Главная > Лёсы маіх землякоў > Пярсцёнак з гісторыяй

Пярсцёнак з гісторыяй


– Ты жартуеш? – Віктар разгублена перавёў позірк з пярсцёнка, які апынуўся на яго далоні імгненне назад,  на твар любай. – Прызначыла спатканне на нашам месцы ў парку для таго, каб пакінуць мяне? Як жа так, тры дні да вяселля, нашага з табой, а ты ўсё хочаш парушыць знянацку? Ты ж казала, што кахаеш, хочаш быць побач.

– Я і кахала, і збіралася пражыць  у міры і згодзе  жыццё з табою, але ты ўсё парушыў, – кожнае слова Святлана вымаўляла рашуча, нібы адсякала па кавалку лёд ад глыбы. – Ты, са сваёй прадказальнасцю, нуднай запланаванасцю нашай будучыні. Вядома за дзесяткі год наперад, дзе і як будзем жыць, чым займацца. Ты хочаш, каб я ў свае двадцаць тры засталася ў гэтым пасёлку, нарадзіла табе дзяцей, закруцілася ў хатніх клопатах  і нічога лепшага не пабачыла!  Я мару аб іншым. Не магу і не хачу выходзіць за цябе, ты ж так і будзеш да пенсіі працаваць настаўнікам і нічога большага не даб’ешся.

– Табе ж раней падабалася і мая праца, і я сам. Света, любая, што здарылася? – Віктар з надзеяй паглядзеў у прыгожыя вочы  дзяўчыны.

– Ну вось, я так і думала, нічога не зразумеў, – уздыхнула  яна і адвяла позірк. – Карацей кажучы, пакуль тут з вяселлем скандал замнецца, мы з бацькамі пабудзем у родных у Кіеве. Тым больш, я даўно цётку Галю не бачыла. Ты сам вырашай, як гасцей папярэдзіш, што жаніцьбы не будзе. Бывай.

Павярнулася яна гэтак жа рашуча, як размаўляла, і пайшла хутка, не азіраючыся.  Праз колькі хвілін  яе гнуткая постаць нібы растала. Туман, здавалася, праглынуў Віктарава шчасце.

– Што рабіць? Як жыць? – тысячы думак хараводам роіліся ў галаве, а выйсця не знаходзілася, і было вельмі балюча. Калі б хто запытаў, што баліць, Віктар не здолеў бы адказаць.

…Ён кахаў Святлану яшчэ з шостага класа; калі толькі убачыў яе сінюткія вочы, сэрца нібы правалілася. Самая прыгожая дзяўчынка ў класе, яна не звяртала на ціхага Віцю ніякай увагі. А ён нават у сне не знаходзіў спакою. Сіні колер стаў любімым, малюнкі хлопчыка нагадвалі васільковыя мары. Ён увесь час трымаўся побач, дапамагаў, калі было патрэбна, абараняў ад крыўдзіцелей, займаўся з ёй цяжкай англійскай мовай. Аб тым, што стаў патрэбны любай, здагадаўся, калі ў дзясятым класе моцна захварэў і некалькі тыдняў не хадзіў у школу. Аднойчы зазвінеў тэлефон.

– Віця, як ты? – Света хвалявалася аб ім!

– Нічога, – сур’ёзна і як мага спакайней адказаў хлопец.

– Сумна без цябе, папраўляйся і прыходзь хутчэй, – гэтыя словы, нібы песня, гучалі ў яго душы.

З таго часу яны сталі парай. Нават выбралі інстытуты ў адным горадзе. Віця – педагагічны, а Света – тэхналагічны. Сустракаліся пасля заняткаў. Справіць вяселле дамовіліся самі, калі пойдуць працаваць. Размеркаванне абодва атрымалі ў родны горад, няблага ўладкаваліся. Бацькі рыхтаваліся да свята і, здавалася, былі рады за дзяцей. Усе складвалася лепш не прыдумаеш, гасцей запрасілі больш за сотню. Света сукенку прыгожую набыла, а ён – пярсцёнкі, сабе просты, а ёй – з дыяменцікам. Ён і на гэтае спатканне бег, разлічваючы на сюрпрыз…

Вось ён і ёсць. Пярсцёнак у руцэ стаў цёплым. Нечакана ў цішыні парка пачуўся глыбокі ўздых.

– Яна тут! Не пайшла, чакае мяне! – ускочыўшы з услона, на якім прасядзеў немаведама колькі часу, Віктар пабег на гук. Туман стаў, як сапраўднае малако.

– Света, ты чаго так мяне палохаеш? – апошняе слова прагучала разгублена, таму што перад ім была не Святлана, а зусім незнаёмая дзяўчына, з заплаканымі вачыма.

