Выйшаў 10-тысячны нумар чавускай “Іскры”


Дата: 25.08.2015

Сёння ў нас, паважаныя чытачы, юбілей: выйшаў у свет 10-тысячны нумар раённай газеты. І, гартаючы старыя падшыўкі, разумееш, што наша “Іскра”– гэта гісторыя раёна ў газетных радках,  яго люстэрка. Мы сапраўды вядзем своеасаблівы летапіс падзей, расказваем аб жыцці нашых землякоў, імкнемся пісаць на актуальныя тэмы, дапамагаць сваім чытачам у вырашэнні іх жыццёвых праблем. Нездарма кажуць, што слова – самая моцная зброя… Якая ж яна, гісторыя нашай юбіляркі?

Пры даследаванні дакументаў, што датычаць першых гадоў Савецкай улады ў Чавускім раёне, не ўдалося знайсці даных аб выхадзе мясцовай газеты. Выдаваліся нейкія інфармацыйныя лісткі, лістоўкі, але выходзілі яны ад выпадку да выпадку і лічыць іх правобразам газеты было б няправільна.
Мясцовы перыядычны друк савецкага перыяду атрымаў на большасці тэрыторыі Беларусі шырокае развіццё даволі позна – у пачатку трыццатых гадоў. 2 красавіка 1931 года Сакратарыят ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне аб стварэнні раённых газет. На аснове гэтага рашэння 8 красаві-ка 1931 года на пасяджэнні бюро Чавускага райкама КПБ(б)Б было разгледжана пытанне аб выпуску раённай газеты. Рэдактарам газеты быў зацверджаны Шклярэўскі. (На жаль, імя, імя па бацьку першага рэдактара, іншыя яго біяграфічныя даныя ўстанавіць не ўдалося). Рэдактару было даручана забяспечыць выпуск першага нумара раённай газеты, якой далі назву “Калгасны сцяг”, да 1 мая 1931 года. (На жаль, першы нумар таксама не ўдалося знайсці ў архівах рэспублікі).
Яшчэ адзін факт з “біяграфіі” газеты, які варта прыгадаць: адзін з першых рэдактараў газеты Беразоўская Чэрна Веніямінаўна, ураджэнка Гродзенскай вобласці)   5 студзеня 1938 года была асуджана да вышэйшай меры пакарання як шпіён пан-скай Польшчы. Расстраляна 11 лютага 1938 года. Была рэабілітавана толькі 30 снежня 1991 года.
Якой была чавуская раённая газета на першым этапе свайго існавання, застаецца толькі здагадвацца. Але вядома ж, як дзіця свайго часу, яна не магла прайсці міма калектывізацыі сялянства, міма індустрыялізацыі прамысловасці краіны, міма культурнага і духоўнага развіцця мясцовых жыхароў, міма ідэі дружбы народаў.
Аб курсе на крутую і безадмоўную калектывізацыю сялянства ўскосна сведчыць даволі хуткая змена назвы чавускай раённай газеты з “Калгаснага сцяга” на “За бальшавіцкія калгасы”. Былі патрэбны не проста калгасы, а менавіта бальшавіцкія калгасы. Такім чынам у сферу эканомікі прыўносілася значная доля ідэалогіі.
Чарговае перанайменне чавускай раённай газеты адбылося з 10 сакавіка 1944 года, калі яна стала называцца “Сталінскі шлях”. У немалой ступені ўмацаванню аўтарытэта Сталіна паслужылі поспехі савецкага народа ў вайне супраць нямецкага фашызму.
Пасля фашысцкай акупацыі газета ў Чавусах стала выходзіць тады, калі яшчэ грымела вайна. Змест газеты абумоўліваўся ваенным часам. У газеце друкавалі-ся зводкі Саўінфармбюро, загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Сталіна, ін-шыя афіцыйныя матэрыялы. Мясцовая інфармацыя была невялікай па аб’ёму. Заметкі ў асноўным расказвалі аб аднаўленчых работах, паведамлялі аб партыйных мерапрыемствах. Друкаваліся таксама пісьмы з фронту.
Шмат увагі ў мясцовай інфармацыі ўдзялялася зберажэнню коней як галоўнай цяглавай сілы ў вёсцы. Расказвалася аб рабоце на лесанарыхтоўках. Апісваўся высокі энтузіязм калгаснікаў на палявых работах.
У нумары за 13 мая 1945 года быў на-друкаваны зварот Сталіна да савецкага народа ў сувязі з перамогай у Вялікай Айчыннай вайне. У гэтым жа нумары друкаваўся Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР “Аб аб’яўленні 9 мая Святам Перамогі”, якое лічыць нерабочым днём.
