У вёсцы Будзіна Чавускага раёна прайшло свята


Дата: 05.11.2013

У кожнай вёсачцы ёсць месца, дзе можна сабрацца з нейкай нагоды – абмеркаваць свае праблемы ці адсвяткаваць пэўную падзею. Такая невялічкая палянка маецца і ў Будзіна. Не так даўно там прайшло свята вёскі, якое сумесна арганізавалі для вяскоўцаў работнікі Радамльскага сельскага Савета дэпутатаў і сельскага Дома культуры. Называлася гэта свята “З любоўю да людзей і зямлі”.

Будзіна – невялікая вёска: тут засталося каля 30 жыхароў, прычым у асноўным прыхільнага ўзросту. Але на свята, тым не менш, прыйшлі большасць з іх. Хтосьці вынес на вуліцу лаўкі, каб было зручней гля-дзець канцэртную праграму, хтосьці – развесіў побач на плоце вышываныя рушнікі, такім чынам упрыгожыўшы імправізаваную сцэну. Усіх віталі вядучыя, якія напачатку прадаставілі слова для прывітання старшыні Радамльскага сельскага Савета дэпутатаў В.І.Ефіменку, а потым у пачатку святочнай праграмы распавялі пра гісторыю  вёскі.

Напэўна, мала хто з вяскоўцаў ведае, што першы ўспамін пра гэты населены пункт занатаваны ў пісьмовых крыніцах у 1849 годзе. І што калісьці тут жыў памешчык І.Н.Ружанцаў, які меў 265 дзесяцін зямлі. Тамашнія жыхары займаліся ў асноўным кавальскім і кравецкім промысламі. У 1897 годзе ў вёсцы налічвалася 473 жыхары,мелася крама. У пачатку 19-га стагоддзя была адкрыта школа, а ў 1931 годзе – арганізаваны калгас. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, вёску акупіравалі фашысты, а ў маі 1944 года – увогуле спалілі, загубіўшы 73 мірных жыхары. На вайну з Будзіна пайшлі 88 чалавек. Многія з іх так і не вярнуліся дадому. Вяскоўцы хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых.

А потым пайшла гаворка пра тых, хто жыве ў вёсцы зараз. І ў першую чаргу прыгадалі  Ніну Апанасаўну Зеранкову, якой споўнілася 92 гады. Жанчына спачатку працавала ў калгасе, а потым скончыла педагагічны інстытут, вучыла дзетак. Была і дырэктарам мясцовай школы, дзе ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя навучалася каля 120 хлопчыкаў і дзяўчынак. З’яўлялася дэпутатам сельскага і раённага Саветаў, за старанную працу ўзнагароджана медалямі. У ліку доўгажыхароў вёскі былі таксама адзначаны Вера Якаўлеўна Ляднёва, Анастасія Яфімаўна Бондарава, Кацярына Якаўлеўна Ляднёва.

Прыгадалі падчас свята і тыя сем’і, што шмат гадоў пражылі ў шлюбе, паказваючы прыклад узаемнай павагі адзін да аднаго. Гэта Васіль Ігнатавіч і Валянціна Данілаўна Ляднёвы, Марыя Емяльянаўна і Іван Нікіфаравіч Зайцавы. Былі ўшанаваны такія паважаныя ў вёсцы людзі, як Аляксандр Серафімавіч Шэбетаў і Віктар Калінкавіч Герасіменка, шматдзетныя сем’і Шэбетавых, Гурынавых, Драбянковых, Ляднёвых. Для ўсіх, каго называлі вядучыя, гучалі песні  ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, ім былі ўручаны падарункі. Расчуленыя вяскоўцы дзякавалі арганізатараў свята за такую ўвагу да іх, за добры канцэрт.

А на завяршэнне ў знак павагі да ўсіх жыхароў вёскі Будзіна ад сельскай улады ім быў уручаны каравай.

Н.ГРЫГОР’ЕВА.