Чалавек і Настаўнік – з вялікай літары | Официальный сайт Чаусской районной газеты "Искра"
Главная > Нашы творчыя праекты > Чалавек і Настаўнік – з вялікай літары

Чалавек і Настаўнік – з вялікай літары


Мы прыходзім у гэты свет гасцямі, а калі настае час – пакідаем яго, вяртаючыся ў вечнасць. І гэта імгненне пад назвай «жыццё» ў кожнага сваё: адны тлеюць, нібы сырая запалка, а іншыя, як тая камета, пакідаюць пасля сябе яркі след. Чаму так? Невядома…
Рыгор Фёдаравіч Самойлаў быў той самай каметай, што асвятліла небасхіл для многіх, хто яго ведаў, жыў побач з ім. У папярэдніх артыкулах творчага цыклу «Чавусы – асяродак мастацтва» я расказвала пра яго вучняў і тых землякоў, што звязалі свой лёс з жывапісам, творчасцю. А зараз хачу расказаць і аб ім – чалавеку добрай і шырокай душы, Настаўніку з вялікай літары. Хвалююся. Бо разумею: адна газетная старонка – занадта малы фармат для такога доўгага і змястоўнага жыцця…

У Рыгора Самойлава, юнака з расійскага горада Орска, усё складвалася, як ён і марыў: з добрымі адзнакамі скончыў Пермскі мастацка-педагагічны тэхнікум, працаваў у Доме піянераў мастаком, вучыў дзяцей маляванню і скульптуры. Знаходзіў час і для ўласнай творчасці. Яму пашанцавала пазнаёміцца з унікальным чалавекам – Мікалаем Сярэбраннікавым, стваральнікам Пермскай мастацкай галерэі. Рыгор быў яе супрацоўнікам, удзельнічаў у навуковых экспедыцыях на поўнач вобласці, збіраючы каштоўныя экспанаты. Тады ж паступіў у Маскоўскі выяўленчы інстытут. Ён мог бы стаць выдатным мастацтвазнаўцам. Але творчай кар’еры пера-шкодзіла вайна.
Рыгора Фёдаравіча мабілізавалі на фронт, пасля заканчэння курсаў ён быў палітруком роты. А гэта значыць – заўсёды на лініі агню. Валянціна Рыгораўна, яго дачка, прыгадвае адзін з ваенных эпізодаў, аб якім расказваў бацька. Трэба было даставіць тэрміновае данясенне ў штаб палка. Немцы вялі пастаянны артабстрэл, і многія з адпраўленых байцоў загінулі. Тады капітан Самойлаў вырашыў сам да-ставіць пакет. І ў яго атрымалася. Пасля ён расказваў, што калі ішоў пад кулямі, то прыгадваў драўляныя цэрквы ў родным горадзе Орску. Можа, гэта і выратавала тады Рыгору Фёдаравічу жыццё…
А потым было цяжкае раненне пад Ржэвам. Нейки час знаходзіўся ў рэзерве. Аднак з 1944 года Самойлаў зноў у баявым страі. Служыў ён, дарэчы, ў 290-й стралковай Магілёўскай Чырванасцяжнай дывізіі 882-га стралковага палка, якая вы-зваляла ад фашыстаў і Чавускі раён, з’яўляўся начальнікам штаба батальёна, памочнікам начальніка штаба па спецсувязі. Тут, у нашых мясцінах, і застаўся пасля вайны, бо звязаў свой лёс са старшым лейтэнантам медслужбы Палінай Антаньковай, якая родам з Магілёўшчыны.
Пасля вайны Рыгор Фёдаравіч працаваў ў Чавускім дзіцячым доме: вучыў дзяцей маляваць, выразаць па дрэве. Гэта пад кіраўніцтвам настаўніка і пры яго ўдзеле навучэнцамі былі створаны аб’ёмныя групавыя скульптуры аб вайне, цудоўныя драўляныя вазы, якія нават удзельнічалі ў ВДНГ (Рыгор Фёдаравіч, як кіраўнік гуртка юных рэзчыкаў, быў ўзнагароджаны ў той час на галоўнай выстаўцы краіны залатым і сярэбраным медалямі). А таксама скульптуры паэтаў, літаратурных герояў, палкаводцаў, рабочых. Цікавы факт: бюст Янкі Купалы, выразаны з дрэва, трапіў да самога паэта, паміж ім і выхаванцамі дзіцячага дома нават завязалася перапіска. Увогуле, у дзіцячы дом тады наведваліся розныя паэты і пісьменнікі, з якімі пазнаёміўся Рыгор Фёдаравіч, і ў апавяданні аднаго з іх, Пятра Рунца, што называлася «Гіпсавая маска», ён стаў прататыпам мастака, а ў кнізе Алеся Пальчэўскага «Ты не адзін» – савецкага афіцэра.
