Жыхары вёскі Кіркоры Чавускага раёна адзначылі свята


Дата: 29.06.2018

Невялікая палянка пасярод Кіркор на вачах ператваралася ў глядзельную залу пад адкрытым небам: адусюль сюды зносілі лаўкі, а ў палатцы, упрыгожанай зялёнымі галінкамі і рознакаляровымі шарамі, схавалі музычнае абсталяванне, бо з самай раніцы хмарыла. У мінулую суботу тут ладзілі свята вёскі. Дакладней кажучы – вёсак: на мерапрыемства былі запрошаны і жыхары суседняга Селішча. Удзельнікаў свята вітаў старшыня Каменскага сельскага Савета Алег Пусікаў, які сказаў: «Такія святы – асаблівая нагода для сустрэчы землякоў. У кожнага чалавека ёсць дарагі сэрцу куток, дзе ён нарадзіўся, з якім связаны многія жыццёвыя падзеі. Сімвалічна, што ў Год малой радзімы мы падрыхтавалі гэта свята, каб сабрацца ўсім разам».

Аб тым, якім жа яно было, мінулае гэтых вёсак, распавяла вядучая свята Святлана Чуркіна, і многія ўпершыню пачулі, адкуль пайшла, напрыклад, назва Кіркоры. Аказваецца, месца гэта належыла калісьці Паўлу Кіркору і было падаравана яму каралём Жыгімонтам-Аўгустам ІІ за воінскія заслугі. А ў 17-м стагоддзі сяло Кіркораўка было цэнтрам памешчыцкага маёнтка Селішча – са сваёй царквой, млыном. Пазней, у 1868 годзе, яно дасталося ў спадчыну братам Ляснеўскім, дваранам рымска-каталіцкай веры. Шмат народу калісьці тут пражывала: на пачатак 19-га стагоддзя налічвалася каля 600 чалавек. Была адкрыта школа, працавала сыраробчая арцель.

Не менш цікавая гісторыя і вёскі Селішча. Напрыклад,тут на левым баразе Басі захавалася стаянка каменнага веку, а на яе правым беразе – гарадзішча, што сведчыць аб засяленні гэтага месца ў глыбокай старажытнасці. Згодна з пісьменнымі крыніцамі, вёска вядома з 18-га стагоддзя, а назва яе паходзіць ад слова «сяліцца». У пачатку 18-га стагоддзя ў Селішчы былі вадзяны млын і сукнавальная фабрыка, вінакурны завод і карчма.
… Адна за другой перагортваліся старонкі гісторыі. Прагучаў расказ аб станаўленні ў вёсках савецкай улады, арганізацыі калгасаў, затым – аб цяжкім ваенным ліхалецці, гадах нямецкай акупацыі. 56 жыхароў гэтых вёсак не вярнуліся з фронту дадому. Ды і тыя з ветэранаў, каму пашчасціла тады выжыць, пайшлі ўжо з жыцця. Усіх назвалі пайменна, пад гукі метранома ўшанаваўшы іх памяць хвілінай маўчання.

І вось ужо расказ аб мірным часе. Не абыйшлі ўвагай тых, хто адбудоўваў разбураныя вайной вёскі і калгасы, шмат гадоў сумленна працаваў на роднай зямлі і зараз – на заслужаным адпачынку. Так, падарункі ад сельскай улады былі ўручаны старажылам Вользе Сямёнаўне Пусікавай і Міхаілу Фёдаравічу Рабыкіну, Марыі Сцяпанаўне Лісоўскай. Юбіляраў, якія ў гэтым годзе святкуюць «круглыя» даты з дня нараджэння, таксама ўшанавалі: сям’ю Аленковых – Лідзію Васільеўну і Пятра Аляксеевіча, Ганну Паўлаўну Елісееву. Атрымалі памятныя падарункі і шматдзетныя сем’і.
На свяце вёскі прысутнічаў паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Салаўцоў, які таксама павіншаваў усіх прысутных і прачытаў верш, прысвечаны 350-годдзю вёскі Кіркоры, які яна будзе ў хуткім часе адзначаць:

Над вёскай Кіркоры

Над вёскай старыннай Кіркоры
Цалуюцца радасна зоры,
І свеціцца сонца ярчэй,
Яе жыхары, старажылы
І ўсе, каму край гэты мілы,
Прыйшлі на яе юбілей…
Калісь, каралём Жыгімонтам
Падорана слава экспромтам
Для вёскі – за доблесць байцоў.
І ў бойцы з фашысцкай навалай
За нашу свабоду ня стала
Тут больш за паўсотні сыноў…
У дзень сёння мірны, без бою,
Мы помнім калгасных герояў,
Адведаўшых бульбы гнілой,
Усіх іх навек праслаўляем,
Найперш з іх – Дразда Мікалая,
Што быў доўгі час старшынёй.
Мы сёння дарогаю новай
Ідзем з беларускаю мовай
Пад Пушчынскі, звонкі напеў,
Таксама шлём «дзякуй» свой мілы,
Хто вёсцы аддаў свае сілы,
Каб край беларускі квітнеў!
Пад сцягам славутым Саветаў
Кіркорам наш дзякуй за гэта!
Падчас усяго свята яго ўдзельнікам дарылі канцэртныя нумары работнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Каменскага Дома народнай творчасці.