– Вы памыліліся, – незнаёмка выглядала вельмі засмучанай.

– Я зразумеў, – Віктар быў расчараваны, але проста пакінуць чалавека, якому відавочна было кепска, ён не мог. – У Вас штосьці здарылася?

– Дзякуй за спачуванне, але Вы не абавязаны тут са мной тоаціць час. Я ўсё чула, прабачце, Вам трэба свае праблемы вырашаць, – зноў цяжкі ўздых.

– Ды мне ніхто не дапаможа, а вось я, мабыць, што-небудзь зраблю карыснае, калі раскажаце, у чым справа. Як, дарэчы, вас завуць?

— Надзея, а Вас – Віктар, я ведаю.

– Адкуль?

– Мы вучыліся ў адной школе, толькі Вы на два гады раней яе скончылі, вельмі добра ў валейбол гулялі, мы з сяброўкамі былі аматаркамі.

– Дык што здарылася?

– Мае бацькі збіраюцца развадзіцца, лаюцца ўвесь час, мы сталі зусім чужымі. Была выдатная сям’я. Падарожнічалі, займаліся спортам, хадзілі ў госці, нас наведвалі сябры. Усё было добра. Але тры гады таму захварэў малодшы брат, анкалогія. Шпіталі, аперацыі, нічога не дапамагло. Без яго наша жыццё нібы страціла сэнс, я спрабавала што-небудзь зрабіць, але ні тата, ні маці мяне не чуюць. Я не магу больш выносіць  скандалы, пайду дадому, калі трэба будзе класціся спаць.

Надзя амаль супакоілася пакуль размаўляла, толькі хударлявыя плечы яшчэ раз-пораз уздрыгвалі. Віктар спачуваў і разумеў, як ёй цяжка. Хацеў падтрымаць, узяў за руку, але штосці звонка бразнулася на тратуар. Пярсцёнак. Ідэя, якая прыйшла яму ў галаву, спачатку падалася вар’яцкай. Але потым падабалася ўсё больш і больш…

– Надзя, ты ведаеш пра тое, што шок можа быць карысным?

–Ты пра што?

– Давай дапаможам адно аднаму.

– Чым? Я не разумею, – дзяўчына выглядала разгубленай, але зацікаўленай.

– Скажам тваім бацькам, што збіраемся ажаніцца. Ты нас пазнаёміш, а потым пойдзем да маіх. Для вяселля ўсё падрыхтавана, у суботу распішамся.

– Ты сур’ёзна? – дзяўчына спалохана глядзела на Віктара.

– Горш, чым зараз, нам  не будзе. Вырашай!

– Мы ж так мала ведаем адно аднаго.

– Наперадзе два с паловай дні, пазнаёмімся.

Некалькі хвілін Надзя маўчала, потым устала з  услона і шпарка пайшла па дарожцы. Віця разгублена сачыў за ёй. Абярнуўшыся,  дзяўчына сказала:

– Чаго чакаем? Часу ж зусім мала!

Ішлі спачатку паасобку, пасля яна ўзяла Віцю пад руку, пакрочылі побач, задавалі адно аднаму пытанні пра самыя звычайныя рэчы, адказвалі, спяшаліся даведацца як мага больш.

Сказаць, што бацькі Надзеі былі здзіўлены – не сказаць нічога. Віктар, як доказ сваіх сур’ёзных намераў прад’явіў пярсцёнак і дадаў, што заўтра трэба набыць сукенку для нявесты ў абласным цэнтры, а бацькам – апавясціць родзічаў, якія павінны быць на вяселлі, загс ён возьме на сябе. Будучыя цесць і цешча засыпалі яго пытаннямі, на якія хлопец талкова адказваў. Хутка, зірнуўшы на Надзю, ён заўважыў, як тая ўсміхаецца. Пачалася мітусня, маці пабегла да суседзяў, з якімі сям’я сябравала, бацька пачаў абзваньваць родных. Маладыя людзі засталіся адны ў пакоі.

– Дзякуй табе, я іх такімі радаснымі даўно не бачыла, – твар Надзеі пасвятлеў, карыя вочы глядзелі ўважліва, нібы правяралі Віктара на сапраўднасць.

– Яшчэ не ўсё, хадзем цяпер да маіх, – хлопец зазбіраўся, – Ты нічога не бойся, я сам буду гаварыць, а ты ківай.

– Добра, – проста сказала яна.

– Што здарылася, – маці трымалася за сэрца, – дзе Света?

Віктар не стаў хлусіць, расказаў усё як ёсць. Бацька спытаў: Не пашкадуеце? Гэта ж не пальчаткі змяніць.

