Аб роднай мове разважаюць жыхары Чавус


Дата: 22.02.2016

Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне аб заснаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў 1999 годзе і ён адзначаецца ва ўсім свеце з 2000-га. Паводле заключэння экспертаў ЮНЭСКА палова з існуючых у свеце шасці тысяч моў знаходзяцца пад пагрозай знікнення.
Для святкавання Міжнароднага дня роднай мовы дата 21 лютага абрана невыпадкова. У гэты дзень у 1952 го-дзе ў Пакістане загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне іх роднай мове “бангла” статуса дзяржаўнай. Пазней усходняя частка гэтай краіны стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Якое значэнне мае родная мова? Яна з’яўляецца адметнай рысай народа, асновай яго культуры, сімвалам самабытнасці і непаўторнасці. Нашы продкі пісалі свае філасофскія роздумы, мастацкія творы, успаміны аб мінулым  па-беларуску. Перапісвала кнігі і клапацілася аб іх распаўсюджванні Ефрасіння Полацкая, ствараў словы і прытчы “беларускі златавуст” Кірыла Тураўскі. Знакаміты асветнік і першадрукар сярод усходніх славян Францыск Скарына ў далёкай Празе друкаваў сваю першую кнігу на старабеларускай мове. На ёй жа быў напісаны, а затым надрукаваны выдатнейшы помнік заканадаўства ў Еўропе XVI стагоддзя – Статут Вялікага княства Літоўскага.
Праз розныя выпрабаванні прайшло наша беларускае слова. Перыяд апалячвання або паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай змяніўся палітыкай русіфікацыі, калі нашы землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Але мова жыла ў паўсядзённасці беларускай вёскі і буднях гарадоў, у літаратурных творах людзей, адданых са-праўдным нацыяльным каштоўнасцям, і ў самотных песнях сялян. Нельга выкараніць душу народа, нельга забараніць, знішчыць яго мову.  Шмат таленавітых літаратараў дала свету беларуская зямля. Творы Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа настолькі ярка  адлюстроўвалі жыццё беларусаў, дзякуючы выдатным якасцям роднай мовы: выразнасці і насычанасці, што, чытаючы іх, адчуваеш эфект прысутнасці, нібы сам удзельнічаеш у падзеях канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.
Барацьба за незалежнасць, рэвалюцыйныя падзеі, утварэнне  першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы – усё гэта знайшло ўвасабленне ў творах беларускіх пісьменнікаў, якія перакладаліся на замежныя мовы і знаходзілі сваіх чытачоў у іншых краінах. Гэта Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін, Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч.
Нашы выдатныя майстры слова паказалі, як можна праз кнігу данесці да чытача ўвесь жах вайны і веліч подзвігу народа, які нават у такіх трагічных абставінах праяўляў свае лепшыя якасці.
Літаратура – люстэрка жыцця, а слова – гэта сродак яго ўвасаблення, роднае слова…
Калі наведваеш Музей беларускага кнігадруку ў Полацку, увагу  прыцягвае скульптура, якая сімвалізуе беларускую мову. Гэта велічная постаць прыгожай жанчыны з кнігай у руцэ, але палова гэтай выявы абязвечаная, нібы апаленая. Экскурсавод тлумачыць, што гэтая частка статуі па задуме аўтара адлюстроўвае цяжкія часы існавання нашай роднай мовы, калі яе спрабавалі выкараніць і знішчыць, забывалі і ганьбілі. А другая частка выявы, цудоўная ў сваёй натхнёнасці – гэта апты-містычны позірк у будучыню нашага беларускага слова, калі яно будзе квітнець і развівацца.
Чаму ж мы, беларусы, цураемся свайго роднага, як бы здраджваем ўсяму таму лепшаму, што за-клалі ў падмурак беларускай культуры нашы продкі, асветнікі, пісьменнікі і паэты? Узгадваюцца словы Алеся Гаруна, выказаныя амаль сто гадоў таму, але актуальныя для нас сучасных:
Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.
Родная мова патрабуе ўвагі і павагі не толькі ў дзень міжнароднага свята, а заўсёды. Таму будзе вельмі добра, калі ў наступны раз, сустрэўшы добрага знаёмага, пачынаючы размову, вы скажаце: “Гавары са мной па-беларуску”…

*****

м е р к а в а н н і

Пробашч парафіі п.т.НПМ – Маці Касцёла ў Чавусах айцец Гжэгаж Ксёнжэк.
– У каталіцкай царкве ёсць  патрабаванне: святар павінен весці богаслужэнне  на мове таго народа, на тэрыторыі якога знаходзіцца прыход. Таму пасля накіравання на служэнне ў Беларусь вывучэнне беларускай мовы было для мяне абавязковым, рускую да того часу я ўжо ведаў. Давялося браць урокі вашай роднай мовы, знаёміцца са здабыткамі культуры, літаратурай і гісторыяй Беларусі. Мяне, як іншаземца, уразіла багацце і мілагучнасць беларускай мовы, лічу яе адной з самых прыгожых сярод славянскіх. Яна вельмі блізкая да польскай, да такой ступені, што калі паляк размаўляе на сваёй роднай мове, а беларус – на сваёй, мы разумеем адзін аднаго без перакладчыка.
Яшчэ адно моцнае ўражанне было звязана са знаёмствам з асобай і дзейнасцю Францыска Скарыны. Гэта сапраўды выдатны чалавек. Ён пераклаў на беларускую мову і надрукаваў кнігі Бібліі і зрабіў магчымым несці слова Божае да вялікай колькасці лю-дзей менавіта на роднай мове.
Многія знакамітыя дзеячы культуры пісалі творы і па-польску, і па-беларуску. Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Уладзіслаў Сыракомля  зрабілі вялікі ўнёсак у культуру абодвух нашых народаў. Калі бываю ў Мінску, абавязкова наведваю спектаклі тэатра імя Янкі Купалы. Запомнілася “Пінская шляхта” Дуніна-Марцінкевіча. Выдатны твор. Я лічу, што беларуская мова, літара-тура і культура – гэта ваш гонар і багацейшая спад-чына.
Але за той час, што я жыву ў Беларусі, таксама паспеў заўважыць, што мала людзей, напрыклад, у Чавусах, у паўсядзённым жыцці размаўляюць менавіта на сваёй роднай мове. У той жа час у Мінску або ў Гродне вельмі часта можна пачуць прыгожую беларускую гаворку. У чым тут справа, сказаць цяжка, але, калі ўспомніць гісторыю, тыя народы, якія адмаўляліся ад свайго нацыянальнага духоўнага багацця, не мелі будучыні і зыходзілі ў небыццё. Беражыце і шануйце сваю спадчыну.

