[Малавядомая Магілёўшчына] Дуб кахання на Слаўгарадчыне выконвае жаданні закаханых. Можаце праверыць


Дата: 28.02.2020

У сваім жыцці людзі амаль заўсёды шукаюць новыя ўражанні, імкнуцца да цікавага і прыемнага адпачынка. Але каб усё гэта здабыць, неабавязкова выпраўляцца ў далёкае падарожжа. Шмат цудоўнага і незвычайнага знаходзіцца побач з намі, нават, не патрэбна выязджаць за межы нашай вобласці. Каб усё гэта пабачыць, не трэба адкладваць грошы і браць з сабой вялікі чамадан. Дастаткова будзе выхаднога дня і добрыя ўспаміны вам гарантаваныя. Узяўшы з сабой добры настрой і фотакамеру, мы накіраваліся на Слаўгарадчыну, дзе шмат цікавых мясцін, аб якіх, на жаль, не ўсе жыхары нашага раёна ведаюць.

Слаўгарад. Утульныя вулачкі з драўлянымі домікамі. Зусім невялікі цэнтр горада. Ветлівыя мясцовыя жыхары. Пагутарыўшы з імі, пытаемся: якое ў іх самае любімае месца? Усе ў адзін голас адказваюць – Дуб кахання. А знаходзіцца ён у старадаўнім гарадскім парку. Звернемся да гісторыі, якая абвяшчае, што парк быў закладзены ў 18 стагоддзі генерал-фельдмаршалам Аляксеем Галіцыным. Плошча парку – амаль 5 гектараў, тут дзве сотні розных дрэваў.

Амаль два з паловай стагоддзі прайшло, парк перажыў войны і рэвалюцыі, аднак працягвае цешыць людзей з розных мясцін.
Вось мы і перад кованымі варотамі парку, якія адкрываюць далейшы шлях у вялікую гісторыю. Прайшоўшы крыху, мы апыняемся на перакрыжаванні двух дарог: налева пойдзеш – будзешь прагульвацца па прыгожых дарожках, направа пойдзеш – знойдзеш Дуб кахання. Туды нам і патрэбна.
Унікальнае дрэва расце на маляўнічым беразе ракі Сож. За Дубам кахання адкрываецца цудоўная панарама злучэння двух рэк: прыгажуні Проні і магутнага Сожа. На самой справе, гэта ніякі не дуб, а велізарная і магутная ліпа, якую толькі празвалі дубам. Згодна з гісторыяй «Дуб кахання» існуе з часоў імператрыцы Кацярыны ІІ. У тыя часы ён яшчэ не быў такім велічным і магутным, а ў цяперашні час яго могуць абхапіць толькі мінімум тры чалавекі, узяўшыся за рукі. За стагоддзі дрэва стала сапраўдным эталонам магутнасці, векавечнасці і кахання. Кожны чалавек, тутэйшы або прыезджы, ставіцца да «велікана» з павагай. Падчас наведвання Прапойска, так раней зваўся Слаўгарад, у 1787 годзе Кацярына ІІ сказала: «Я б у гэтым цудоўным парку пасадзіла дрэва, але пры 8-мі градусным марозе гэта немагчыма. Я выражу на гэтай ліпе дзень свайго знаходжання».

Здаўна сярод мясцовых жыхароў ходзіць павер’е, што дрэва можа выконваць жаданні, калі яго тут загадаць. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца жаданні закаханых. Нездарма два гады таму мясцовае кіраўніцтва правяло невялічкую рэканструкцыю, парк быў пазбаўлены ад пустазелля. З’явіліся тут новенькія альтанкі, дзе людзі могуць бавіць свой час. Так і быў адкрыты абноўлены гарадскі парк для маладых. Усталявана ў парку і металічная арка, якую вянчае стылізаваная карона – пляцоўка, дзе цяпер можа праводзіцца выязная рэгістрацыя шлюбу. А побач з Дубам кахання знаходзіцца знакамітая лаўка для пацалункаў. Ёсць у парку і карэта, падобная да той, на якой прыязджала Кацярына ІІ на сустрэчу з Аляксеем Галіцыным у парк.
Вельмі добра, што мясцовым жыхарам неабыякавы лёс старажытнага парку і Дуба кахання.

Але ёсці адзіны момант: дзесьці ў 2014-2015 годзе з дрэвам здарылася непапраўнае – нехта яго ўнутры выпальваў і размаляваў фарбамі кару. Ніхто не мог і ўявіць, што такое можа адбыцца. Нездарма «Дуб кахання» стаіць на кручы, уцапіўшыся магутнымі векавымі каранямі ў глебу. Гэта даказвае, што за доўгія гады жыцця, пабачыўшы шмат чаго дрэннага, дрэва так проста не здасца ў палон вар’ятам сучаснага часу. А на самай справе, чым кіраваўся чалавек, які выпальваў дрэва, замест таго, каб пасадзіць маладое?

Выпальваннем чалавек рушыць гісторыю – гісторыю сваіх продкаў, усяго роднага краю. Ніхто не мае права рабіць з ёй, што прыйдзе ў галаву. Гісторыя патрэбна, каб памятаць, а не здзеквацца з яе. Аднойчы спаліўшы мінулае, Вы страціце ў сабе Чалавека.
Такое невялічкае жыццёвае павучэнее для вас, паважаныя чытачы. Добра, што зараз у жыцці старажытнага дрэва ўсё змянілася ў лепшы бок. А тое, што Дуб кахання выконвае жаданні, дык гэта сапраўды так. Калі не верыце – можаце праверыць.

Дзяніс ЯЎСЕЕНКА