ArabicBelarusianChinese (Simplified)DutchEnglishFrenchGermanItalianPortugueseRussianSpanish

[Малавядомая Магілёўшчына] А вы наведвалі драўляны храм ў Кадзіна?


Дата: 27.11.2020 | Просмотров: 532

Як выдатна было б у выхадныя дні пракаціцца ў аўтамабілі па Магілёўшчыне і ўбачыць старадаўнія архітэктурныя будынкі нашага Прыдняпроўскага краю. Але на жаль, у сувязі з пандэміяй зараз рэкамендуецца менш наведваць месцы масавага збору людзей. Мы вырашылі даць магчымасць нашым чытачам даведацца пра выдатныя беларускія мястэчкі Магілёўшчыны праз «Іскру». Працягваем нашу новую рубрыку «Малавядомая Магілёўшчына».

І сёння гаворка пойдзе пра драўляную царкву, якая размешчана ў аграгарадку Кадзіна Магілёўскага раёна. Каб сабраць патрэбны матэрыял для артыкула, журналісты «Іскры» у сувязі з пандэміяй кантактуюць з людзьмі па тэлефоне, але выкарыстоўваюць магчымасць накіраваць туды фотакора, які, выконваючы ўсе меры бяспекі, працуе над стварэннем цікавых кадраў. Так, пакуль наш фотакарэспандэнт з усіх бакоў фатаграфаваў кадинский храм Святога Вялікапакутніка і лекара Пантэлеймона, мы патэлефанавалі настаяцелю храма.

Дзе знаходзіцца Кадзіна, ведае кожны жыхар Чавускага раёна. Гэты аграгарадок знакаміты асноўным прадпрыемствам – «Кадзіна», дзякуючы якому мясцовасць стала адным з буйнейшых населеных пунк­таў Магілёўскага раёна. Залатыя купалы храма, незвычайны сіні дах, а таксама драўляны зруб прыкметныя здалёк. Многія жыхары аграгарадка называюць храм архітэктурным упрыгожаннем мясцовасці. І гэта сапраўды так.

Гэтую царкву можна назваць маладой, так як будынку ў гэтым годзе споўнілася ўсяго дзесяць гадоў. 9 жніўня 2020 года каля храма сабралася шмат вернікаў. Усе жадалі прысутнічаць на Літургіі ў дзень Святога Вялікапакутніка і лекара Пантэлеймона, якую здзяйсняў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.

У першага настаяцеля кадзінскага храма стаяла задача – стварыць прыход. У гэтай складанай і добрай справе яму дапамаглі вернікі, у тым ліку і сельскія жыхары, якія былі аб’яднаны адзінай мэтай – верай у Бога. Іх намаганнямі ў кароткі тэрмін (а дакладней, на будаўніц­тва спатрэбілася крыху больш за год) зараз у гэтай мясцовасці ёсць уласная царква. Пра іх нам распавёў у гутарцы айцец Дзмітрый. Гэта Анатоль і Тамара Мордачовы, а таксама Пётр і Людміла Казлоўскія.

Святар распавёў нам аб тым, як функцыянуе сельская царква. Гэты цудоўны храм можна наведваць кожны дзень (з 10.00 да 13.00), па суботах праводзяцца вячэрнія набажэнствы (пачатак у 16.30), нядзельныя набажэнствы пачынаюцца ў 9 гадзін. Увогуле, нават калі наведвальнікі прыбылі сюды не ў час – не бяда, бо там жа, на стэндзе можна знайсці ўсю неабходную інфармацыю для зносін з настаяцелем храма. Тым больш што ён разам з сям’ёй жыве ў царкоўным доме на гэтай тэрыторыі. А па нядзелях храм яшчэ наведваюць дзеці, якія ходзяць у Нядзельную школу. Іх няшмат, усяго дванаццаць, але яны з задавальненнем ходзяць у храм для духоўнага ўдасканалення. Рабятам выкладаюць музыку і закон Божы. Такія заняткі для іх вельмі карысныя.

– Зараз царкву наведвае меншая колькасць вернікаў, – падзяліўся айцец Дзмітрый. – Гэта зразумела – пандэмія. Але ўсё ж такі хацелася б большага ўдзелу ў службах з боку насельніцтва аграгарадка.
А бо і праўда, у Кадзіна пражывае больш за дзве з паловай тысячы чалавек, а ў храм прыходзіць з мясцовых толькі адзін працэнт. Часцяком людзі прыязджаюць з суседніх вёсак, раёнаў ажаніцца, хрысціць дзіцятка, паставіць свечку за нябожчыка.

А сам храм і тэрыторыя вакол яго дагледжаныя, усё тут зроблена, каб чалавек у цішыні і спакоі падумаў аб сваёй душы. Вельмі часта мы гэта робім, калі ўзнікаюць праблемы, або здараецца нейкая бяда, а прыйсці і сказаць Богу «дзякуй» за жыццё, сям’ю, дзяцей усё не хапае часу. Але вось у такім месцы гадзіннік нібы спыняецца, знікае ўсё другараднае, а застаецца галоўнае.
Людміла САЎЧАНКА