Гучалі над Байкавам малітвы і песні…


Дата: 02.07.2013

Збочыўшы з шашы на палявую дарогу, вадзіцелі запавольвалі рух: з-пад колаў  папярэдніх машын уздымаліся такія вялізныя клубы пылу, што міжволі  даводзілася трымаць дыстанцыю. Некалькі кіламетраў праз луг, а потым – лес занялі з паўгадзіны часу. А тут яшчэ спякота – і расчыненыя ў аўто акенцы не выратоўвалі. І ўсё ж гэтыя нязручнасці не псавалі настрой: было прадчуванне свята…

Сёлета “Зялёныя святкі” ля Байкаўскіх крыніц, якія ладзяцца ў раёне штогод на Тройцу, вырашана было зрабіць міжрэгіянальным мерапрыемствам, на якое прыехалі, апроч мясцовых, таксама творчыя калектывы і майстры-умельцы  з Магілёўскага, Горацкага, Мсціслаўскага, Крычаўскага, Дрыбінскага і Клічаўскага раёнаў. Шмат сабралася і жыхароў блізляжачых вёсак, а жадаючых паўдзельнічаць у свяце з Чавус даставіў транспарт мясцовага аўтапарка.

Па адзін бок паляны, дэкарыраванай бярозкамі і кветкамі, размясціліся артысты і былі пастаўлены лаўкі для гледачоў, па другі – паўкругам выстраіліся сталы з вырабамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Чаго тут толькі ні было: прыцягвалі ўвагу вырабы з бісеру і саломкі, плеценыя кошыкі, вязаныя рэчы, драўляныя лыжкі і падстаўкі для кветак, цацкі, упрыгожанні – карацей кажучы, майстры з усіх запрошаных на свята раёнаў прадставілі самыя лепшыя свае работы, якімі можна было не толькі палюбавацца,але і купіць у якасці памятных сувеніраў. Не менш прываблівалі народ, асабліва дзяцей, свістулькі з гліны. Здавалася, іх гучанне пераклікалася са спевамі птушак. Прывёз гэтую выстаўку народны майстар Рэспублікі Беларусь, кіраўнік народнай дзіцячай студыі “Свістулька” і дарослай народнай студыі ДПІ “Добрасць” В.Н.Якавенка з Крычава.

Тут жа працавалі гандлёвая палатка і аўтамагазін райпа, дзе можна было падсілкавацца, у тым ліку і шашлыкамі,  наталіць смагу прахаладжальнымі напоямі. Было і некалькі гандлёвых палатак СВК.

Шмат спакусаў было і для дзяцей: атракцыён “Надзіманы горад”, розныя цацкі.  Працавала і царкоўная лаўка пад адкрытым небам, дзе можна было купіць іконы і рэлігійную літаратуру, свечы, каб паставіць ля крынічкі падчас богаслужэння, а таксама падаць      запіску за здароўе блізкіх.

І вось наступіў момант адкрыцця свята. Вядучая запрасіла да мікрафона старшыню райвыканкама А.А.Мацюліна, які  ўсіх павіншаваў  са святам і выказаў надзею, што ў далейшым удзельнікаў гэтага міжрэгіянальнага свята будзе ўсё больш і больш, бо традыцыі нашых продкаў трэба памятаць і адраджаць.

Затым пачалася абрадавая праграма “Зялёныя святкі” у выкананні работнікаў Петухоўскага цэнтра фальклору і народнага фальклорнага гурта “Незабудкі” з Вусцянскага КСЦ. Напэўна, трэба больш падрабязна расказаць аб тым,   што ж уяўляе сабой гэта свята. У славян свята Сёмуха заўжды лічылася значным. Яно сканчала веснавы і распачынала летні каляндарна-абрадавы цыкл. Яшчэ адна яго назва – Зялёнае свята – падкрэслівае сувязь з культам расліннасці, распаўсюджаным у дахрысціянскія часы. Сяміцкія абрады былі святам маладой зеляніны, і звычай зразаць галінкі дрэў, аер паходзіць менавіта адтуль. І цяпер існуе звычай пад Сёмуху чыста прыбіраць у доме і ўпрыгожваць яго так званым “маем”.

