ArabicBelarusianChinese (Simplified)DutchEnglishFrenchGermanItalianPortugueseRussianSpanish

Валерый Гаўрыш: «А якія справы вас цікавяць? Калі тое, што адбываецца ў жыцці раёна, чытай, брат, «Іскру»


Дата: 24.12.2019 21

Калі мне знаёмыя задаюць пры сустрэчы пытанне: «Як справы?», я пытаюся ў адказ: «А якія справы вас цікавяць? Калі тое, што адбываецца ў жыцці раёна, чытай, брат, «Іскру». Бывае, чуеш пры гэтым: «Ды там мала цікавага». Дазвольце не пагадзіцца с такой ацэнкай. І я хачу паразважаць з гэтай нагоды разам з вамі, шаноўныя землякі.

Па-першае, фармат газеты невялікі. І пісаць там пікантныя, «цікавыя» навіны, накшталт, хто з кім развёўся, хто ад каго нарадзіў ці хто каго, як кажуць, кінуў, не трэба. Уключы тэлевізар, і там на кожным канале такія гісторыі смакуюць. Хоць і падобныя навіны рэгулярна друкуе газета з падачы міліцыі, пракуратуры, МЧС. А «Іскра» друкуе матэрыялы аб дзейнасці арганізацый, устаноў, школ, сельгаспрадпрыемстваў, грамадскіх аб’днанняў раёна, гэта значыць, карэспандэнты выдання пішуць пра нас. Тэмы – на любы густ. Ну як не цікавіцца спартыўным жыццём, перамогамі і паражэннямі спартсменаў раёна. Прыемна чытаць не толькі бацькам і настаўнікам пра навучэнцаў школ, якія адзначаны дыпломамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Мяне заўсёды радуюць тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, чые поспехі ўсяляюць аптымізм: расце дастойная, разумная, мэтанакіраваная змена. Шырока асвячаецца дзейнасць устаноў культуры, сацыяльнай сферы. Я заўсёды, чытаючы справаздачы з пасяджэнняў выканкама або сесій райсавета, знаходжу там цікавячыя мяне лічбы і факты.

З другога боку, што перашкаджае зрабіць газету цікавейшай. Пішыце самі, шаноўныя землякі, аб праблемах. якія хвалююць вас, прыходзьце з імі ў рэдакцыю, калі самому не паддаецца слова. Паверце, вас з радасцю выслухаюць супрацоўнікі газеты і зробяць адпаведны матэрыял. Я звяртаюся да старэйшага пакалення: прыносьце ў газету старыя фотаздымкі, прыходзьце са сваімі ўспамінамі, расказвайце пра цікавых асоб, з якімі разам працавалі або жывяце. Гэта прынясе сваю жывінку.

Ёсць ў мяне і пажаданні да рэдкалегіі. Хацелася бы, каб на старонках выдання часцей з’яўляліся кіраўнікі падначаленых ім аддзелаў райвыканкамаў з аналізам той ці іншай дзейнасці. Як спецыяліст сельскай гаспадаркі, заўсёды цікаўлюся справамі ў гэтай галіне. Тут лічу: матэрыялаў малавата – раён наш сельскагаспадарчы. Рэдка з’яўляюцца артыкулы пра развіццё прыватнага сектара эканомікі. Разумею, што не кожны кіраўнік такой арганізацыі згодзен выносіць свае праблемы на агульнае абмеркаванне. Але ўсё ж. У якім бы рэгіёне я не працаваў, а жыў я ў раёнах Гомельскай, Віцебскай абласцей, зараз – у Чавусах, я заўсёды выпісваў раённыя газеты. Усіх супрацоўнікаў любімай «Іскры» віншую з надыходзячым Новым годам і жадаю творчых знаходак і павелічэння верных чытачоў і падпісчыкаў.

З павагай,
Валерый Гаўрыш