Водбліск Перамогі быў бачны і ў многіх наступных нумарах раённай газеты. Яна заклікала жыхароў раёна падмацоўваць поспехі ваенныя перамогамі на працоўным фронце.
У 1946 годзе адбыліся першыя пасля-ваенныя выбары ў Вярхоўны Савет СССР. У нумары за 14 лютага 1946 года раённая газета поўнасцю надрукавала прамову Сталіна на перадвыбарным сходзе выбаршчыкаў у Маскве. Звяртаюць на сябе ўвагу наступныя радкі з прамовы: “Нямнога варта была б Камуністычная партыя нашай краіны, калі б яна баялася крытыкі, праверкі. Камуністычная партыя гатова прыняць прыгавор выбаршчыкаў”.
3 1 ліпеня 1956 года чавуская раённая газета набыла новую назву. Яна стала “Іскрай”. Як бачна, на гэты раз назву вы-бралі больш надзейную, якая мала залежыць ад палітычнай кан’юнктуры.
Перанайменне газеты супала з развіццём так званай Хрушчоўскай адлігі. У час гэтай адлігі, у 1961 годзе, усяго праз 16 год пасля страшэннай вайны, першым у космас паляцеў савецкі чалавек. Гэта факт гісторыі, які ніякай чорнай плямай не за-крыеш.
Хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адну адметную рысу ў партрэце раённай газеты да пачатку 80-х гадоў. Яна вельмі многа пісала аб працы і выніках працы, бязлітасна крытыкавала за нізкія ўраджаі і надоі, узнёсла хваліла маякоў вытворчасці. Але надта мала пісала, што ж дае праца самім людзям, як адбіваюцца вытворчыя паказчыкі на іх асабістым дабрабыце, ці расце спажыванне харчовых прадуктаў і тавараў на душу насельніцтва ў раёне прапарцыянальна росту вытворчасці? Урэшце, якія думкі і жаданні валодалі людзьмі ў сапраўднасці.
Не варта адносіць гэты грэх толькі да чавускай раённай газеты. Так выглядала ўся прэса, так жыло ўсё наша грамадства.
1985 год зараз прынята лічыць кропкай адліку галоснасці і “перабудовы”. Але больш правільным было б сказаць, што гэта кропка адліку новага ўзроўню галоснасці.
Праўда, нельга не сказаць і аб тым, што ў 1990-1991 гадах над раённай газетай наогул навісла пагроза ліквідацыі. Бо ў сувязі з бурнымі палітычнымі падзеямі раптам аказалася, што на выпуск газеты няма грошай. Райкаму КПБ, які тады яшчэ існаваў, райвыканкаму, рэдакцыі “Іскры” давялося звяртацца за падтрымкай да працоўных калектываў. Некаторыя з іх знайшлі магчымасць фінансавай дапамогі. А потым за мясцовую газету заступіліся і дэпутаты раённага Савета, калі ўводзіўся новы парадак заснавання і рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі.
Пасля 1985 года для прэсы па сутнасці не заставалася закрытых тэм. Прыбавілася на старонках газет шчырасці і вастрыні. Але на гэтым заманлівым шляху многія выданні сталі друкаваць суцэльную “чарнуху». Паступова ў масавай свядомасці стаў складвацца змрочны і наскрозь злачынны вобраз нашага мінулага, нашай гісторыі. Як быццам бы і не было дружбы народаў нашых рэспублік, як быццам бы не было подзвігу савецкіх людзей у вайне з фашызмам і пасляваеннага аднаўлення краіны, не было пакарэння космасу, не было СССР, як дзяржавы, з якой лічыўся ўвесь свет.
На шчасце, чавускай раённай газеце, ды і наогул мясцоваму друку Беларусі, удалося пазбегнуць спакусы абліць нашу гісторыю граззю і на гэтым зарабіць сабе танны аўтарытэт. Раённыя журналісты не ўходзілі і не ўходзяць ад вострых тэм, але пры гэтым захоўваецца пачуццё разважнага сэнсу, не прыніжаецца годнасць старэйшых пакаленняў, не выхоўваецца нігілізм у моладзі.
У 1976 годзе да Дня друку 5 мая “Іскра” была ўзнагароджана абласной журналісцкай арганізацыяй Дыпломам і прэміяй імя селькора Фёдара Ракушава.
Чавуская раённая газета – адна з нямногіх ў рэспубліцы і адна з дзвюх у Магілёўскай вобласці ўзнагароджаная ў 1983 г. Дыпломам Саюза журналістаў СССР і прэміяй імя М.і.Ульянавай за лепшую пастаноўку масавай работы, гэта значыць, работы з пазаштатным аўтарскім актывам.
