Дата: 17.06.2019
У выпускнікоў школ пачаўся вельмі адказны этап – стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне. Паводле статыстыкі, для здачы тэстаў у краіне зарэгістравана амаль 77 тысяч чалавек, будем лічыць іх прэтэндэнтамі на студэнцкі білет. Але ў 2019/2020 навучальным годзе беларускія ВНУ плануюць прыняць 54,7 тысячы першакурснікаў, у тым ліку на бюджэтныя месцы могуць прэтэндавць 26,6 тысячы абітурыентаў. Няхай прабачыць мяне чытач за вялікую колькасць лічбаў, але вакол іх я хачу паразважаць.
Як бачым, што не ўсе выпускнікі з падаўшых заявы на тэсціраванне змогуць стаць студэнтамі ВНУ. Хачу спадзявацца, што і тыя, хто паступіць ва ўніверсітэты, выбар сваёй будучай прафесіі зрабілі свядома, асэнсавана. Чаму я так кажу? Па сабе ведаю, да 11 класа большасць маладых людзей яшчэ не вызначалісь з прафесіяй, не акрэслілі свае жыццёвыя арыенціры. І ўжо правучыўшыся тры-чатыры гады ці наогул атрымаўшы дыплом, раптам усвздамляюць: гэта не маё. У гэтым годзе на бюджэтную форму навучання ўрад павялічыў квоту, але на тыя спецыяльнасці, якія найбольш запатрабаваныя ў грамадстве. Вось іх пералік: ІТ-сфера, медыцына, фізічнае выхавнне і спорт, аграрны профіль. У той жа час універсітэты будуць запрашаць на факультэты, у якіх недабор. І пабягуць туды хлопцы і дзяўчаты з нізкімі баламі, толькі б атрымаць вышэйшую адукацыю, мець дыплом, бо яшчэ жыве ў свядомасці нашых лэдзей савецкі перажытак: атрыманне дыплома прэстыжна.
Я лічу: няхай чалавек атрымлівае вышэйшую адукацыю, ад якой у дзяржавы прыбаўляецца патрэбны спецыаліст, і той спецыяліст з задавальненнем працуе, аддае свае веды, расце прафесіянальна. Але ці варта было марнаваць пяць гадоў жыцця і траціць бацькоўскія грошы, і не толькі бацькоўскія, каб потым дыплом пыліўся ў шафе, а яго ўладальнік прадаваў на рынку бялізну ці падаўся ў гастарбайтары. На мой погляд для тых, хто не паступіў з першага разу на любімую, падкрэсліваю, любімую спеыяльнасць, ніякай трагедыі няма. Рыхтавацца да другой спробы, і год папрацаваць, напрыклад, санітаркай у бальніцы, калі ёсць мара стаць медыкам, або на будоўлі, калі жаданне быць інжынерам-будаўніком. Хлопцам раіў бы адслужыць у войску. І пасталееце, і э выбарам будзе яснасць. А дзяўчатам раіў бы асвоіць справы, якія заўсёды ў жыцці спатрэбяцца. Напрыклад, швейную або кулінарную. Дарэчы, хлопцы, у прэстыжных рэстаранах шэф-паварамі працуюць толькі мужчыны.
Зразумела, жыццё складаней, чым мае разважанні. І праявіць сябе можна ярка і крэатыўна ў ва многіх абласцях чалавечай дзейнасці, не маючы дыплома аб вышэйшай адукацыі. У наш час і бездыпломнікі становяцца паспяховымі бізнесменамі, яркімі прадпрымальнікамі, запатрабаванымі асобамі. Прыкладаў шмат, але гэта другая тэма.
Валерый ГАЎРЫШ