Адбылася прэзентацыя новай кнігі Міколы Салаўцова


Дата: 11.10.2019

Сеанс дабрыні 10 кастрычніка мусіў даць школьнікам самабытны беларускі паэт Мікола Салаўцоў. У гэты дзень у Раённым доме культуры адбылася важная падзея, прысвечаная прэзентацыі яго кнігі «Нябесныя арэхі».

Да пачатку мерапрыемства ў зале Раённага дома культуры было шумна. Дзеці з гарадскіх школ рыхтаваліся да прэзентацыі загадзя: адказалі на пытанні віктарыны, вывучылі вершы паэта на памяць. Гучала лірычная музыка, дзеці і дарослыя займалі месцы ў зале, бо яны прыйшлі прыняць удзел у значнай культурнай падзеі, прысвечанай творчасці паэта Міколы Салаўцова. Мерапрыемства пачалося з верша Міколы Іванавіча «Дар Божы» з яго зборніка, выдадзенага выдавецтвам «Мастацкая літаратура» у Мінску. На сцэну выйшлі паэт і яго дачка Ганна Шумава, якая дапамагала Мікалаю Іванавічу ў час мерапрыемства. Прысутным распавялі аб яго творчым шляху, які суправаджаўся яркай прэзентацыяй.

Мікола Салаўцоў піша вершы на беларускай мове. Першы яго верш «Беларусь – мая радзіма» быў надрукаваны ў Клімавіцкай раённай газеце «Молат» у 1956 годзе. Таксама яго творы друкаваліся ў розных выданнях, а менавіта: «Песнярах Беларусі», «Звяздзе», «Чырвонай змене», часопісе «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеце», у дзіцячых часопісах «Бярозка» і «Вясёлка». Ен аўтар літаратурных артыкулаў у калектыўных зборніках «Галасы Прыдняпроўя», «Матчына слова», «Прыдняпроўе», «Самавар у лесе». Мікола Салаўцоў выдаў сем зборнікаў вершаў, з іх тры – для дзяцей і чатыры – для дарослых. Вершы вызначаюцца самабытнасцю, глыбокадумнасцю, меладычнасцю, асобныя з іх пакладзены на музыку. Любоў да радзімы, да роднай прыроды – вось галоўнае імкненне аўтара, якое праходзіць «чырвонай стужкай» у шматлікіх вершах і паэме ў кнізе «Нябесныя арэхі».

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі выканаўчага камітэта, грамадскіх аб’яднанняў. Яны выказалі шмат цеплых слоў у адрас самабытнага паэта. Ірына Анікеенка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі, пажадала, каб не скончыўся творчы запал. Анжэліка Цітова, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» адзначыла, што гэты чалавек усё жыццё займаецца саманавучаннем, не баіцца спазнаваць новае, лёгка асвоіў Інтэрнэт, мае свой сайт і з’яўляецца беларускім блогерам. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Магілевіч пажадала творчай іскры і добрага здароўя.

Для школьнікаў праводзілася віктарына па пытаннях аб творчасці і жыццёвым шляху Міколы Іванавіча, па выніках якой на сцэну запрасілі восем вучняў. Яны адказалі на шэраг пытанняў і атрымалі ў падарукак з рук аўтара новы зборнік.

Мікола Салаўцоў падзякаваў прысутным за цеплы прыем, за спонсарскую дапамогу працоўным калектывам раёна, ўручыў прадстаўнікам арганізацый свой новы зборнік.