Чавускія майстрыхі рэканструявалі мясцовы касцюм мінулай эпохі [Вынік – першае месца]


Дата: 11.12.2020

Як прыгожа выглядаюць беларускія нацыянальныя ўборы, якія нашы бабулі і прабабулі выраблялі
уласнымі рукамі! Ткалі, шылі і ўпрыгожвалі адзенне адмысловай вышыўкай. Кожная жанчына
імкнулася выглядаць прыгажуняй не толькі
ў святочным уборы, але і ў адзенні, якое насіла
кожны дзень. Калі сучасныя дзяўчаты апранаюць аутэнтычныя строі сваіх продкаў, у іх нібыта
нешта змяняецца, здаецца, час
паварочваецца назад…

Менавіта так, прыгожа і арганічна, выглядала справавод Чавускага цэнтра культуры і вольнага часу Марына Жукава ў чавускім касцюме, рэканструяваным для ўдзелу ў абласным конкурсе, які праводзіўся падчас Рэс­публіканскага свята «Александрыя збірае сяброў». Дэфіле жанчын ва ўборах сваёй мясцовасці адбывалася на ўрачыстым адкрыцці свята. І вось стала вядома, што менавіта чавускі касцюм па меркаванні журы стаў лепшым у конкурсе. Дыплом пераможцы атрымалі аўтары гэтага рукатворнага шэдэўра: метадыст па традыцыйнай культуры Чавускага цэнтра культуры і вольнага часу ДУК «ЦКС Чавускага раёна» Алеся Далецкая і касцюмер гэтай установы культуры Таццяна Яцкевіч. Як узнікла ідэя, і ішла праца над стварэннем касцюма, нам распавяла Алеся Віктараўна.

Усё пачалося яшчэ да абвяшчэння конкурсу. Напачатку года я ўдзельнічала ў семінары па традыцыйнай беларускай вышыўцы. Нам вельмі цікава распавядалі пра гісторыю беларус­кага касцюма, а пасля адбыўся майстар-клас. Я вучылася вышываць «працягам», гэта вельмі старадаўні спосаб упрыгожвання адзення.

У сакавіку мы даведаліся, што ўстановай культуры «Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна­асветніцкай работы» арганізаваны абласны конкурс-выстава «Беларускі народны касцюм Магілёўшчыны» у дзвух намінацыях: «Лепшы традыцыйны рэканструяваны касцюм» і «Лепшы народны стылізаваны касцюм». Апошні варыянт значна лягчэйшы, але мы вырашылі ўсё ж такі ўзяцца за рэканструкцыю менавіта нашага чавускага касцюма, які адносіцца да магілёўскага цэнтральнага строю. Наведалі раённы музей, зрабілі фота некалькіх варыянтаў касцюмаў, зрабілі эскізы жаночай рубашкі, фартуха, наміткі (гэта традыцыйны жаночы галаўны ўбор). Сярод адрэзаў тканіны ў нашай касцюмернай Таццяна знайшла даматканае палатно ў клетку на спадніцу, з яго мы зрабілі андарак. Андарак насілі жанчыны заможных саслоўяў для халоднага перыяду года. У XX стагоддзі такая спадніца лічылася святочным адзеннем, магла ўваходзіць у склад вясельнага касцюма. На астатнія элементы ўбора набылі тонкае льняное палатно ў краме (на жаль, даматканай такой тканіны мы не знайшлі.

Таццяна Яцкевіч зрабіла лекалы, выкраіла адзенне, шыла яна яго, дарэчы, ручным спосабам, як беларускія жанчыны мінулага. Паўстала пытанне аб узоры для аздаблення строю. Беларусы надавалі арнаментацыі адзення вялікае значэнне. Арнамент выконваў ролю абярэга і адрозніваўся па мясцовасцях. У дэкаратыўным аздабленні часам чытаюцца цэлыя змястоўныя гісторыі, бо кожны элемент з’яўляецца пэўным сімвалам.

Тут нам дапамог выпадак. Аднойчы я наведвала сваю матулю, якая паказала мне сямейную рэліквію – рушнік маёй бабулі Евы Мікітаўны Кручковай, якая жыла ў Краснай паляне (гэта вёска Чавускага раёна). Раней у кожнай хаце вёскі стаялі кросны. А зімовыя вечары жанчыны праводзілі за прадзеннем, ткацтвам, шыццём або вышыўкай, бо ў астатнія поры года часу на гэта ў іх не хапала, было шмат працы ў полі. Мае продкі таксама былі майстрыхамі, доказ гэтаму – рушнік. Ён зроблены прабабуляй Ганнай спосабам «бранага ткацтва» і ўпрыгожаны мярэжкай і махрамі. Гэты ўзор вельмі лёг на душу, і мы пачалі працу.

Больш часу затрацілі на аздабленне жаночай сарочкі, бо вышыўка зай­мае значную плошчу рукавоў і вората. Цікава, што выкарыстоўваліся пераважна ніткі чырвонага колеру, які сімвалізаваў жыццё, таму ўбор выглядае святочна. Намітка ў нас таксама атрымалася вельмі прыгожай. Яе насілі толькі замужнія жанчыны, упершыню гэты галаўны ўбор апранаўся менавіта на вяселлі. Важнай складовай часткай традыцыйнага сялянскага жаночага касцюма быў пояс, на якім таксама маглі падвешвацца ключы, невялікія рэчы, ткалі іх «на бердачцы». У нас гэтую тэхніку аднаўляюць у Радамльскім доме культуры. Бела-чырвоны танюткі паясок вельмі ўпісаўся ў ансамбль. Каралі завяршылі вобраз. Калі наш строй надзела справавод Чавускага цэнтра культуры і вольнага часу Марына Жукава, мы зразумелі, што ў нас атрымалася ўсё задуманае.
Наш варыянт чавускага строю быў гатовы ў канцы чэрвеня. Затым арганізатары конкурсу ажыццявілі адбор лепшых з прадстаўленых касцюмаў для дэфіле на ўрачыстым адкрыцці. Чавускі касцюм быў сярод іх. Трэба адзначыць, мы і самі засталіся вельмі задаволеныя вынікам цяжкай, але вельмі цікавай працы. Вестка аб тым, што мы сталі пераможцамі такога маштабнага конкурсу, нас вельмі парадавала. Гэта добры стымул для далейшага творчага пошуку.
Хачу падкрэсліць, беларускае народнае адзенне – гэта цэлая філасофія адносін да жыцця, сям’і, працы. І нам, сучасным беларусам, трэба больш цікавіцца сваімі каранямі і традыцыямі продкаў, ведаць іх, захаваць гэтую каштоўную спадчыну для нашчадкаў.

Наталля ШКРЭДАВА