Аб лёсе бежанцаў на чавускай зямлі расказала Ганна Аляксеенка


Дата: 19.12.2013

Гэту гісторыю аб цяжкіх гадах Вялікай Айчыннай вайны расказала Ганна Ільінічна Аляксеенка, якая не аднойчы сустракалася з намі, краязнаўцамі. Нас зацікавіў адзін з фотаздымкаў 1957 года…

Дом, аб якім пойдзе гутарка, быў перавезены ў вёску Антонаўка Хацетаўскага сельсавета (зараз Гарбавіцкага) ў 1939 годзе з вёскі Чарапоўка. Ён быў невялічкі, памерам 5 на 5 метраў, меліся сенцы, крытыя саломай і бульбяным бац-віннем. Калі пачалася вайна, немцы ўвялі акупацыйны рэжым. У вёсцы Антонаўка і суседніх Гарбавічах адкрылі свае камендатуры, кухні, аптэкі, у лепшых дамах рассяліліся нямецкія салдаты і афіцэры.Таму многія жыхары былі пазбаўлены свайго жытла, туліцца ім даводзілася ў старых дамах, хлявах, лазнях…

Да сям’і Ганны Ільінічны прыйшло жыць 7 сем’яў. У маленькай хатцы размяшчалася ажно 24 чалавекі!  Спалі на падлозе, на саломе, якую засцілалі саматканымі посцілкамі. Запомніўся адзін цікавы эпізод, расказаны Ганнай Ільінічнай. У сям’і была старая кошка, якая пражыла амаль чатырнаццаць гадоў.  Яна ўвесь час хадзіла на паляванне ў кустоўе, якое размяшчалася за агародам. Сядзела ў кустах і чакала… зайцоў.  Паласуецца вушкамі і лапкамі, а астатняе – гаспадарам. Хавала яна сваю здабычу ў душніках дома, пры гэтым хадзіла ўвесь час за гаспадарамі і мяўкала.

Самым цяжкім часам у гады вайны была зіма. Вокны і дзверы за ноч пакрываліся лёдам. Адно выратаванне – печка, але яна не магла ўсіх сагрэць. Вось і даводзілася дзецям бегаць праз дарогу ў дом, дзе было цёпла. Гэта быў дом цёткі  Галубцовай Матроны Іванаўны. Немцы размясцілі ў ім камендатуру, печку  тапілі тут  цэлымі днямі. І вось дзеці збяруцца і бягуць басанож па снезе ў камендатуру. Немцы крычалі: ”Кіндэр русіш швайн!”, але на печку пускалі. Унізе звычайна ляжала вялізная нямецкая аўчарка, таму самастойна злезці і пайсці дамоў было немагчыма. Пагрэюцца “кіндэры”, і немцы адводзяць сабаку, а  бывала, што  давалі і хлеба з маргарынам.

У доме не было святла, гарэла капцілка, таму спаць клаліся рана. Зімы ваеннай пары былі суровыя і вельмі снежныя. Здавалася, што  зіма ніколі не скончыцца.

26 чэрвеня 1944 года была вызвалена вёска Антонаўка, надыйшло мірнае жыццё. Цяжка сабе ўявіць, як маглі выжыць дарослыя і дзеці ў гэты неверагодна суровы час. Маленькі домік захаваў жыццё васьмі сем’ям:  Аляксеенак, Крупскіх (гаспадара расстралялі немцы), па дзве сям’і Сіваковых, Галубцовых, Абуховых (маладыя сем’і разам са старымі  бацькамі). У доме жылі таксама бежанцы са Смаленска: дзве жанчыны і двое дзетак.  лыжак усім не хапала, і бежанцы зрабілі іх з абломкаў самалёта, які  ляжаў у вёсцы Гарбавічы.

Ганне Ільінічне запомніліся і радасныя дні, і сумныя. Памяць захавала вобразы родных і аднавяскоўцаў. Углядваемся ў твары людзей, якія перажылі вайну і выжылі. Сама Ганна Ільінічна цяжка захварэла і цудам за-сталася жыць (на здымку другая справа ў верхнім радзе). Маці плакала і прасіла дапамагчы лекамі нямецкага фельчара, той паспачуваў і дапамог. Брат маці так і памёр у пачатку вайны з-за адсутнаці лекаў, яму было ўсяго васемнаццаць гадоў. Ведаў, што яму не выжыць, таму сваю ежу аддаваў пляменніцы  Ганначцы.

У цэнтры фота – маці Аляксеенка Кацярына Гаўрылаўна. Справа (з хлопчыкам) – Галубцоў Уладзімір Якаўлевіч. Хлопчык, Аляксеенка Цімафей Ільіч, малодшы брат Ганны Ільінічны. Нарадзіўся ў 1946 годзе, закончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут. Працаваў інжынерам на заводзе станкабудавання ў Оршы.

Злева ад маці – другі пляменнік Галубцоў Аляксандр, брат Уладзіміра. У верхнім радзе, злева направа, Яўгенія Пятроўна Крупская, жонка Галубцова Уладзіміра. Працавала пасля вайны загадчыцай райзага ў вёсцы Гарбавічы.

Другая злева – Герасімава  Матрона Гаўрылаўна, цётка Ганны Ільінічны і сястра маці. У гады вайны была сувязной партызанскага атрада імя Грышына. У мірны час працавала настаўніцай пачатковых класаў. Нара-дзіла і выхавала траіх дзяцей.

Крайняя справа – Галіна Іванаўна, жонка старэйшага брата Міхаіла Ільіча Аляксеенкі. Галіна стала заслужанай настаўніцай БССР, выкладала матэматыку. Брат Міхаіл закончыў педінстытут, быў дырэктарам Прудкоўскй сярэдняй школы ў в.Петухоўка Чавускага  раёна. Пазней, з 1962 года, ён – выкладчык вышэйшай матэматыкі ў машынабудаўнічым інстытуце. Абараніў  кандыдацкую дысертацыю, напісаў доктарскую, але не паспеў яе абараніць. Памёр у 1981 годзе. Вось гэты брат Міхаіл і зрабіў фотаздымак, аб якім ідзе гутарка. Фотаапарат быў куплены на першую студэнцкую стыпендыю ў час вучобы ў педінстытуце.

На фота бачны бэлькі з балтамі, якімі бацька ўмацаваў сцены старога дома. Так і прастаяў гэты дом-выратавальнік да 1963 года. Пазней бацька пабудаваў новы, а фотаздымак сына захаваў памяць аб родным доме і яго жыхарах. Пашанцавала бацьку Іллі  Іванавічу застацца ў жывых пасля выгнання ў Германію. Ён быў узяты ў палон на рацэ Проня, калі разам з іншымі пагоншчыкамі  гнаў на ўсход калгасны статак. Прайшоў ён лагеры Асвенцым і Дахау. Быў у Латарынгіі, там яны займаліся ўборкай бруквы. Аднойчы адзін з начальнікаў лагера забраў іх, Карпекіна Максіма, Вераценнікава Паўла, да сябе. Трэба было працаваць на гаспадара. Карпекіна гэты гаспадар расстраляў. Прычынай была малпачка гаспадара, якая падгледзела, як хутка Максім, растапырыўшы пальцы на калодзе, біў паміж імі сякерай. Малпачка паўтарыла гэта і адсекла сабе пальцы. Ілля і Павел у 1945 годзе, пасля вызвалення іх амерыканцамі, вярнуліся дадому.

Вікторыя МАСЮРА,

вучаніца 9 класа Гарбавіцкага ВПК, член школьнага краязнаўчага гуртка “Музейная справа”.