Валерый Гаўрыш з Чавус расказвае пра ваенныя гады сваіх бацькоў


Дата: 21.04.2020

– Маці ніколі не лічыла, што яна ўнесла вялікі ўклад у перамогу над нямецка-фашыстскімі захопнікамі, – распавядае пра сваю маці Таццяну Гаўрыш яе старэйшы сын Валерый. – На сённяшні дзень я вельмі сябе вінавачу ў тым, што калі маці была жывая, ніколі не запытваўся ў яе пра ваенныя дзеянні, ніколі не прасіў расказаць пра той вельмі цяжкі час. Мне шкада. Бо калі жыве гісторыя, тады жыве і чалавек. Маці ўжо няма, а ведаю я пра той час мала.

Таццяна Архіпаўна Гаўрыш (дзявочае прозвішча Пятрова) нарадзілася ў вёсцы Вілейка Чавускага раёна. Калі пачалася вайна, ёй было ўсяго 13 год. Пра першыя гады вайны Валерый Мікалаевіч ад маці нічога не ведае, бо яна не распавядала. Толькі аднойчы яго бабуля казала, што калі немцы прыйшлі ў вёску, павыганялі ўсіх людзей з хат. Тады жыхары на агародзе капалі ямы і рабілі там зямлянкі. Жыла ў той час Таццяна Архіпаўна разам са сваёй маці, сястрой і трыма братамі. Таццяна была другоў па ўзросце пасля брата. У 1943 годзе, калі дзяўчынцы было 15 гадоў, яе разам з другімі дзецьмі немцы забралі ў Віцебскую вобласць, дзе яны, зусім яшчэ малыя, замест таго, каб радавацца жыццю і вучыцца ў школе, рабілі для немцаў абарончыя збудаванні.

У ходзе ваенных дзеянняў салдаты Чырвонай Арміі вызвалілі дзяцей з рук фашыстаў. Тых, кто былі слабымі і хварэлі, адправілі дамоў, а фізічна дужыя падлеткі засталіся пры Чырвонай Арміі. Дзяцей размеркавалі каго куды, хтосьці пайшоў вучыцца медыцыне, а Таццяна Архіпаўна засталася ў гаспадарчым падраздзяленні пры вайсковай частцы. Падчас вайны дзяўчына даглядала коней, мыла бялізну, а таксама працавала на кухні. – Маці распавяла, як аднойчы, калі яна пасла коней, салдат з суседняга падраздзялення хацеў скрасці каня. Маці тады падняла гвалт і камандаванне затрымала злачынцу, а Таццяне Архіпаўне абвясцілі падзяку, – успамінае Валерый Мікалаевіч. – Маці таксама казала, што працу маладых дзяўчат вельмі шанавалі старыя салдаты і заўсёды іх падтрымлівалі. А калі атрымлівалася, то чым-небудзь салодкім частавалі сваіх памочніц.

Муж Таццяны Архіпаўны – Мікалай Васільевіч быў матацыклістам-кулямётчыкам. А на фронт прызываўся з Палтавы. Быў узнагароджаны ордэнам «Чырвоная зорка», медалямі «За адвагу» і «За перамогу над Германіяй ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945г.г.». – Дзе і як яны маглі пазнаёміцца, я не ведаю. Бо так атрымалася, што Таццяна Архіпаўна падчас Перамогі ў вайне знаходзілася ў польскім горадзе Шчэцын, а бацька – ў літоўскім Клайпедзе, – дзеліцца Валерый Мікалаевіч.

Аднойчы, калі Валерый вучыўся ў 9 класе, да Таццяны Архіпаўны ў госці прыйшла сяброўка, з якой яны разам былі на фронце. Яны ўспаміналі той час, плакалі і гаварылі, што як жа ў іх атрымалася перажыць увесь той жах. І самай радаснай падзеяй для дзяўчат у 17-гадовым узросце была навіна пра Перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Таццяна Архіпаўна пасля вайны была ўзнагароджана медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.». Пасля заканчэння вайны былы гвардыі радавы Мікалай Гаўрыш забіраяе Таццяну з Вілейкі на сваю радзіму, і яны становяцца мужам і жонкай. Але праз некалькі гадоў яна ўсё роўна вяртаецца на сваю радзіму, дзе ўсё жыццё старанна і адказна працуе на хлебазаводзе.

– Я хачу, каб людзі, у каго яшчэ засталіся жывыя бацькі, дзяды і бабулі, чый лёс звязаны з Вялікай Айчыннай вайной, распавялі пра іх і як мага болей запісалі іх успаміны. Бо я вельмі шкадую, што калісьці не пагаварыў на гэты конт са сваёй маці, – зацвердзіў Валерый Мікалаевіч.

Дзяніс ЯЎСЕЕНКА