[Малавядомая Магілёўшчына] А ці ведаеце вы пра царкву Найсвяцейшай Тройцы вёскі Галавічы Дрыбінскага раёна?


Дата: 11.09.2020

Наша Магілёўшчына славутая знакамітасцямі і прыгожымі мясцінамі. А ці добра мы ведаем сваю вобласць? Не так даўно мы даведаліся, што на Дрыбіншчыне ёсць вёска Галавічы, дзе знаходзіцца царква Найсвяцейшай Тройцы. У прастольнае свята сюды прыязджаюць вернікі з суседніх вёсак. Таксама кожную суботу ў царкве адбываецца служба, якую праводзіць настаяцель Спаса-Прэтварэнскага храма Дрыбына, протаіерэй Сергій.

Мы вырашылі наведаць царкву Найсвяцейшай Тройцы і расказаць аб сваіх ўражаннях чытачам. Ад нашага горада вёска Галавічы знаходзіцца на адлегласці 50 кіламетраў. Скажаце, далёка? Як нам здаецца, не далей заморскіх курортаў. Тым больш надвор’е нам спрыяла. У Беларусі восеньская пара заўсёды асабліва прыгожая. Пажоўклае лісце на дрэвах, яркае сонца, халаднаватае падбадзёрлівае паветра – усё, чаго чакалі беларусы летам, знемагаючы ад спякоты і перападаў тэмпературы. Менавіта восенню на выходных можна трохі павандраваць па Магілёўшчыне, наведаць аб’екты гісторыі і культуры.

У гэтай мясцовасці мы раней ніколі не былі, таму прыйшлося скарыстацца даведнікам. За Радамляй павярнулі налева на Трылесіна, а потым у бок вёскі Галавічы. Заязджаючы ў вёску, спачатку не зразумелі, што, а галоўнае, дзе знаходзіцца? Убачылі першыя тры хаты і трохі разгубіліся: а што далей? Звычайна, у беларускіх вёсках большасць аб’ектаў размяшчаюцца ў цэнтры, але ў гэтай мясцовасці ўсё вельмі няпроста: дарогі мудрагелістыя і вуліцы ідуць пятлёй. Каб ра­забрацца, куды далей ехаць, мы звярнуліся за дапамогай да мясцовага жыхара. На пытанне, дзе знаходзіцца царква, мужчына не стаў доўга тлумачыць шлях, а паказаў нам дарогу, пракаціўшыся на рэдакцыйным аўто.

Каля царквы ў гэты дзень працавалі рабочыя: будавалі металічны плот. Гэта мясцовыя жыхары, якія дапамагаюць добраўпарадкаваць тэрыторыю царквы. Адзін з іх запытаўся, з якой нагоды мы сюды прыехалі? Завязалася гутарка… Анатоль (так прадставіўся мужчына) пра царкву сказаў адным словам: сапраўдная.

– Часцяком людзі называюць царкву прыгожай. А я лічу, царква можа быць толькі сапраўднай, а прыгожым бывае вяселле, – гутарка працягвалася. – Калі ў нашай вёсцы пабудавалі царкву, (адкрыццё адбылося ў 2014 годзе) мы, людзі, якія былі далёкія ад веры, сталі прыходзіць на службы, гутарыць са святаром. Цяпер рэгулярна наведваем храм. Па суботах, перад пачаткам службы, па акрузе чуваць перазвон. Да нас на службу прыязджаюць людзі з суседніх вёсак.

У вёсцы жыве манах Нікан, які прыглядае за Свята-Траецкай царквой. Ён родам з гэтай мясцовасці. Мы мелі магчымасць трохі пагутарыць з ім і атрымаць інфармацыю пра царкву. Даведаліся, што да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы на гэтым жа месцы стаяла вялікая старая царква. Калі да ўлады прыйшлі камуністы, з будынка зрабілі сельскі клуб, дзе жыхары танчылі пасля працоўных рабочых будняў. Складана сабе ўявіць гэткае блюзнерства ў сёняшні час, але ў былыя часы такое здаралася. У 1944 годзе на тэрыторыі вёскі 9 месяцаў стаяў фронт: з аднаго боку нашы, з другога – немцы. Менавіта ў сувязі з баявымі дзеяннямі будынак моцна пацярпеў. Калі ж вайна скончылася, людзям трэба было аднаўляць жылыя дамы. Некаторыя з іх са старога будынка забралі добрую цэглу і выкарыстоўвалі яе ў будаўніцтве.

У наш час на гэтым месцы пабудавана новая царква – Прастольнай Тройцы. І цяпер праваслаўныя вернікі маюць магчымасць прыходзіць сюды памаліцца, прычасціцца, прыняць удзел у службе. Дарэчы, тут праводзяць вянчанні і абрады хрышчэння дзяцей.
Айцец Нікан распавёў нам гісторыю пра святога Яна Баранава, які жыў у гэтай вёсцы, быў святаром і служыў у старой царкве. У 1933 годзе быў арыштаваны і вывезены ў Казахстан, у 1937 годзе яго расстралялі.

У 2000 годзе Ян Баранаў быў кананізаваны, як мясцова шанаваны святы. З цягам часу быў напісаны яго абраз. Ікона знаходзіцца ў храме для пакланення вернікаў.
Айцец Нікан падараваў журналістам «Іскры» сем кніг протаіерэя Міхаіла Труханава. Дарэчы, яны вельмі цікавыя. І са словамі «жывіце кожны дзень, як апошні, заўтра можа і не быць» айцец Нікан развітаўся з намі. З добрымі ўражаннямі, фотаздымкамі і незвычайным душэўным спакоем мы вярталіся дадому, зрабіўшы выснову: як мала ведаем аб роднай зямлі. Не абавязкова выязджаць далёка, каб добра правесці час.
Людміла САЎЧАНКА