Троіцкай зеляніне прыпісвалі розныя магічныя ўласцівасці і лекавыя якасці. Пры распаўсюджванні хрысціянства на Сёмуху выпала свята Тройца. Але старадаўнія традыцыі жывыя і зараз, аб чым сведчыць той факт, што пры  складанні абрадавай праграмы першых “Зялёных святак” былі выкарыстаны ўспаміны тутэйшых жыхароў аб традыцыях святкавання Тройцы.

Магчыма, не ўсе ведаюць, чаму месцам правядзення “Зялёных святак” сталі менавіта Байкаўскія крыніцы. З Байкавам звязана шмат легенд і паданняў. Гэта асаблівае месца,  дзе на паверхню з-пад зямлі і каранёў дрэў  выходзяць каля 20 ключоў рознай сілы. Вада з іх  лічыцца гаючай, і сюды з даўніх часоў на Святую Тройцу збіраліся  мясцовыя жыхары, каб паўдзельнічаць у малебне і набраць асвячонай вады.

Сёлетняя абрадавая праграма, безумоўна, не была копіяй леташняй, а папоўнілася новымі творчымі знаходкамі арганізатараў свята. Напрыклад, у яе аснову была пакладзена легенда пра тутэйшага пана Архіпа, які калісьці знёс каплічку ля крыніцы, каб паставіць тут млын, і вада знікла, а пан цяжка за-хварэў. І толькі вярнуўшы каплічку на месца, ён здолеў справіцца з хваробай. Завяршылася гэта тэатралізаваная пастаноўка вясёлым карагодам і спевамі “Незабудак”. І, як заўсёды, быў пушчаны ў раку Проня вялікі троіцкі вянок, на які кожны мог завязаць сваю стужачку, загадаўшы жаданне.

А потым вядучая абвясціла пачатак конкурса карагодаў і гульнёва-танцавальных кампазіцый, у якім прынялі ўдзел  9 калектываў з розных раёнаў. За іх выступленнямі пільна сачыла журы.

…Між тым, ля галоўнай крыніцы ўжо ішло богаслужэнне, дзе таксама сабралася шмат людзей. Некаторыя, нават не дачакаўшыся завяршэння службы, ужо набіралі ваду, што сцякала па ручаі, хадзілі па ёй басанож, каб набрацца, па павер’і, здароўя і моцы. А калі настаяцель Свята-Узнясенскай царквы з Чавус пратаіерэй Мікалай асвяціў ваду, ля крыніцы выстраілася даўжэзная чарга, каб напоўніць прывезеныя з сабой ёмістасці. Святар заклікаў усіх набіраць ваду не спяшаючыся, з пашанай, каб яна не згубіла сваёй моцы, а пасля ўжываць толькі з малітвай.

Тыя, хто ўжо вярнуўся да канцэртнай пляцоўкі, мог паназіраць за заканчэннем конкурса фальклорных гуртоў і даведацца, хто ж стаў пераможцай. А Дыплом райвыканкама першай ступені дастаўся народнаму фальклорнаму калектыву “Спадчына” з Нясцянскага СДК Клічаўскага раёна. Другое месца ў конкурсе заняў калектыў “Паршынскія зоры” (Паршынскі цэнтр культуры Горацкага раёна), трэцяе – вакальная група “Маладзіцы” Чавускага цэнтра культуры і вольнага часу. Узнагароды ўручыла начальнік аддзела па справах моладзі Ю.У.Гаранінава. Пераможца і прызёры таксама атрымалі грашовыя прэміі. Першы сакратар РК ГА “БРСМ” А.Азаранка ўручыла дыпломы за ўдзел і памятныя сувеніры ўсім, хто ўдзельнічаў у выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

… Вось і  скончыліся чарговыя “Зялёныя святкі”. І, пакідаючы гэта святое, авеянае легендамі і проста прыгожае месца, напэўна, кожны адчуваў нейкую ўзвышанасць у душы ад прагучаўшых над Байкаўскімі крыніцамі малітваў і асалоду ад цудоўных народных спеваў і музыкі.

Н.КАЛЕСНІКАВА.