Але сёння трэба сказаць адкрыта і шчыра, што такіх пазаштатных аўтараў, якія б самі пісалі і дасылалі свае карэспандэнцыі ў газету, зараз мала.  Звычайна яны проста прадастаўляюць інфармацыю і даюць згоду надрукаваць яе пасля журналісцкай апрацоўкі пад іх подпісам. Тым не менш, і за такую форму супрацоўніцтва мы шчыра ўдзячны сябрам газеты.
Безумоўна, без удзелу пазаштатных аўтараў журналісцкаму калектыву “Іскры” не ўдалося б заваяваць шэраг перамог і прызавых месц у рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсаў. У 1988 годзе газета “Іскра” заняла трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе “Навукова-тэхнічны прагрэс” – аснова інтэнсіфікацыі эканомікі”. У 1990 годзе “Іскра” стала другой у рэспубліканскім конкурсе спецвыпускаў “Прэс-аўтаклуб”. Больш дзесятка разоў атрымлівала “Іскра” дыпломы розных ступеняў за асвятленне экалагічных праблем.
У 1981 г. “Іскра” была ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Журналісты раённай газеты неаднаразова станавіліся прызёрамі абласнога штогадовага творчага конкурсу на лепшую публікацыю года сярод раённых газет. А па выніках 2009 года  “Іскра” заняла першае месца сярод раёнак Магілёўскай вобласці і была ўзнагароджана Дыпломам аблвыканкама.
Якасць газетных публікацый, іх актуальнасць залежаць, у першую чаргу, ад прафесіяналізму супрацоўнікай рэдакцыі.  35 гадоў адпрацаваў у “Іскры” Валянцін Крыжэвіч: спачатку галоўным рэдактарам, а потым – намеснікам рэдактара. 35 гадоў  журналісцкага стажу – у Наталлі Калеснікавай, якая на працягу апошніх 9 гадоў узначальвала калектыў рэдакцыі, а зараз працуе загадчыкам аддзела.  32 гады адпрацаваў у чавускай раённай газеце фотакарэспандэнтам Віктар Шуманскі, амаль 14 гадоў –Анатоль Кіпяткоў, які прыйшоў яму на змену. Больш за 14 гадоў ўзначальвала сельгасаддзел рэдыкцыі Галіна Духоўская. Добры творчы патэнцыял у  Наталлі Шкрэдавай, якая працуе ў рэдакцыі  трэці год.
Вялікі стаж работы ў рэдакцыйным калектыве маюць галоўны бухгалтар Галіна Сырыцкая, карэктар Людміла  Кавалёва, старшы аператар настольна-выдавецкай сістэмы Тамара Васільеўна Пілецкая. Менавіта прафесіяналізм нашых супрацоўнікаў дазваляе рабіць газету цікавай для падпісчыкаў.
Разам з тым, творчы калектыў чавускай раённай газеты даваў папаўненне і ў іншыя газеты. Працяглы час Клімавіцкую раённую газету рэдагаваў Іван  Журко, былы загадчык аддзела “Іскры”. Рэдактарам краснапольскай раённай газеты працаваў былы супрацоўнік “Іскры” Фёдар Ганчароў.  Доўгі час рэдактарам слаўгарадскай раённай газеты працаваў былы “іскравец” Пётр Балукоў. Творчую загартоўку ў чавускай “Іскры” праходзіла былы рэдактар горацкай раённай газеты Людміла Ганчарова.
Шмат творчых сіл і арганізатарскага ўмення аддалі чавускай раённай газеце яе былыя рэдактары Васіль  Самусік, Аялксандр Рабцаў.
Сваю працоўную дзейнасць у якасці журналіста пачынала ў “Іскры” Тамара Белкіна, былы памочнік Прэзідэнта Беларусі.
Засталіся ў памяці журналістаў і чытачоў Ісак  Шахновіч, які рэдагаваў “Іскру” на працягу некалькіх гадоў; Пётр Магілін, які шмат гадоў нязменна ўзначальваў сельгасаддзел; Мікалай Секушэнка, які 39 гадоў адпрацаваў у чавускай раённай газеце; Іван Глекаў, які працаваў намеснікам рэдактара, адказным сакратаром, на раённым радыё. У гэты юбілейны дзень мы шануем памяць гэтых людзей, шануем іх уклад у развіццё мясцовага друку.
Цяперашні калектыў рэдакцыі “Іскры” імкнецца рабіць усё, как сённяшні дзень дастойна ўвайшоў у гісторыю раёна. Мы не ганяемся за сенсацыямі, а расказваем аб нашых земляках, інфармуем аб рэальных падзеях, запрашаем сваіх чытачоў да дыялогу. І спадзяемся, што  нашы падпісчыкі і надалей застануцца з намі.
Наступны нумар “Іскры” размяняе чарговую тысячу нумароў. Жыццё працягваецца…