Пятница, Декабрь 15, 2017
Главная > Общество > У сярэдняй школе №1 г.Чавусы адбылася сустрэча з пісьменнікамі пад дэвізам “Кніга – мой лепшы сябра”, прысвечаная Году кнігі

У сярэдняй школе №1 г.Чавусы адбылася сустрэча з пісьменнікамі пад дэвізам “Кніга – мой лепшы сябра”, прысвечаная Году кнігі

У сустрэчы прынялі ўдзел вучні і педагогі школы. У праграме – прэзентацыя зборніка твораў  пісьменнікаў і паэтаў Магілёўшчыны “Прыдняпроўе”, аповяд мясцовых пісьменнікаў аб сваім творчым шляху, уручэнне ўзнагарод пераможцам літаратурнага конкурсу, прысвечанага Канстанціну Сіманаву, чытанне вершаў, аўтарамі якіх з’яўляюцца вучні школы.Мерапрыемства было падрыхтавана цэнтрам дадатковай адукацыі школьнікаў і моладзі сумесна з настаўнікамі і бібліятэкарам СШ №1.

На сустрэчу завіталі старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Дуктаў, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Мікола Салаўцоў і празаік Валянцін Крыжэвіч.

Уступным словам мерапрыемства адкрыла вучаніца 11-га класа Алеся Фаміна. Яна, у прыватнасці, адзначыла, што прынята лічыць  існаванне ў свеце сямі цудаў, але  ёсць і восьмы цуд, які даўно побач з намі, аднак мы не лічым яго цудам, – гэта кніга. Яна ўваходзіць у наша жыццё з самага дзяцінства, знаёміць  з навакольным светам, вучыць  і дапамагае цікава і з карысцю бавіць вольны час.

Затым выступіў Уладзімір Дуктаў. Ён коратка расказаў пра абласную пісьменніцкую арганізацыю, у якую ўваходзіць без малога 40 празаікаў і паэтаў. Падкрэсліў, што далёка не кожны сельскі раён вобласці можа пахваліцца, што там жывуць і працуюць прафесійныя літаратары. У Чавусах – гэта Мікола Салаўцоў і Валянцін Крыжэвіч.

Творы абодвух гэтых аўтараў былі надрукаваны ў зборніку “Прыдняпроўе – маё натхненне”, які выйшаў у 2010 годзе. У мінулым годзе выйшаў чарговы зборнік “Прыдняпроўе”, у якім, у прыватнасці, змешчаны і вершы Міколы Салаўцова. У гэтым альманаху  можна  прачытаць вершы, прозу і публіцыстыку яшчэ многіх аўтараў Магілёўшчыны – і сталых, і маладых, якія толькі пачынаюць свой шлях у літаратуру.

Затым вучні школы Арына Якаўлева, Аляксандра Драздова, Арцём Свірыноўскі і Ілля Самсонаў прачыталі вершы аўтараў, надрукаваных у зборніку “Прыдняпроўе”. А Ўладзімір Дуктаў перадаў адзін экземпляр гэтай кнігі і зборнік сваіх апавяданняў школьнай бібліятэцы.

Потым слова было прадастаўлена Валянціну Крыжэвічу. Ён распавёў, як навучыўся чытаць у дзяцінстве яшчэ да школы, якое значэнне мелі ў яго жыцці кнігі, і што менавіта захапленне чытаннем абудзіла ў яго творчыя здольнасці і прывяло ў пісьменніцкія шэрагі. Друкаваць вершы пачаў з 8-га класа ў краснапольскай раённай газеце “Чырвоны сцяг”.

Першая кніжка, фантастычная аповесць “Остров на дне океана”, выйшла ў 1989 годзе ў мінскім выдавецтве “Юнацтва” тыражом 90000 экземпляраў. Яе тэкст і зараз ёсць у электроннай бібліятэцы Інтэрнэта, для знаёмства дастаткова толькі ў пошукавым радку набраць прозвішча аўтара або назву кнігі. Наступная кніга, прыгодніцкая аповесць у трох частках “Демоны Рыжего леса”, выйшла ў мінскім выдавецтве “БелФранс” у 2000 годзе. Валянцін Крыжэвіч піша на рускай і беларускай мовах. Яго апавяданні і аповесці друкаваліся ў калектыўных зборніках,  у газеце “Звязда” (за адно з іх ён у 2005 годзе атрымаў літаратурную прэмію), у часопісе “Вожык”, у абласных і раённых газетах.

Пісьменнік заклікаў вучняў у век Інтэрнэту не забываць кнігу, бо ўспрыняцце літаратурных твораў з папяровых старонак зусім іншае, больш глыбокае і асэнсаванае, чым з экрана манітора.