— Не, – слова вымавілі абодва разам і засмяяліся. Напружанне сышло, далей пачалося сумеснае абмеркаванне планаў. За два с паловай дні трэба было зрабіць многае.

Перадсвяточная мітусьня і клопаты дапамаглі бацькам маладых людзей бліжэй пазнаёміцца, як і ім самім. Падчас вяселля пытанні ўзніклі толькі ў тых гасцей, якіх не паспелі папярэдзіць. Калі пасля выкупа Надзея ў святочным уборы выйшла да жаніха, той аслупянеў, настолькі прыгожай і шчаслівай выглядала дзяўчына. У загсе абодва ўпэўнена адказалі на пытанне аб згодзе заключыць шлюб, і іх пацалунак таксама быў сапраўдным.

Вяселле выдалася шумным, але нават сярод такой колькасці людзей у Віктара было адчуванне, што яны з Надзяй адны, ён трымаў яе руку з пярсцёнкам у сваёй далоні. Ласкавыя позіркі і ўсмешкі, якія для гасцей былі натуральнымі, для жаніха з нявестай былі доказамі новага пачуцця. А пацалункі пад слова “Горка!” станавіліся ўсё больш працяглымі…

Праз два дні маладыя бавілі час у бацькоў Віктара. Пасля агульнай вячэры, свякроў паказвала нявестцы сямейныя фотаальбомы. Жанчыны зацікаўлена разглядалі старыя здымкі, а Віктар назіраў за імі, седзячы на канапе. Раз-пораз ён лавіў на сабе пяшчотныя позіркі жонкі. На душы было цёпла і ўтульна, як пад коўдрай. Калі пачуўся гук тэлефоннага званка, ён з неахвотай падняўся і выйшаў у калідор.

— Як ты? Вялікі скандал быў? – нават без прывітання запыталася Святлана.

— Аб чым ты? – спакойна і нават абыякава сказаў малады чалавек.

— Ну, у цябе ж не кожны тыдзень вяселле адмяняецца. Шмат праблем было? – ёй хацелася падрабязнасцей.

— Вяселле было вельмі добрае, усе госці засталіся задаволенымі, – Віктар прыслухаўся да цішыні ў трубцы і міжволі ўсміхнуўся.

— Таак, здзівіў ты мяне, – выдавіла нарэшце Святлана. – І хто нявеста?

— Вельмі добрая і чулая дзяўчына. Ведаеш, ніколі не думаў, што скажу гэта, але дзякуй, што кінула мяне. Праз гэта я цяпер сапраўды шчаслівы чалавек. Зычу і табе знайсці свой лёс. Бывай, – не чакаючы адказу, Віктар націснуў на рычаг. Ён імкнуўся хутчэй вярнуцца ў той ўтульны пакой, дзе яго чакала каханне.

 

Наталля Шкрэдава

 

 

  • Последние записи

    Высокие технологии и интернет вещей — Президент Беларуси обозначил вектор развития ИКТ в Беларуси

    Юрий Шароваров из Чаус получил паспорт от председателя Могилевского облисполкома Владимира Доманевского

    Инновации обсуждали на областном семинаре в Осиновском УПК Чаусского района [С места события]

    График проведения централизованного тестирования (ЦТ) в 2019 году

    В Чаусах подведены итоги II круглогодичной спартакиады

    Сельхозорганизации Чаусского района выводят технику на линейку готовности

    Представители Зеленого информационного центра из Чаус посетили международный семинар-тренинг

    Президент Беларуси намерен в апреле посетить с официальным визитом Турцию

    Неделя детской безопасности в Чаусах

    Работники ОАО «Агросервис» подвели итоги работы за 2018 год

    «Прямая телефонная линия» в Чаусах пройдет 23 марта

    Определился обладатель Кубка Чаусского района по волейболу

  • Версия для слабовидящих

    «Мама». Цифровой рисунок Виктории Алексеевой

    ...


    Высокие технологии и интернет вещей — Президент Беларуси обозначил вектор развития ИКТ в Беларуси

    Вопросы состояния и дальнейшего развития рынка телекоммуникаций в Беларуси вынесены на совещание у главы государства Александра Лукашенко. Данную сферу Президент назвал одни

    Что можно посмотреть в кинозале «Сузор’е»

    20 и 21 марта В 11.00 и 16.00 «СИЛА ДЕВЯТИ БОГОВ». Детский. 20 и 21 марта В 19.00 «КРИД 2». Взрослый 22 марта В 11.00 и 16.00 «МЫ – МОНСТРЫ!». 3D. Детский. 22 марта В 19.00...

    Погода в Чаусах

    Яндекс.Погода


     

    Архив публикаций

    Новостная лента БЕЛТА