Главная > Актуально > «Археалогія дазваляе дасканала вывучаць нашу гістарычную спадчыну». Аб перспектывах і сучаснасці беларускай навукі

«Археалогія дазваляе дасканала вывучаць нашу гістарычную спадчыну». Аб перспектывах і сучаснасці беларускай навукі

2017 год аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі. Такая ўвага сведчыць аб тым, што дзяржава і грамадства надаюць вялікае значэнне навуковым даследаванням. Навука – гэта сіла, якая рухае развіццё наперад, вырашае задачы, якія ставіць час, дазваляе зазірнуць у невядомае і здзіўляе чалавека адкрыццём новага. Магчымасці чалавечага розуму бязмежныя,  і гэты пастулат зноў і зноў знаходзіць пацвярджэнне ў дасягненнях навукоўцаў.

Аб перспектывах і сучаснасці беларускай навукі размова з нашым земляком, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдатам гістарычных навук Маратам Клімавым.

%d0%b8%d0%bd%d1%82%d0%b5%d1%80%d0%b2%d1%8c%d1%8e1

– Чаму менавіта археалогія была ў свой час абрана Вамі ў якасці прафессіі?

– Выбар прафесіі быў абумоўлены агульнай цікавасцю да роднай гісторыі, якая была за-кладзена ў школе настаўнікамі. Сярод іх найперш трэба адзначыць Ніну Фёдараўну Бязручанка, з удзячнасцю ўзгадваю і Леаніда Леанідавіча Рачкоўскага.  Да таго ж, існаваў прыклад навучання па спецыяльнасці “археалогія” старэйшага майго земляка Ігара Язэпенкі.

– Марат Васільевіч, якія перспектывы Вы бачыце ў развіцці  айчыннай археалогіі?

– Кожная галіна навукі мае сваё значэнне для развіцця грамадства. Калі дакладныя навукі рухаюць наперад вытворчасць, то археалогія дазваляе не толькі захаваць нашу гістарычную спадчыну, якой шмат стагоддзяў, але і дасканала вывучаць яе, зрабіць высновы аб жыцці і дзейнасці нашых далёкіх продкаў.

 Я лічу, што ў кожным раённым музеі павінна з’явіцца пасада археолага, бо наша зямля літаральна насычана артэфактамі, але ў выніку дзейнасці людзей іх становіцца ўсё менш, або знікае магчымасць даследаванняў, а яны павінны быць сістэматычнымі, ў тым ліку і на мясцовым узроўні. Вось тады і магчыма будзе  казаць аб шырокіх археалагічных даследаваннях. Пакуль што  на ўсю Беларусь прафесійна ў сферы археалогіі працуюць  не больш за 50 даследчыкаў….

– А які рэгіён Беларусі вывучаеце асабіста Вы?

– У большасці археолагаў звычайна свой даследчы рэгіён. Я родам з Усходняй Беларусі, але так склалася, што я захапіўся рэгіёнам Полацкага Падзвіння, дзе фарміравалася першая беларуская дзяржаўнасць. Таму асноўныя раскопкі праходзілі  на вясковых паселішчах Падзвіння і ў самім  Полацку.

 Сярод вясковых паселішчаў, безумоўна, вылучу археалагічны комплекс Лучна, змешчаны за 12 км ад Полацка, на тэрыторыі якога ў розныя часы з ХІ па XVI стагоддзі існавала тры феадальных сядзібы і нават некалькі вясковых могілак.

 Археалагічныя раскопкі тут расцягнуліся на 10 палявых сезонаў, у выніку чаго была даследавана плошча, якая перавышае больш за 6000 кв.м. Акрамя Лучна раскопкі праходзілі яшчэ на 12 вясковых паселішчах і могільніках.

– Марат Васільевіч, якія знаходкі са знойдзеных Вамі, можна лічыць найбольш цікавымі?

– З пункту гледжання ненавукоўцаў самымі цікавымі знаходкамі з’яўляюцца манеты, у Лучна ў 2002-м годзе быў выяўлены скарб у гаршэчку, дзе змяшчалася 222 сярэбраных манеты. Але не манеты вызначаюць вартасць археалагічных знаходак. Для археалогіі якая-небудзь рэдкая рэч, зробленая з жалеза, можа быць каштоўней па інфарматыўнасці за манеты. Галоўнае ў археалогіі не сама рэч ( або як яе часцей называюць, артэфакт), а месца, дзе яна знойдзена, кантэкст, які дазваляе ўдакладніць час і паходжанне прадмета. Рэч адарваная ад кантэкста страчвае каштоўнасць, таму дзейнасць “чорных капальнікаў” па-сутнасці, гэта простае рабаванне археалагічных помнікаў і вялікая праблема для навукі.

– У Вас больш за 80 навуковых артыкулаў. Сярод праблем, асвечаных у іх, ёсць паднятыя і разгледжаныя  ўпершыню?

– Для кожнага навукоўца вельмі важна быць, так бы мовіць першапраходцам. У сваіх навуковых працах мне ўдалося адлюстраваць  упершыню такія накірункі, як характар і структура рассялення на тэрыторыі Полацкага Падзвіння ў сярэдневяковы перыяд; феадальныя неўмацаваныя сядзібы ХІ–XVI стст.; генэзіс малых гарадоў Падзвіння; храналогія і матэрыяльная культура  XIV – першай паловы XVI стст., грунтовыя магільнікі ХІІІ – ХVI стст., фартэцыі перыяду Лівонскай (Інфлянцкай вайны) і г.д. 

– Марат Васільевіч, якія якасці Вы лічыце неабходнымі для археолага?

– Самыя важныя якасці для археолага, я думаю, такія. Аналітычны склад розуму – для аналіза матэрыялаў і пацвярджэння, або абвяржэння вылучаных гіпотэз і палажэнняў. Мабільнасць і ўніверсальнасць – магчымасць вельмі хутка пераўладкоўвацца на розныя віды дзейнасці, бо археалогія – гэта праца і на раскопках, і па апрацоўцы матэрыялаў, якія трэба “зашыфраваць” і уключыць у вопісы, а таксама гэта праца  ў бібліятэках з навуковай літаратурай. Галоўная ж якасць – любіць справу, якой займаешся.

Гутарку вяла
Наталля ШКРЭДАВА

 

Архив публикаций



Полезные ссылки