У вёскі Пуцькі Чавускага раёна знойдзены таямнічыя каменныя крыжы


Дата: 26.05.2017

Два гэтых сімвала знаходзяцца побач з могілкамі, а адзін крыж –  маўклівы  сведка падзей старадаўняй мінуўшчыны, размешчаны на ўзвышшы, нібы назірае за вёскай і яе жыхарамі, ды яшчэ за вандроўнікамі, якія на сваім шляху мінаюць Пуцькі. А, мабыць, не назірае, а абараняе?

Амаль ва ўсіх раёнах Беларусі ёсць каменныя крыжы, высечаныя нашымі далёкімі продкамі з ледавіковых валуноў. Гэта не толькі святыні, але яшчэ і помнікі археалогіі, гісторыі, палеагеаграфіі і духоўнай культуры. Аб крыжах вёскі Пуцькі мы даведаліся ад настаўніцы Асінаўскага ВПК Святланы Макаранка, якая са сваімі вучаніцамі нават даследчую працу аб іх стварылі. Нажаль, дакладных звестак па тэме мала, бо вельмі старадаўнія гэтыя святыні. Мабыць, вядуць адлік свайго існавання ад ХІ стагоддзя, калі хрысціянства на нашых землях яшчэ толькі распаўсюджвалася.


Звычайна іх знаходзяць на ўскраінах вёсак, каля шляхоў, на узбярэжжах рэк ды азёр. Ведаюць аб крыжах і жыхары вёскі Пуцькі і суседніх месцаў. Старыя насельнікі памятаюць час, калі крыжы стаялі. Зараз жа, ці то час зрабіў так, ці людзі, якія шукалі пад імі скарб, але крыжы нібы завалены, і іх сілуэты разгорнуты ў розныя бакі.Ёсць некалькі паданняў, звязаных са святынямі. Адна з іх, якую нам расказала Святлана Алегаўна, распавядае, што князь, які валодаў тут землямі, страціў дваіх сыноў і над іх пахаваннямі загадаў паставіць не драўляныя, а менавіта каменныя крыжы, каб і праз стагоддзі памяць аб іх за-сталася. А вось жыхарка вёскі Валянціна Ціцянкова узгадвае версію аб цудадзейным выратаванні насельніцва ваколіц ад эпідэміі і ўшанаванні гэтага здарэння крыжамі.Пра трэці крыж, які знойдзены не так даўно, ва ўрочышчы Глінішча, нават легендаў няма. Хто і навошта яго зрабіў і пакінуў тут, на ўзвышшы, пакуль што таямніца, але спадзяёмся, нехта здолее разгадаць загадку каменных крыжоў.

фота Л. Саўчанка