А якія гарадкі і крэпасці ўзводзілі рабяты са сваім настаўнікам зімой!.. Неяк нават маскоўскі Крэмль пабудавалі, прычым даволі вялікага памеру…
Тыя 12 гадоў работы былі вельмі плённымі для яго ў творчым плане. Некаторыя з выхаванцаў дзіцячага дома не без уплыву Рыгора Фёдаравіча пазней сталі вядомымі людзьмі ў свеце мастац-тва. Працаваў ён і ў СШ №2, настаўнікам малявання і чарчэння, дзе таксама выхаваў і даў пуцёўку ў творчае жыццё не аднаму са сваіх вучняў. І нават пасля выхаду на пенсію ён яшчэ працаваў ў розных арганізацыях горада мастаком-афарміцелем.
Дарэчы, у Рыгора Фёдаравіча было і шмат розных хобі. Напрыклад, ён вельмі любіў чытаць і сабраў багатую хатнюю бібліятэку. Прычым чытала кнігі не толькі сям’я Самойлавых, але і сябры, суседзі, і многія з экземпляраў былі ім раздораны. А яшчэ ён любіў парыбаліць, выдатна спяваў франтавыя песні і чытаў вершы, хадзіў зімой на лыжныя прагулкі, а летам – з кошыкам за грыбамі. Прырода была для яго і крыніцай натхнення, і месцам, дзе можна адпачыць ад жыццёвай мітусні. У апошнія гады Рыгор Фёдаравіч шмат маляваў – пейзажы, партрэты.
Было ў яго і яшчэ адно хобі. Ці, дакладней, важная справа ўсяго жыцця – стварэнне музеяў. Напрыклад, музея вядомага разведчыка Льва Маневіча ў дзіцячым доме, пакоя-музея ў СШ №2, дзе экспанаваліся рэдкія фота-здымкі, карты, асабістыя рэчы вядомых людзей, некаторыя гістарычныя кнігі, карціны. Рыгор Фёдаравіч быў і першым ініцыятарам стварэння ў нашым райцэнтры гісторыка-краязнаўчага музея, прыклаў шмат сіл па збору экспанатаў. «Быць краязнаўчаму музею ў Чавусах, нам патрэбны такі музей», – гэта яго словы. І яны збыліся.
А яшчэ ў Рыгора Фёдаравіча шмат розных узнагарод: некалькі баявых ордэнаў і медалёў, цэлы стос рэспубліканскіх грамат. Ён – выдатнік народнай асветы, заслужаны настаўнік БССР, персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. Імем Самойлава названа адна з вуліц у Чавусах. Мноства розных ганаровых рэгалій. І пры гэтым – сціпласць, душэўная прастата.
«Ён прыцягваў да сябе і маладых, і старых. Быў аптымістам. З ім побач вельмі жыць хацелася…». Так гаворыць дачка Рыгора Фёдараві-ча. Такім памятаем гэтага чалавека і мы – тыя, хто быў з ім знаёмы.
Яго бацька, Фёдар Дзмітрыевіч, быў вядомы ў горадзе Орску чырванадрэў-шчык, узводзіў з іншымі майстрамі першыя драўляныя цэрквы – тыя, што будаваліся пры дапамозе сякеры і залатых рук, без адзінага цвіка. А яшчэ ён займаўся разьбой па дрэве, пісаў вершы і прыгожа спяваў. У маці, Марфы Паўлаўны, былі здольнасці да малявання, спеваў. Не прамінуў Бог сваімі дарамі і дзяцей Рыгора Фёдаравіча: дачка Валянціна, што ўсё жыццё аддала бібліятэчнай справе, піша цудоўныя вершы і апавяданні, добра малюе. Сын Сяргей скончыў мастацка-графічны факультэт Віцеб-скага ўніверсітэта, ён – настаўнік малявання і чарчэння, як і калісьці бацька, а яшчэ – арганізатар шматлікіх выстаў жывапісу ў горадзе Маладзечне, дзе жыве, піша не толькі цудоўныя акварэлі, але і вельмі мудрыя вершы. Унук Рыгора Фёдаравіча Аляксей – скульптар, мастак, рэстаўратар, удзельнічаў ва ўзнаўленні Нясвіжскага замка і іншых архітэктурных славутасцяў Беларусі.
Вось ён, ланцужок роду Самойлавых, дзе вельмі добра прасочваецца творчая пераемнасць. Хтосьці з мудрых сказаў: «Чалавек памірае, і яго душа, непад-
уладная разбурэнню, пачынае жыць іншым жыццём. Аднак калі гэта быў мастак, калі ён затаіў жыццё ў гуках, фарбах або словах – душа яго усё тая ж, жыве і для зямлі, і для чалавецтва». Сапраўды, як не гіне душа чалавека пасля ўходу з зямнога жыцця, так не гіне і яго справа, а працягваецца ў дзецях, унуках і праўнуках, працягваецца ў яго вучнях.

