Четверг, Декабрь 14, 2017
Главная > Нашы творчыя праекты > “Што ў душы мастака, тое і на палатне…”. Мікалай Кірэеў

“Што ў душы мастака, тое і на палатне…”. Мікалай Кірэеў

«Чавуская зямля багатая на таленавітых людзей, што праславілі сваю малую радзіму поспехамі ў розных сферах дзейнасці. І асабліва шмат іх у сферы творчай. Асобная кагорта – мастакі-жывапісцы, якія называюць сябе “вучнямі Самойлава”. Менавіта ён, Рыгор Фёдаравіч, школьны настаўнік малявання, блаславіў іх некалі у вялікае мастацтва, разгледзеўшы парасткі таленту. І вучні не падвялі, дасягнуўшы на гэтай ніве значных поспехаў. “ЧАВУСЫ – АСЯРОДАК МАСТАЦТВА” – пад такой рубрыкай з сённяшняга нумара “Іскры” мы пачынаем друкаваць цыкл публікацый, прысвечаных нашым землякам-творцам. І ў памяць аб іх першым настаўніку… » (с) “Іскра” 


 

Яркія восеньскія фарбы на фоне пахмурнага неба неяк па-асобаму пранізлівыя. Тры тонкіх дрэўцы – і бяскрайняя размытая далячынь. Што там, за гэтай дымкай? Кожны можа сам дамысліць, намаляваць у сваім уяўленні. Мабыць, такой і была задумка аўтара:  пакінуць у сваім творы нейкую тайну, даць волю фантазіі гледача. І сапраўды, складаецца ўражанне, што ўступаеш з тым, што намалявана, у нейкі духоўны кантакт. Мне, напрыклад, гэты мясцовы пейзаж нагадаў, як у маленстве з суседскай дзятвой бавілі час на беразе мясцовай рачулкі. Дзе яны, тыя бесклапотныя дзянькі, за якім гарызонтам схаваліся? Шчымліва і сумна на сэрцы…

Карціна «Родныя мясціны», аб якой ідзе гаворка – адна з чатырох, што падарыў Чавускаму гісторыка-краязнаўчаму музею наш зямляк, беларускі жывапісец Мікалай Кірэеў. Менавіта там, на яго персанальнай выставе, ўпершыню ўбачыла больш 10 гадоў таму і яе, і іншыя творы Мікалая Уладзімі-равіча. Трэба сказаць, яны не зусім звычайныя. У гэтага мастака – свой, непаўторны творчы почырк. Няма таго «фата-графічнага» адлюстравання рэчаіснасці (што бачу – тое і малюю). Здаецца, што ў сваіх палотнах ён увасабляе ўласнае ўяўленне аб жыцці, а колер на іх набывае самастойную драматургію, становіцца яшчэ больш актыўным выяўленчым сродкам. Зрэшты, ён і сам казаў у адным са сваіх інтэрв’ю: «Каб карціна атрымалася, яе трэба пражыць…»

…Мікалай Кірэеў нарадзіўся ў вёсцы Сушчэўская Слабада нашага раёна. Пазней, калі сям’я пераехала жыць у Чавусы, вучыўся ў сярэдняй школе №2. Ужо тады ў хлопчыка праявіліся здольнасці да малявання, якія прыкмеціў і дапамог развіць яго настаўнік Рыгор Фёдаравіч Самойлаў. Многія з яго вучняў, што мелі, як кажуць, «іскру талента ад Бога», абралі сваім прафесійным шляхам з лёгкай рукі гэтага таленавітага настаўніка і цудоўнага чалавека менавіта мастацтва і жывапіс. Вось і Мікалай скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава. Потым на працягу некалькіх гадоў выкладаў у Магілёўскім педагагічным інстытуце, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Але навуковая дзейнасць творчасці не замінала. Ужо ў той час ён пачаў удзельнічаць у рэспублі-канскіх мастацкіх вы-ставах, стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Асноўнай тэматыкай палотнаў Кірэева былі ў той час будні новабудоўляў, напружаны рытм сучаснага горада. Ну і, вядома ж, людзі працы. А сярод найбольш вядомых карцін таго часу – «Дарога на Лаўсанбуд», «Трубы», «Сям’я», «У майстэрні» і іншыя. Назвы гавораць самі за сябе…

