Абрадавая праграма “Піліпаўскія вячоркі” прайшла ў раённым Цэнтры культуры і вольнага часу ў Чавусах


Дата: 15.12.2023

Народны фальклорны ансамбль “Спадарыня” раённага Цэнтра культуры і вольнага часу сёння, 15 снежня, у чарговы раз падрыхтаваў абрадавую праграму “Піліпаўскія вячоркі”. На гэтым абрадавым мерапрыемстве пабывалі і журналісты “раёнкі”.

Пасярод фае РДК ужо стаіць і красуецца навагодняя ёлка, якая прыцягвае ўвагу гледачоў. На пляцоўцы, дзе праходзіла мерапрыемства, стаяла імправізіраваная ўпрыгожаная сялянская хата з атрыбутамі. Стол накрыты абрусам, лаўкі, рушнікі. Мы ўбачылі гаспадыню, якая рыхтавалася сустракаць гасцей. Госці прыйшлі не з пустымі рукамі – прыгатавалі стравы. Усе сяброўкі хваліліся сваімі пачастункамі і здароваліся. Так скончылася працоўная нядзеля ў Чавусах, і пачалі святкаваць “Піліпаўскія вячоркі”.

Гэтым пятнічным вечарам спявалі абрадавыя песні “Пойдзем, дзевачкі, на вячорачкі”, “Там, за гаем зеляненькім”, “Цераз рэчаньку”, “Вецер з поля, туман з мора”, “Па-за садам, па-за гаем” і частаваліся. Дзяліліся прыкметамі. Напрыклад, снежань – ад слова снег. Першы месяц зімы. Ён заўсёды самы пахмурны месяц у годзе. У ім самы кароткі дзень (21-22 снежня) – 7-8 гадзін. У народзе гаварылі: у Піліпаўку дзень да паўдня.

А яшчэ прыйшла зіма, трэба спяшацца звязаць шкарпэткі, шапачкі для ўнукаў. Бо ў народзе кажуць: “Піліп дзяцей адзявае”, “У Піліпаўскія ночкі прадуць штаны, сарочкі”.

Сёлета шмат снегу ў Чавусах выпала. Ёсць і такія прыкметы… Калі ў Піліпаўку навісь на дрэвах – к добраму ўраджаю збожжа. Калі добрае надвор’е – такое будзе і на Пятроўку. Калі шмат снегу, марозу, то год будзе багаты. А вось з 17 снежня на Варвару ночы робяцца карацейшыя, а дні – даўжэйшыя. У народзе кажуць: “Варвара ноч урвала”. Калі на Варвару добрае надвор’е, то будзе добры ўраджай ільну. 

У Піліпаўскі пост святкуюць тры святы – Варавара, Сава, Мікола. У гэтыя святы жанчыны не пралі. Збіраліся разам на вячоркі ды спявалі песні, пяклі пірагі з макам. Бо Святая Варвара была замучаная верацёнамі. Гэтыя святы называлі “бабскія”.

У Піліпаўку нельга было жаніцца ці замуж выходзіць. Бо ў гэты час збіраюцца ваўкі ў зграі, робяць вяселлі “ваўчыныя”. А калі маладыя пажэняцца, то будуць дрэнна жыць, “грызціся”, ды сварыцца.

У гэтай беларускай хаце было шмат вышыванак, рушнікоў, посцілак, якія засталіся ад матуль і бабуль. Сярод іх быў і рушнік, які выткала маці Таццяны Іванаўны, а потым яна сама яго вышывала “крыжыкам”. Нам таксама паказалі посцілку, якую выткала свякроўка Галіны. У яе таксама ёсць сямейная гісторыя…

Дзякуючы калектыву “Спадарыня” і працаўнікам культуры, на “Піліпаўскія вячоркі” чавускія жыхары акунуліся ў былы час і адчулі сябе на месцы нашых продкаў ў святочны дзень, а Таццяна Манкевіч паказала майстар-клас як карыстацца пралкай і прасці пражу.