сябе дачку раскулачанага. Не пабаяўся кіраўніцтва, якое не ўхваляла такі крок старшыні, бо вельмі кахаў. Ганна была самай прыгожай дзяўчынай ў вёсцы. Танюткая постаць, глыбокай сіні вочы, а смех нагадваў калакольцы. Дзе тут не закахацца. Яна кожны дзень дзякавала богу за іх шчасце. Дзеці нарадзіліся адзін за адным, дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. Падрасталі, радавалі баць­коў. І усё было б добра, але вайна. Гэтая навала ўварвалася ў іх жыццё. Іван адразу на фронт пайшоў, праважалі – вылі ўголас усё пяцёра. Прадчуванне было, што не ўбачыць яна больш Івана. Калі пачалася акупацыя, Ганну з сям’ёй немцы збіраліся растраляць, але дапамаглі партызаны, пераправілі ў лес. Жылі ў зямлянках, Ганна мыла бялізну, гатавала. Дзяўчынкі Дуня і Ніна заўсёды былі побач, нават дапамагалі маці. Хлопчыкі ўсё больш сярод мужчын, цікавіліся зброяй, слухалі пра дыверсіі супраць захопнікаў, імкнуліся ў іх удзельнічаць. Маці забараняла і строга наказала не балаваць, бо яна за іх перад бацькай адказвае.

Нацярпеліся за вайну, шмат пабачылі гора і смерцяў, але засталіся жывымі. Калі вызвалілі Чавускі раён, вярнуліся ў родныя Кісялькі. Хата была амаль цэлая, суседзі дапамаглі адрамантаваць, новы старшыня калгаса даў карову. Але прыйшла «пахаронка». У той дзень паштальёнка Фрося вельмі марудна ішла да Ганнінай хаты, тая сачыла праз вокны і ўсё зразумела. Слёзы беглі з вачэй неяк самі, мімаволі жанчыны, а ў галаве была толькі адна думка: «Ніколі не быць ужо шчаслівай». Загінуў Іван недзе ў Аўстрыі, так ёй сусед дзед Усцін прачытаў, бо Ганна была непісьменнай.

Старшыня сельсавета выправіў паперы на пенсію дзецям. Яны таксама дапамагалі маці, збіралі ягады, грыбы, яна іх прадавала ў Магілёве і купляла хлеб, вопратку, абутак. Дарэчы, усе чацвёра добра вучыліся і выглядалі ў школцы не горш за іншых, хоць і сіроты. Ды такіх сярод дзетак шмат было, мала хто з мужчын вярнуўся, некаторыя скалечанымі засталіся. Ганна працавала ў калгасе, адна гадавала дзяцей. Не, родныя ў яе былі, браты і сёстры, але ў кожнага свая сям’я і свае цяжкасці.

А тут ён, Іван, жывы! Памыліцца Ганна не магла, але чаму не застаўся? Дзе шукаць? Што рабіць? Пабегла ў сельсавет параіцца са старшынёй. Той, пачуўшы пра справу, неяк змяніўся ў твары. «Прабач, Ганна. Два гады таму быў з-за мяжы запрос пра цябе і дзяцей. Ведаеш, з-за мяжы! Гэта ж палітычная справа. Я даў адказ, што ўсе загінулі ў вайну, каб вас абараніць. Хто вас шукаў у паперы – не гаварылася». «Як жа гэта? Чаму мне нічога не сказаў, што ж рабіць цяпер?», – Ганне ўсё яшчэ не верылася, што ўсё гэта адбываецца насамрэч.
«А што тут зробіш? Не толькі вам вайна лёсы скалечыла. Жыві, як жыла».