Зрэшты, на працягу творчага шляху ён спрабаваў сябе ў розных жанрах, але адным з этапных, можна сказаць, быў і застаецца партрэтны жанр. Неяк ён прызнаўся, што над партрэтам працаваць вельмі цяжка. Але і цікава. Разгадаць чалавека, убачыць і перадаць тое галоўнае, што складае яго сутнасць – вось у чым задача мастака. Апроч гэтага, працуе ў жанры пейзажа, сюжэтна-тэматычнай карціны. Усё жыццё (па ўласнаму прызнанню мастака) ён прагна спасцігаў формы выяўленчага мастацтва, бо толькі ў ёй, форме, на яго погляд, можа пасяліцца змест. І з часам адышоў ад «строгага» малюнка з цвёрдымі абрысамі. Ён не зацыкліваецца на тэхніцы. Прынцыповая задача мастацтва, на погляд Мікалая Уладзі-міравіча – зрабіць нябачнае бачным.

…Між тым паралельна з творчай развівалася яго навуковая кар’ера. У канцы 80-х гадоў месцам работы Мікалая Кірэева становіцца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, кафедра жывапісу. У хуткім часе ён атрымаў званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь». А яшчэ праз 12 гадоў узначаліў кафедру «Малюнак, акварэль і скульптура» на архітэктурным факультэце Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Мае навуковае званне прафесара. Навошта, скажаце, такая вучэбная дысцыпліна будучым архітэктарам, задача якіх – ствараць праекты збудаванняў? Якая тут, на першы погляд, сувязь з мастацтвам? Але ж, калі ўдумацца, то прадстаўнікі гэтай прафесіі павінны быць не толькі адказнымі, дысцыплінаванымі і рэалістычнымі. Зусім не лішнія ў ёй пачуццё прыгожага, эмацыянальнасць, смеласць фантазіі. І, як выкладчык, Мікалай Уладзіміравіч імкнецца прывіваць сваім студэнтам гэтыя якасці. «Ад студэнтаў, – кажа ён, – хачу, каб навучыліся параўноў-ваць, аналізаваць, і галоўнае – бачыць».

Зрэшты, ён аўтар не толькі шматлікіх палотнаў, але і падручнікаў…

Карціны Мікалая Кірэева, як гавораць мастацтвазнаўцы, «валодаюць багатымі сродкамі выразнасці. Тонкае пачуццё колеру, высокі прафесіяналізм даюць яму магчымасць рашаць самыя складаныя творчыя задачы. Ён мастак камерны. Галоўны творчы імпульс для яго – прыналежнасць і спагада да ўсяго, што ён адлюстроўвае на палатне. У кожнай рабоце Мікалая Уладзіміравіча – асобая жывапісная інтанацыя. Колер для яго – не проста фарба. Гэта штосьці жывое, з чым можна імправізаваць, надаваць форму ў адпаведнасці са сваім бачаннем і фантазіяй».

Прыхільнікі творчасці Мікалая Кірэева называюць яго «мастаком з асобым дарам, палотны якога інтэлектуальна ўзбагачаюць».

Работы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у галерэях і прыватных калекцыях Еўропы. Але ёсць у яго задумка – каб і на малой радзіме, у Чавусах, таксама адкрылася карцінная галерэя, дзе ён разам з іншымі мастакамі – ураджэнцамі нашага раёна змог бы выстаўляць свае палотны. Добра б было, каб гэта задума ажыццявілася. Дарэчы, родным мясцінам пры-свечаны карціны мастака «Дзяўчына з Чавус», «Над чавускім лугам», «Новы дом у вёсцы», «Кветкі маёй Радзімы», «Чыстае азярцо».

«Творчасць– гэта не проста прыгожая карціна або песня. Гэта тое, што выходзіць з самога сэрца…» Не памятаю, каму належаць гэтыя словы, але як верна сказана…

Наталля Калеснікава

Президент Беларуси о новом «Камволе»: выходим на то, что хотели получить

Президент Беларуси Александр Лукашенко положительно оценивает результаты прошедшей модернизации в ОАО "Камволь", однако отмечает необходимость завершения начатого и ориентирует на

Погода в Чаусах

Чаусский кинтеатр «Сузор’е» предлагает к просмотру новые фильмы

13 декабря в 11.00, 16.00 - "Реальная белка-2", 2D, детский, 50 коп. 18.00 - "Похищение", 2D, взрослый, 1 руб. 14-15 декабря в 11.00, 16.00 - "Город героев", 3D, детский, 1 р...


Архив публикаций



Полезные ссылки