Аб сваім творчым шляху расказаў і Мікола Салаўцоў. Першыя яго зборнікі вершаў для дзяцей “Вавёрчын веласіпед” і ”Чаму плуг не ржавее”  выйшлі ў свет у рэспубліканскіх выдавецтвах гадоў 30 таму. Потым яшчэ некалькі зборнікаў вершаў выходзілі ў абласным выдавецтве. Вершы паэта друкаваліся ў калектыўных зборніках, у перыядычных выданнях. Літаратурны вопыт Міколы Салаўцова адметны тым, што ён імкнецца прывіваць любоў да кнігі, да мастацкага слова падрастаючаму пакаленню: некалькі год запар кіраваў у Доме дзіцячай творчасці гуртком юных журналістаў і літаратараў, а пасля рэфармавання ДДТ у Цэнтр дадатковай адукацыі вядзе тут  гурток “Юны радыёжурналіст”.

І як бы ў пацвярджэнне плённасці гэтай працы юныя гурткоўцы Аня Ераш, Яна Сцепчанка, Таня Макаранка і Ліза Каханоўская прачыталі свае вершы. Прачытаў некалькі сваіх  вершаў і Мікола Салаўцоў. Ён  заклікаў вучняў шанаваць кнігу і не забываць яе як крыніцу ведаў і сродак развіцця творчых  талентаў. А таксама перадаў школьнай бібліятэцы запісы вершаў сваіх першых кніг на лазерным дыску.

Затым Уладзімір Дуктаў распавёў аб правядзенні ў Магілёве Сіманаўскіх чытанняў і літаратурнага конкурсу, прысвечанага лаўрэату Ленінскай прэміі, Герою Сацыялістычнай Працы, празаіку і паэту Канстанціну Сіманаву. У  мерапрыемстве прынялі ўдзел пісьменнікі з Мінска, прадстаўнікі пасольства Расіі, Магілёў-скага гарадскога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Русская община”.

Канстанцін Сіманаў у 1941 годзе быў моцна ўражаны гераізмам абаронцаў Магілёва, пабываў тады і ў Чавусах. І яшчэ раз наведаў наш горад  у год святкавання 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-45 гг. Пісьменнік завяшчаў пасля смерці развеяць яго прах на Буйніцкім полі пад Магілёвам, дзе ён быў сведкам бязмежнага гераізму савецкіх салдат. Што было і зроблена. Зараз там устаноўлены памятны знак.

Сярод пераможцаў літаратурнага конкурсу, прысвечанага Канстанціну Сіманаву – Мікола Салаўцоў і Валянцін Крыжэвіч з творамі ваеннай тэматыкі. Уладзімір Дуктаў уручыў ім дыпломы абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Магілёўскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Русская община”, а таксама кнігу беларускіх фальклору і літаратурных помнікаў  на рускай мове “Волшебная свирель”.

Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі таксама ўручыў метадысту Цэнтра дадатковай адукацыі Вераніцы Загоранка для выкарыстання ў выхаваўчай рабоце кнігу-гістарычнае даследаванне “1941-й: пылающие рубежи Днепра и Сожа” пісьменніка Мікалая Барысенкі, нашага земляка, ураджэнца вёскі Удоўск. У ходзе збору матэрыялаў для кнігі гісторыка-пошукавым атрадам “Виккру”, які ўзначальвае Мікалай Барысенка, былі знойдзены дзесяткі невядомых раней брацкіх магіл, падняты і перапахаваны астанкі 230 савецкіх салдат, устаноўлены імёны і прозвішчы 22 з іх, у архівах выяўлены прозвішчы і месцы пахавання  больш 8500 савецкіх воінаў, якія лічыліся да гэтага прапаўшымі без вестак.

прачытала свае вершы і бібліятэкар школы Людміла Сцепчанка, падзякавала Уладзіміру Дуктаву і Міколу Салаўцову за падораныя кнігі і дыск,  усіх прысутных  – за ўвагу да мерапрыемства, прысвечанага Году кнігі, а таксама ўручыла пісьменнікам сувеніры,вырабленыя вучнямі.   За падораную кнігу і актыўны ўдзел у сустрэчы пісьменнікаў дзякавала і Вераніка Загоранка. Яна ў сваю чаргу ўручыла пісьменнікам сувеніры, вырабленыя гурткоўцамі Цэнтра дадатковай адукацыі.

В.ЛУК’ЯНАЎ.

НА ЗДЫМКАХ: уверсе злева направа – Уладзімір Дуктаў уручае Міколу Салаўцову Дыплом за перамогу ў літаратурным конкурсе, прысвечаным Канстанціну Сіманаву; у актавай зале школы ў час мерапрыемства; унізе – зборнік твораў пісьменнікаў і паэтаў Магілёўшчыны “Прыдняпроўе”; ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ц.Скачкоў з членамі пошукавага атрада “Виккру” (крайні злева – Мікалай Барысенка).

 

Президент Беларуси о новом «Камволе»: выходим на то, что хотели получить

Президент Беларуси Александр Лукашенко положительно оценивает результаты прошедшей модернизации в ОАО "Камволь", однако отмечает необходимость завершения начатого и ориентирует на

Погода в Чаусах

Чаусский кинтеатр «Сузор’е» предлагает к просмотру новые фильмы

13 декабря в 11.00, 16.00 - "Реальная белка-2", 2D, детский, 50 коп. 18.00 - "Похищение", 2D, взрослый, 1 руб. 14-15 декабря в 11.00, 16.00 - "Город героев", 3D, детский, 1 р...


Архив публикаций



Полезные ссылки