Главная > Дела житейские > Генадзь Парфёнаў — мастак з Вайніл (Чавускі раён)

Генадзь Парфёнаў — мастак з Вайніл (Чавускі раён)

З першых хвілін нашага знаёмства папоўніла не надта глыбокія веды па тэхніцы «маслянага» жывапісу новымі для сябе тэрмінамі. Напрыклад, што такое падмалёвак? Аказваецца, менавіта з яго пачынаецца любая карціна, каб вызначыць асноўныя колеры і танальныя адносіны. І толькі потым можна перайсці да дэталяў, зрабіўшы наступны крок (ці нават два). А што такое пастозная тэхніка, ведаеце? Гэта калі фарба наносіцца на палатно густа, практычна неразбаўленая, адным мазком. Мне нават прапанавалі дакрануцца да такой карціны, каб тактыльна вызначыць, чым  пастоз адрозніваецца ад гладкага жывапісу.

IMG_3999

Вось з такога невялічкага майстар-класа з мастаком Генадзем Парфёнавым і пачалася наша размова. А сустрэліся мы, калі ён прыехаў да маці ў Вайнілы, на сваю малую радзіму. Пагасцяваць, дапамагчы па гаспадарцы, а калі пашанцуе – і знайсці сюжэт для чарговай работы. Бо ў доме Надзеі Фёдараўны, як і ў гарадской кватэры сына, таксама стаіць трыножак, маюцца ў запасе фарбы, іншыя «атрыбуты» мастака. Ну а на сценах – вялікае мноства ўжо гатовых карцін. Нават тут Генадзь Іванавіч не дазваляе сабе адпачыць ад мальберта.

IMG_4007
– Мне падабаецца маляваць яшчэ з дзяцінства, – кажа мастак. – Памятаю, адным з тагачасных «шэдэўраў» стала карціна пра былінных асілкаў. Яна і зараз яшчэ захавалася. Пасля заканчэння школы я ехаў паступаць у Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут, упэўнены ў поспеху.  Але калі паглядзеў работы іншых абітурыентаў, то зразумеў, што мне да такога ўзроўню яшчэ працаваць ды працаваць. Таму абраў больш празаічную прафесію і паступіў на эканамічны факультэт у Горацкую сельгасакадэмію.
… Паралельна ён вучыўся на факультэце грамадскіх прафесій і атрымаў яшчэ адну спецыяльнасць – «мастак-афарміцель». Удзень – бухгалтарскі ўлік, фінансы, «сухія» лічбы, а па вечарах займаўся любімай справай – маляваў.  Пасля заканчэння  акадэміі  размеркавалі на работу ў саўгас «Хацкавічы». Але праз некалькі месяцаў быў прызваны ў армію.

IMG_4009
– На пункце збору ў Ашхабадзе спыталі, хто ўмее добра маляваць, – успамінае Генадзь Іванавіч. – Як было ўпусціць такі шанц? Даручылі зрабіць насценгазету, а на наступны дзень – план азелянення ваеннага гарадка. З абодвума заданнямі справіўся, пасля чаго палкоўнік спытаў, дзе б я хацеў служыць – у Ашхабадзе ці Ташкенце? Выбраў Ташкент. Пасля арміі ўладкаваўся на Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод.  Прадпрыемства не без майго ўдзелу кожны год займала прызавыя месцы па нагляднай агітацыі. Апроч таго, я паступіў завочна ў Маскоўскі ўніверсітэт выяўленчых мастацтваў. Лічу, што менавіта вучоба там сфарміравала мяне як мастака. Усё, што было потым – гэта «шліфоўка» тэхнікі жывапісу, фарміраванне свайго почырку.
Аднак праз нейкі час яму зноў захацелася ў Ташкент… Там працаваў спачатку ў бюро прамысловай эстэтыкі трактарнага завода, пасля – у тыпаграфіі гэтага прадпрыемства, дзе рабіў перавадныя таблічкі і карцінкі, розныя малюнкі для друку.
Ташкенцкі перыяд доўжыўся 10 гадоў і стаў для яго вельмі плённым – і ў творчым, і ў пазнавальным сэнсе. Падчас водпускаў шмат падарожнічаў. Камчатка, Сахалін, Алтайскі край, В’етнам, краіны Сярэдняй Азіі… І ўсюды з ім былі алоўкі, фарбы, альбом ці мальберт. Менавіта ў той час ён і горным турызмам захапіўся, выязджаў з альпіністамі. Яны бралі горныя вяршыні, скажам так, па вертыкалі, а Генадзь Іванавіч ўзнімаўся па сцяжынках, разглядаў наваколле, рабіў эскізы. Максімальная вышыня, якую адолеў – 5 тысяч метраў.

IMG_4010
– З іранцам Хусейнам – такім жа, як я, аматарам горных вяршынь – сябрую і па сённяшні дзень, – гаворыць Генадзь Іванавіч. – Сазваньваемся, ён нават у госці да мяне прыязджаў. А пазнаёміліся у горным лагеры, калі верталёт з іранскімі турыстамі прыляцеў у наш лагер альпіністаў. Я паспрабаваў з імі на англійскай мове размаўляць – не зразумелі. Тады перайшоў на таджыкскую (яна ўваходзіць у групу іранскіх моў), і завязалася размова. А потым – і сяброўства.
Калі вярнуўся ў Беларусь, то напачатку жыў з бацькамі ў Вайнілах, але ў хуткім часе набыў уласную кватэру ў Магілёве. Там і творчая майстэрня абсталявана. Зараз займаецца толькі тым, што піша карціны. Так сказаць, вольны мастак.
Яму падабаюцца і мясцовыя пейзажы, піша нацюрморты, партрэты, арнаменты, малюе пейзажы з натуры. Гэта  больш складана, бо абмежаваны ў часе (сцямнела, найшла хмарка – і карцінка мяняецца), затое аб’ёмнасць, колеры – усё натуральна, не трэба нічога камбінаваць і сумяшчаць, як пры рабоце з эскізам.

IMG_4016
Яго карціны ёсць у ЗША, Кітаі, Іране, Японіі, Пакістане – усіх 16 краін. Выстаўляе свае работы на вернісажы і ў карціннай галерэі ў Маскве, а таксама ў выставачнай зале ў Магілёве. Пастаянна ўдзельнічае ў выставах-продажах, дзе знаходзіцца нямала прыхільнікаў яго творчасці.
– Калі жывапіс – гэта сэнс жыцця, то ім на працягу ўсяго жыцця і займаешся, – ліча Генадзь Іванавіч. – Зразумела, з гадамі нешта пераглядаеш, «шліфуеш», удасканальваеш. Хочацца зрабіць лепш, чым раней. На шчасце, не ведаю, і што такое творчы крызіс…
Наталля КАЛЕСНІКАВА

Президент поручил подготовить до 20 декабря окончательный вариант проекта бюджета на 2018 год

Президент Беларуси Александр Лукашенко поручил до 20 декабря представить окончательный проект бюджета на 2018 год. Об этом он заявил на докладе правительства, Национального бан...

Погода в Чаусах




Архив публикаций



Полезные ссылки