З успамінаў дачкі Рыгора Фёдаравіча Самойлава, Валянціны Рыгораўны:

«Мой тата вельмі любіў прыроду. Часта бывалі з ім у лесе, на рэчцы. Мяне нават на паляванне з сабой калі-нікалі бралі. Праўда, з умовай – знайсці месца для вогнішча, на-збіраць галля, прыгатаваць кіпень. Аднойчы, у час прагулкі, тата сказаў мне: «Ты толькі зірні – у траве матылькі… На дзіва прыгожа». Я прыгледзелася і сапраўды ўбачыла гэтыя мілыя стварэнні сярод кветак і травы. Як гэта раней іх не прыкмеціла? Часта прыгадваюцца школьныя гады, старажытная Дзямідаўская пушча ля Чавус і невялікае лясное возера. Настаўнік з рабятамі, якія займаліся ў гуртку малявання, заўсёды ўлетку выязджалі на некалькі дзён у лес, на прыроду. Ставілі вялікую палатку, усю ноч гарэла вогнішча, варылі юшку, збіралі грыбы, малявалі. Бабулі з вёскі, што была непадалёк, частавалі нас парным малаком. Неяк мы пайшлі на возера, на эцюды. Столькі белых гарлачыкаў я ніколі не бачыла!.. Хлопчыкі кінулі-ся ў ваду, паспелі сарваць некалькі кветак. А мой тата іх спыніў: «Рабяткі, а кветкі жывыя. Не трэба ірваць».
Або яшчэ адзін жыццёвы эпізод. Мы з татам і яго баявымі таварышамі ехалі наведаць воінскія могілкі. Навокал быў густы туман. Тата нават прыўстаў з сядзення «газіка» і кажа мне: «А туман гэты – нібы дымавая завеса на вайне. Запомні. Хіба не дэталь?» Я не зразумела, якая менавіта дэталь. Але запомніла. Праўда, мне, дзяўчынцы, той туман здаваўся блакітным, падобным на шаль, але ніяк не на дым…
Кажуць, кожны мужчына павінен зрабіць у жыцці тры справы, пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, вырасціць сына. У нас быў утульны, гасцінны для ўсіх дом. Мноства кветак каля яго, яблыневы сад, што кожны год радаваў ураджаем. Тата з мамай вырасцілі мяне і брата, сагравалі нас сваёй любоўю, дапамаглі атрымаць адукацыю. Паспелі і ўнукаў пабачыць.
Рыгор Фёдаравіч Самойлаў, мой дарагі бацька, зрабіў усё, што мог, у жыцці. Гэта быў яго шлях…»

  • Последние записи

    29 октября на воинском кладбище Быново состоится церемония перезахоронения останков солдат

    Диплом III степени международного фестиваля завоевали педагоги второй городской школы Чаус

    Кто стал победителем районного этапа республиканской олимпиады по финансовой грамотности среди школьников Чаусского района?

    О работе в сельской школе рассказывает Анна Катанкова

    Стало известно, кто назначен директором второй чаусской городской школы

    О ситуации в мире, Беларуси и США, отношениях с Россией и реагировании на угрозы — подробности разговора Лукашенко с Помпео

    Что можно посмотреть в чаусском кинозале «Сузор’е»

    В Чаусском районе сотрудники и волонтеры Белорусского общества Красного Креста помогают пожилым людям

    [Ко Дню автомобилиста и дорожника] Водительский стаж Михаила Развенкова почти 25 лет

    Вчера, 25 октября, белорусы отметили День автомобилиста и дорожника

    В Чаусах с 26 октября по 1 ноября 2020 года сотрудниками ОГАИ проводится Неделя детской безопасности

    Биатлон стал смыслом жизни для Романа Муравьева из Чаус

  • Версия для слабовидящих

    О ситуации в мире, Беларуси и США, отношениях с Россией и реагировании на угрозы — подробности разговора Лукашенко с Помпео

     По инициативе американской стороны сегодня состоялся телефонный разговор Президента Беларуси Александра Лукашенко с Госсекретарем США Майклом Помпео. Беседа длилась около получас...

     

     

     

     

     

    Что можно посмотреть в чаусском кинозале «Сузор’е»

    28 и 29 октября В 11.00 и 16.00 «СЫЩИКИ ПОД ПРИКРЫТИЕМ». Детский В 18.00  «ХИЩНЫЕ ВОДЫ: ЗАПАДНЯ». 16+ 30 и 31 октября В 11.00 и 16.00 «СЧАСТЛИВОГО ХЭЛЛОУИНА, СКУБ...

    РЕКЛАМА

    ЧУПП «Поиск-1» требуются: волочильщик проволоки (з/п от 1000 руб.), скрутчик изделий кабельного производства (з/п от 800 руб.), электрик (з/п от 800 руб.). Тел. 2-33-21 УНП 700384798

    Погода в Чаусах

    Яндекс.Погода


     

    Архив публикаций