***

Людміла Кузьміна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ№2 г. Чавусы, “Чалавек года-2015”.
– Колькі сябе памятаю, заўсёды любіла чытаць творы як на рускай, так і на беларускай мовах. Бацькам нават прыходзілася адбіраць у мяне кнігі, баяліся, што сапсую зрок. Родную мову любіла і ў пачатковых класах, і калі вучылася ў сярэдняй школе. Наша настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Яўгеньеўна Волкава вельмі добра размаўляла па-беларуску сама і нас прывучала цаніць прыгажосць і багацце нашай роднай мовы. Мне падабалася выказваць свае думкі і разважанні наконт самых розных праблем у сваіх сачыненнях. Любімымі пісьменнікамі былі ў той час і застаюцца па сённяшні дзень Іван Шамякін і Васіль Быкаў. Іх творы  не толькі цікавыя па зместу, але і прымушаюць чытача думаць і ацэньваць учынкі галоўных герояў, прымерваючы абставіны да сябе.
Калі параўноўваць сітуацыю сучасную з недалёкім мінулым, можна сказаць, што большасць вучняў зараз успрымаюць родную мову амаль што як замежную. Мала чытаюць, таму і слоўнікавы запас у іх невялікі. Ім цяжка сфармуляваць свае думкі па-беларуску,  ужываюць шмат “русізмаў”. На сваіх уроках я не толькі прывучаю вучняў пісаць без памылак, але і абуджаю цікаўнасць да  твораў нашых вядомых пісьменнікаў, нават тых, якія не вывучаюцца ў рамках школьнай праграмы. Расказаўшы, напрыклад, першую частку рамана, прапаную даведацца, чым скончылася гісторыя, самастойна. І гэта працуе. Многія прыходзяць праз некалькі дзён і расказваюць, ці спадабалася ім канцоўка твора.
Вельмі прыемна, калі з’яўляюцца вучні, якія не проста цікавяцца роднай мовай і літаратурай, а сур’ёзна і глыбока вывучаюць іх, шмат працуючы самастойна. Лічу, што важную ролю адыгрываюць у гэтых выпадках  сем’і. Калі бацькі падтрымліваюць вучня, заахвочваюць яго захапленне, то і вынікі на прадметных алімпіядах і творчых конкурсах будуць высокімі.
Я ўпэўнена ў тым, што калі адносіны грамадства да роднай мовы стануць больш прыязнымі і сур’ёзнымі, тады і вынікі працы з дзецьмі ў школе стануць значна лепшымі і ,мабыць, у нас з’явяцца новыя “зоркі” літаратуры і новыя цікавыя раманы.

***

Памочнік благачыннага Чавускага благачынія Валерый Гаўрыш.
– Я размаўляю па-беларуску таму, што лічу: беларусы павінны карыстацца сваёй роднай мовай, а не толькі вывучаць яе як замежную. Мова – гэта адна з найважнейшых прыкмет нацыі.  Але яна павінна быць жывой, а не літаратурнай. На жаль, мы бачым, што большасць беларусаў размаўляюць па-руску. Нават са здзіўленнем пазіраюць на суразмоўцу, які штосці пачынае казаць на роднай мове. Многія кажуць, што гэта наступства існавання Савецкага Саюза, калі агульнай мовай карыстання для ўсіх народаў, якія былі ў складзе гэтай дзяржавы, была руская. Але я ўспамінаю той час і магу з упэўненасцю сказаць, што справа не ў гэтым. Я сам вучыўся ў  звычайнай сельскай школе, дзе нам давалі добрыя веды па роднай мове. Дома гучала таксама беларуская гаворка і гэта было натуральна. Не, мы таксама вывучалі і ведалі  рускую мову, але ў паўсядзённым жыцці карысталіся сваёй роднай. Усе чыталі кнігі, часопісы і газеты на беларускай мове, нават наша раённая газета “Іскра“ друкавалася толькі на ёй. Я ўсё дарослае жыццё выпісваю “Звязду”, мне вельмі падабаюцца артыкулы аўтараў гэтага выдання, іх павага да роднай мовы. У той жа час сумна назіраць у вялікіх гарадах білборды з перакладамі рускіх слоў на нашу мову, напрыклад, шиповник – шыпшына, любовь – каханне. Яны як бы папулярызуюць родную мову, але і сведчаць аб тым, што многія беларусы не ведаюць нават гэтага .
Зараз змяніліся адносіны да беларускай мовы, многія лічаць яе непрэстыжнай, вясковай. Мне здаецца, што, калі дзеці яшчэ з садка будуць выхоўвацца ў павазе да сваёй роднай мовы, затым з такімі ж адносінамі вывучаць яе ў школе, становішча будзе іншым. Не адразу, але сітуацыя павінна змяніцца. Калі ж пакінуць усё, як зараз, мы хутка страцім права “беларусамі звацца”.