З творчасцю Рэрыха знаёміліся жыхары Чавус


Дата: 01.02.2011

“Мастацтва аб’яднае чалавецтва,” – гэтыя словы належаць вялікаму рускаму мастаку Мікалаю Канстанцінавічу Рэрыху. Выстава рэпрадукцый яго карцін пад назвай “Прыстанак святла” (“Обитель света”) адкрылася ў Чавускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. У Чавусах ужо праходзіла выстава твораў гэтага знакамітага дзеяча сусветнай культуры, але экспанаты браліся з Фонду Рэрыхаў у Мінску. Гэтым разам сваю ўласную калекцыю прадаставілі энтузіясты з Крычава – прыхільнікі вучэння і творчасці сям’і Рэрыхаў.
Лідарам аб’яднання дагэтуль была Любоў Васільеўна Бялова, якая адкрыла для сябе вучэнне Мікалая Канстанцінавіча і Алены Іванаўны Рэрыхаў (Жывая Этыка, або Агніёга) каля 20 год таму. Гэта рэлігійна-філасофскае вучэнне аб свеце ў цэлым, яго паходжанні і эвалюцыі, маральных асновах быцця і інш., свайго роду сінтэз розных рэлігій і вучэнняў.
Кнігі і рэпрадукцыі карцін Любоў Васільеўна набывала ў Міжнародным цэнтры Рэрыхаў. Паступова аднадумцамі жанчыны сталі яе сёстры – Тамара і Раіса. На працягу 15 год яны займаюцца асветніцкай дзейнасцю, вандруюць з перасоўнай выставай па гарадах Расіі і Беларусі. Апроч твораў Рэрыха, яны таксама дэманструюць рэпрадукцыі, прысвечаныя жыццю і падзвіжніцтву Іісуса Хрыста, а таксама экалагічную фотавыставу “Зямля – наш агульны дом”.
На глыбокі жаль, нядаўна Любові Васільеўны не стала. Але члены аб’яднання, нягледзячы на непапраўную страту, працягваюць яе справу. Як сказаў Ф.М.Дастаеўскі, “прыгажосць выратуе свет”. І менавіта праз культуру магчыма далучыцца да светлага шляху.
Усе творы М.К.Рэрыха, літаратурныя і мастацкія, прасякнуты гумані-змам, заклікамі да міру, дабра і яднання ўсіх людзей. Ён вядомы не толькі як мастак, але і як археолаг, этнограф, правазнаўца, гісторык, паэт, пісьменнік, філосаф, вучоны, вандроўнік, абаронца культурных каштоўнасцей народаў свету.
42 гады ён працаваў на радзіме, у Расіі, а потым каля 10 год вандраваў па Еўропе і ЗША, больш за 20 год правёў на Усходзе. Доўгі час сям’я Рэрыхаў жыла ў Індыі. Мастацкай і літаратурнай творчасцю, навуковай і асветніцкай дзейнасцю займаліся жонка творцы Алена Іванаўна, сыны Святаслаў і Юрый. Гэтым разам выстаўлена каля 70 рэпрадукцый карцін знакамітага мастака, асобныя творы членаў яго сям’і, таксама прысвечаныя ім даследаванні і артыкулы, некалькі дыскаў з відэаматэрыяламі.
Палотны М.К.Рэрыха выпраменьваюць незвычайную энергетыку. Моцнае ўражанне пакідаюць пейзажы – велічныя Гімалаі і містычны Тыбет (“Срэбнае царства”, “Гімалаі”, “Скарб гор” і інш.). Рэрых дзівосным чынам здолеў перадаць у сваіх пейзажах вечную мудрасць і суровы спакой горнага краю. А дзе-нідзе сярод гор праглядаюць зялёны мурог і белакаменныя цэркаўкі – звыклы рускі пейзаж. І гэта не выпадкова. Мастак у сваёй творчасці выкарыстоўваў вобразы рэлігій і фальклору Усходу і Захаду. Героі яго твораў – Нагарджуна і Хрыстос, Сергій Раданежскі і Канфуцый, Заратустра і Святы Францыск… Мікалай Канстанцінавіч быў сапраўдным патрыётам, але адначасова належыў усяму свету. Таямнічы і чароўны, поўны сімвалаў і загадак, свет твораў М.К.Рэрыха вабіць, але адкрываецца не адразу. Ён патрабуе асэнсавання, працы думкі і душы.
Дырэктар музея І.М.Казакова зазначае, што падобнага роду выставы ўзбагачаюць культурнае жыццё нашага раёна: “Мы змаглі арганізаваць выставу, дзякуючы энтузіязму крычаўцаў, а таксама супрацоўніцтву паміж музеямі. Прынамсі, гэтая выстава да Чавусаў праходзіла ў Чэрыкаве, а затым адправіцца ў нейкі іншы райцэнтр”.

В.СЕМЧАНКА